Барана́. Рус., укр. борона́, польск. brona, чэш. brána (brány), в.-луж. bróna, н.-луж. brona, балг. бра́на́, серб.-харв. бра́на, славен. brána і г. д. Прасл. borna (bor‑na) ад асновы *bor‑ (параўн. bor‑zda ’баразна’). Параўноўваюць з лац. forāre ’свярліць’, ст.-в.-ням. borōn ’тс’, грэч. φαρόω ’ару’, φάρω ’расколваю’, лат. beȓzt церці, чысціць’ і да т. п. Гл. Бернекер, 74; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 196–197; Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 43; Махэк₂, 64; БЕР, 1, 74. Параўн. яшчэ Машынкі, Pierw., 74 (спецыфічная сувязь слав. і ст.-грэч. моў). Вельмі няпэўнай (з пункту погляду фанетыкі) з’яўляецца версія Аткупшчыкова, ЭИРЯ, IV, 87–96 (*borna < *bhorgná або *bhorgsná, да лац. frangere разбіваць’).
Баранец ’расліна дзераза, Lycopodium selago L.’ (Кіс.). Рус. бара́не́ц, укр. баране́ць ’Lycopodium complanatum’ («вовча лапа»). Ад бара́н ’баран’. Лісце гэтай расліны пакрытае нібы авечым руном, шэрсцю. Ад баранец, магчыма, утварылася назва бронец (бране́ц), гл.
Барані́ць (БРС, Шат., Касп., Гарэц., Мал., Нас.). Рус. (ст.) (о)борони́ть, укр. борони́ти, польск. bronić, чэш. brániti, ст.-слав. бранити, балг. бра́ня, серб.-харв. бра́ити. Прасл. borniti bornʼǫ ’бараніць’. Вытворнае ад прасл. bornь ’вайна, барацьба, абарона; зброя’ (рус. бо́ронь ’барацьба, перашкода’, ст.-слав. брань ’бітва, бой’, балг. (ст.) бран, серб.-харв. бра̑н (ж.) ’бой’, славен. brȃn (ж.) ’абарона’, чэш. braň ’зброя’, польск. broń ’зброя’ і г. д.), якое паходзіць ад *borti, *borʼǫ ’змагацца’ (гл. бароцца). Фармальна бліжэй да слав. bornь стаіць літ. barnìs сварка, лаянка’ (балта-слав. *barni‑ сварка, барацьба’; Траўтман, 27). Літ-py далей гл. пад баро́цца. Параўн. яшчэ Махэк₂, 64 (дэталёва марфалогія), які, аднак, (там жа, 61) знаходзіць роднаснасць з ірл. fó‑bairim ’нападаць’.
Баранкі, барашкі ’кучаравыя воблакі’ (Інстр. I), бара́нчыкі (БРС). Параўн. укр. баранці́ ’лёгкія хмаркі’, польск. baranki, чэш. beránky ’тс’. Метафарычнае ўжыванне адной з форм слова бара́н 1. Першапачаткова ’кучаравыя хмаркі’ (нагадваюць шэрсць барана).
Барано́ва ’баранеса’. Запазычанне з польск. baronowa (да baron ’барон’).
Бара́нчыкі ’ўключыны ў лодцы’ (Маслен.). Бясспрэчна, вытворнае (семантычна) да бара́н ’баран’. Бараном называюць розныя драўляныя прылады, не толькі вялікія, але пэўнай формы (калодкі і г. д.). Гл. падрабязна Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23.
Баранюхі ’брусніцы’ (Бесар.). Параўн. польск. baraniucha ’талакнянка, мядзведжая ягада, Arctostaphylos L.’ Ад бара́н 1 (гл.), але матывіроўка назвы няясная. Для брусніц падобнае слова, здаецца, не сустракаецца ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што назва выпадковая і перанесеная з нейкай іншай расліны.
Барахло́ (БРС, Нас., Сакал., Сцяшк. МГ, Шат.). Рус. бара́хло́, укр. барахло́. Бел. і ўкр. словы, мабыць, запазычаныя з рус. мовы. Слова не вельмі яснага паходжання. Старая версія пра запазычанне з манг. мовы (ССРЛЯ, I, 275; Рудніцкі, 78; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, V, 73–79) не вельмі пераконвае. Шахматаў (ИОРЯС, 7 (2), 352 і наст.) прапанаваў звязаць з ст.-рус. і дыял. бо́рошень ’дарожныя пажыткі, запасы; скарб і г. д.’ Далей звязваюць з чэш. brašna ’сумка’. Гл. Шанскі, 1, Б, 41. Шавялоў, Prehistory (414) лічыць, што ў слове барахло́ — «а- паўнагалоссе» і параўноўвае з укр. бо́рошно ’мука’. Вельмі няпэўна.