Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ню́ні, у выразе распусціць нюні ’расплакацца’ (Сл. ПЗБ), ню́нькі ’плач’: «Нюнькі справив» (Нас.), рус. ню́ни ’губы, слёзы; слюні, смаркачы’, нюнькать ’плакаць’, чэш. ňuňat ’плакаць (у размове з дзецьмі)’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 92; Махэк₂, 402).

Ню́нька ’мордачка (у крата)’ (брэсц., Нар. лекс.), відаць, сюды ж рус. нюни ’губы’. Магчыма, адносіцца да «дзіцячых» слоў тыпу цюця, цюцька ’сабака, сабачка’ і пад. або т. зв. спешчаная форма да нюшка ’мыса’ (ад нюхаць).

Ню́нькі ’самыя раннія вясеннія кветкі, жоўценькія, што растуць у балоцістым месцы’ (Нас.), ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (Кіс.), ’асака’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нюнки ’расліна Sparganium Simplex L. ці Sparganium ramosum L.© рус. нюньки ’расліны Ptarmica vulgaris DC., Sparganium ramosum L., Festuca fluitans, асака Carex L.; расліна накшталт явару; корань чароту’, славен. njünje, njüne, njünke, nunke ’расліны Crokus і Colchicum autumnale’. Відаць, гукапераймальнае, бо некаторыя з гэтых раслін выкарыстоўваюцца ў якасці пішчалак, параўн. рус. смал. нюня, нюнька ’пішчалка з явару’, славен. nunovje ’кара, з якой робяць пішчалкі’, пипа, nunika ’від пішчалкі’, балг. нунунка ’расліна Papaver rhoeas’, нунавец ’расліна Asphodelus albus’, чэш. nunuška ’расліна Carolina acaulis’, параўн. Бязлай, 2, 230. Спроба Бязлая (2, 230; Eseji, 151; Baltistica, 2, 17) вывесці славенскія назвы раслін на падставе славен. očun ’Crokus, Colchicum’ < *of-jan, г. зн. ’зноў малады’, і тым самым nünka — след старой балта-славянскай кантамінацыі паміж літ. jaunas ’малады’ і nauns ’новы’, здаюцца менш пераканальнымі. Параўн. нюні, нюня (гл.).

Ню́ня ’негаваркі чалавек’ (Сл. ПЗБ), ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’сугней (у размове з дзецьмі)’ (ТС), ’плакса’ (Яўс.), ню́нька ’тс’ (Сл. ПЗБ), ’не надта разумны’ (полац., Нар. лекс.), укр. ню́ня ’плакса’, нюня́вий ’плаксівы’, рус. нюня ’разява, мямля, сугней; плаксівая жанчына’, нюня, нюнька ’лялька, пішчалка з явару’ (смал.), польск. niunia, niuńka ’мямля, разява; недацёпа на выгляд’, чэш. ňuma (< ňuňa) ’тс’. Гукапераймальнае, параўн. нюні (гл.) і іншыя т. зв. дзіцячыя словы (Махэк₂, 402).

Нюро́к ’нырок, нырэц’: даць нюрка (варон., Сл. ПЗБ). Гл. нурок; змякчэнне пачатковага н, магчыма, пад уплывам літ. niùrktelėti ’нырнуць’ і пад.

Нюрча́ць ’бурчаць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Магчыма, кантактная кантамінацыя бурчаць × літ. niurnė́ti ’тс’.

Ню́хаўка ’нос, вялікі нос’ (Касп.; в.-дзвін., Шатал., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; клец., Нар. лекс.; астрав., Сл. ПЗБ; лаг., Сл. ЦРБ). Іранічнае ўтварэнне ад ню́хаць (гл.).

Ню́хаць ’успрымаць пах; высочваць, шукаць’ (Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ню́шыты ’тс’ (камян., Сл. ПЗБ), укр. ню́хати, рус. ню́хать, польск. niuchać, чэш. ňuchati, славац. ňuchať, в.-луж. nuchać, н.-луж. nuchaś, славен. njuhati, серб.-харв. њу̏шити, аддзеяслоўны назоўнік њух, балг. дыял. ню́ам, ню́шкам. Прасл. *njuchati, паводле Махэка₂ (402), — вынік экспрэсіўнага змякчэння *nuchati, што мае ў аснове гукаперайманне (параўн, рус. ну́хрить ’мурлыкаць (пра ката)’ і ’нюхаць, вынюхваць, шукаць’), якое можа быць звязана з і.-е. *neu‑(k)s‑, *sneu‑ ’нюхаць, фыркаць’, параўн. гоц. bi‑niuhsjan ’высочваць’, нарв. nuska ’шукаць’, ’пах’, ст.-ісл. nysa ’нюхаць’ і пад. (Коген, Запіскі, 238; Бязлай, 2, 225). Тлумачаць таксама як вынік перараскладання прыставачных утварэнняў з *ǫxati (ст.-слав. ѫхати, польск. wąchać: *sъn‑ǫchati (Фасмер, 3, 93), параўн. знюхацца (Карскі, 1, 325), *vъn‑ǫchati (Скок, 3, 615), параўн. уню́хацца і пад. Гл. таксама Рыкаў, БЕ, 37, 472–474.

Ню́хкацца экспр. ’мець намер’ (нясвіж., Сл. ПЗБ). Няясна.

Ню́хмарка экспр. ’нос’ (маладз., Сл. ЦРБ), параўн. рус. нюхмырить ’шморгаць носам’, нюхмыра ’пра чалавека, што шморгае носам’. Ад нюхаць з няяснай экспрэсіўнай суфіксацыяй.