Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

То́рыць ’хадзьбой, яздой пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Ласт.), ’ісці, накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. тори́ти, торува́ти ’утоптваць, пракладваць дарогу’, рус. тори́ть ’пракладваць баразну, сцежку, дарогу частай хадзьбой’, польск. torować ’тс’, utorować ’пракласці дарогу’, чэш. валаш. tořiť, ляш. torovať se, славац. torovať ’пакідаць след пасля сябе’, харв. чак. tòriti ’загнойваць’, ’выпаражняцца (пра скаціну)’. Прасл. *toriti ’пракладваць дарогу, сцежку’, з якім Буга (Rinkt., 2, 630) звязвае ўсх.-літ. tarýti ’вымаўляць, гаварыць’, літаральна — ’церці языком’; гл. таксама Фасмер, 4, 83. Разглядаецца як ітэратыў ад *terti ’церці’, мажліва, і прасл. *tariti, гл. тары́ць (Варбат, Этимология–1970, 58).

Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).

Тру́днасць ‘цяжкасць’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Ян.), ‘турботы’ (Ласт.), ‘моцны боль’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трудно́сць (trudność) ‘боль (балесць)’ (Варл.), тру́дносць ‘цяжкасць’ (ТС), тру́дност’ ‘цяжкасць, намаганне, клопат’, трудно́сті ‘перашкоды’ (Вруб.), ст.-бел. трудность ‘цяжкасць; перашкода’ (ГСБМ): многа труднасци зададуц (Кітаб Луцкевіча). Адзначана ўкр. тру́дність ‘цяжкасць’, рус. тру́дность ‘тс’ — апошняе разглядаецца як пранікненне ў шэрагу слоў, што ўзніклі ў “литературном языке юго-западной Руси” (Суффикс. словообр., 134), магчыма, пад польскім уплывам, бо найбольш шырока назоўнікі на ‑ость прадстаўлены ў перакладных аповясцях «История о Атыле» і інш. (там жа, 138). Гл. трудны.

Ту́рхаць ‘штурхаць, піхаць, тармашыць’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ту́ркаць, ту́рхацца ‘штурхаць каго-небудзь’ (бярэз., ЛА, 2; Мова Сен.), турха́ць ‘штурхаць, піхаць’ (Касп.), турхну́ць ‘штурхануць’ (чашн., сен., ЛА, 2), турхатня́ ‘таўканіна, тузаніна’ (Ласт.). Параўн. катурхаць (гл.), польск. rozturchany ‘растрапаны’ — адносна апошняга Варбат (Исслед., 64) мяркуе, што яно ўваходзіць у лік славянскіх лексем з анамальным рэфлексам turt (< *tъrt), для якіх магчыма запазычанне з балтыйскіх моў або пераўтварэнне славянскіх формаў пад уплывам роднасных балтыйскіх. Хутчэй за ўсё, да тураць, турыць (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑, якое чаргуецца з ‑к‑, параўн. туркаць ‘штурхаць’. Гл. штурхаць.

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Тра́піць1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffen ’дасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Тало́піцца1 ’тоўпіцца’ (Сцяшк.). Параўн. польск. дыял. tłopić się ’пхацца, ціснуцца, набівацца’, чэш. ‑těloupit se, ‑taloupit se ’ўскокваць; прарывацца’, славац. ťalúpiť sa ’брысці’, серб.-харв. тла́пити ’мроіць, трызніць’, балг. радоп. тлапу́вам ’тс’. Роднаснае тоўпіцца (гл.), далейшыя сувязі з літ. tilpti ’змяшчацца’, дыял. tùlpinti ’змяшчаць, упіхваць; збіраць’, лат. tulpîtiês ’збірацца’, параўн. Брукнер, 572; Махэк₂, 639; Скок, 3, 477 (сербскае слова выводзіць з кла́пити, відаць, беспадстаўна); Дурыданаў, БЛ, 37, 3, 65–70. Гл. яшчэ таўпа і наступнае слова.

Тало́піцца2, тало́піць (талупіць) вочы ’засяроджана глядзець, пазіраць’ (Ласт.). Відаць, да папярэдняга слова, бліжэйшы адпаведнік, што тлумачыць семантыку, польск. дыял. tlopić się ’гвалтам набівацца’. Гл. уталопіцца.

Тары́ф ’устаноўленая сума збораў, аплаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тары́фа ’тс’ (Вруб.), ’спіс тавараў з расцэнкамі’ (Ласт.), ’аплата згодна лічыльніку (у таксі)’: у тарыфе ездзіць (гарад., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарыфъ ’цэннік’ (1711 г., КГС). Запазычана з рус. тари́ф ’тс’ або з польск. taryfa ’тс’, taryf ’тс’; апошнія выводзяць з іт. tariffa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84), сучасныя запазычанні праз рускую з франц. tarif ’тарыф’, якое з італ., ісп. і парт. tarifa ’тс’ < араб. ta‘rîf(a) ’абвяшчэнне (платы)’ < ‘árrafa ’ён абвясціў’. Выводзяць таксама з тапоніма Тарыфа — назва вострава ў Міжземным моры (Фасмер, 4, 24; ЕСУМ, 5, 522; Голуб-Ліер, 477).