Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бараба́н. Рус. бараба́н. Паходжанне слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Крыніцай можа быць: 1) тат. daraban (адсюль польск. taraban, укр. тарабан; 2) цюрк.: тур., крым.-тат. balaban ’вялікі барабан’. Праабражэнскі, 1, 16; Фасмер, 1, 122–123; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 44. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 37.

Бараба́ншчык. Рус. бараба́нщик. Натуральна гэта слова можна лічыць вытворным ад бараба́н (гл.). Але ёсць думка, што гэта запазычанне з цюрк. *darabančy (ад daraban ’барабан’). Так Залеман (аб гэтым гл. ИОРЯС, 10, 2, 76). Сумняваецца Шанскі, 1, Б, 37 (лічыць, што тут утварэнне суфіксам ‑щик ад бараба́н). Цюрк. версію можа падтрымліваць укр. бараба́нчик ’барабаншчык’.

Барабаны ’рукавы сарочкі з папярочнымі на іх зверху чырвонымі палосамі’ (Шн., 3). Не вельмі ясна. Магчыма, першапачаткова ’шырокія надуўныя рукавы’ (як барабаны). Параўн. таксама стракатую фарбу барабанаў. Цікава, што рус. (разан.) бараба́н — гэта ’папяровы карункавы ўзор’.

Барава́я: б. зямля ’ўрадлівая зямля’ (Шчарб.). Прыметнік баравы́ (ад *borъ ’бор’, гл.). У розных слав. мовах у залежнасці ад характару рэльефу гэты прыметнік азначае або дрэнную, або ўрадлівую зямлю. Рознае значэнне можа быць нават у блізкіх дыялектах. Падрабязна пра гэтую сітуацыю гл. Талстой, Геогр., 41.

Бараві́нка гатунак яблыкаў’ (БРС). Відаць, з рус. борови́нка ’тс’ (лічыцца, што назва ўзнікла ад імя тульскага садавода Бравіна, які вывеў гэты сорт). Гл. Фасмер, 1, 195; Шанскі, 1, Б, 170.

Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Баразні́ць ’блюзніць, вярзці’ (Др.-Падб.), таксама ’баранаваць’. Першае значэнне, бясспрэчна, звязана з другім. Усё да баразна́. Як семантычную паралель гл. баруздзі́ць.

Ба́рак ’ворчык’ (БРС). Укр. ба́рок ’дручок у возе, на які прымацоўваюцца пастронкі’ (з XVIII ст.), рус. дыял. ба́ро́к ’тс’. Запазычанне з польск. bark ’тс’ (таксама ’плячо’), а гэта да прасл. bъrkъ (аб польск. слове гл. Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 27). Параўн. Рудніцкі, 82. Да слав. bъrkъ гл. яшчэ Бернекер, 108. Параўн. абарак (гл.).

Бара́к. Рус. бара́к, укр. бара́к. Запазычанне з франц. baraque ’тс’ (< італ. baracca), падрабязна гл. Шанскі, 1, Б, 38–39.

Бара́н1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.