Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разбазы́раць ’разбэсціцца, зазнацца’ (Шат., Скарбы), ’рабіць, што хацець; не падпарадкоўвацца нікому’ (навагр., ЖНС), ’разбэсціцца, раздурэць’ (Янк. 3), разбазы́рыцца ’распусціцца, стаць самавольным’ (Варл.), разбазырэ́ць, разбузурэ́ць ’раздурыць’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’разбэсціць’ (Сцяшк. Сл.), ’разбэсціць, раздурэць’ (Янк. 3.), разбазы́рыць ’разбэсціць’, разбазы́рэць ’распусціцца: пра свавольнага і непаслухмянага’ (Чач.), розбазу́рыць ’разбэсціць, распусціць’, розбазу́рыцца ’разбэсціцца, распусціцца’ (ТС). Параўн. рус. дыял. разбузы́ритъ, разбузы́нить ’растраціць, прамантачыць (грошы, маёмасць)’. Гл. абазу́рыцца, базу́рны. Іншы пункт погляду на зыходныя формы гл. ЭССЯ, 1, 171, параўн. ЭССЯ, 31, 212 (< *obъzoriti), 225 (< *obzyriti). Магчымы ўплыў палаталізаваных формаў, параўн. бязу́рны ’свавольны’ (Касп.), бязу́ры ’тс’ (Нік., Оч.), якія могуць мець іншае паходжанне.

Разбарані́ць ’суняць бойку’ (Сцяшк.; Гарэц.), розбороні́ць ’тс’ (ТС), разбарані́цца ’разысціся пасля бойкі, спрэчкі’ (Гарэц.). Да раз- і бараніць (гл.).

Разбася́чыцца ’разбэсціцца, распусціцца’ (Паўл.). Утворана ад раз- і бася́к ’нягоднік, свавольнік’ (< босы).

Разба́чываць (разба́чыватсь) ’разглядваць’ (Шпіл.), разба́ченне ’разглядванне’ (Шпіл.). Ад раз- і ба́чыць (гл.)

Разба́яць ’забаўляць’ (Федар.), разба́іваць ’займацца пустымі размовамі’, ’разносіць звесткі аб чым-небудзь’ (Нас.), ’весці размову’ (Бяльк.), разба́іцца ’разгаварыцца’, ’доўга гаварыць’ (Нас.), рус. дыял. разба́ять, разба́ивать ’балбатаць, размаўляць пра пустое’, ’адгаворваць’, ’забаўляць’, ’расхвальваць’, разба́йка ’балбатня, пустаслоўе’. Ад раз- і ба́яць (гл.).

Разбе́жышча ’непачцівае расстанне’ (Паўл.), розбе́жышчэ ’тс’: з велікое любві собаче розбежышчэ (ТС). Ад разбяга́цца ’бегчы ў розныя бакі’ (гл. бе́гчы).

Разбе́рыць ’адрозніць’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’разблытаць’: круцялі разберым (паст., там жа), ’высветліць’: разберыш ты сам (в.-дзв., там жа). Хутчэй за ўсё ад разабра́ць, разбіра́ць (гл.), але прычыны трансфармацыі слова незразумелыя (уплыў літ. ber̃ti ’веяць; сеяць’?).

Разбіва́нка ’амлет’ (лід., Сл. ПЗБ). Утворана ад разбіва́ць (пад увагу узяты спосаб прыгатавання ежы) з дапамогай суфікса ‑анк‑а, як се́чанка ’шаткаваная капуста’.

Разбіндзюга́цца ’пачаць ленавацца, свавольнічаць’ (Нас.). Параўн. біндзюга́нне ’бязмэтнае блуканне’, біндзюгайнік ’той, хто бязмэтна блукае’ (Юрч.), біндзюга́йла ’той, хто швэндаецца, нічым не займаючыся’ (гл.), сюды ж бінды біць ’швэндацца без справы’, што звязваецца з літ. biñde ’гультай’, bìndza ’гультай, абібок’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Сюды ж, магчыма, розбіндова́ць ’адлупцаваць’ (ТС).

Разбіра́ць1 ’разнімаць на састаўныя часткі’, ’сартаваць’ (ТСБМ), ’парадкаваць мясную тушу’ (ТСБМ; трак., дзятл., гарад., Сл. ПЗБ), ’разбураць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’разумець, цяміць’, ’раздзіраць, расскубваць’, ’разнімаць тушу пасля забою’ (ТС). Ад раз- і браць (гл.)

Разбіраць2 ’слаць пасцель’ (ваўк., Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’распранаць’ (ТС), разбіра́цца ’распранацца’ (Сцяшк.), разабра́цца ’распрануцца’ (воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.). З польск. rozbierać ’распранаць’, ’слаць ложак’, rozbierać się ’распранацца’, rozebrać się ’распрануцца’.