Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́ўці ’раўці’ (Нас., Ян.), ’румзаць; спяваць (басам)’ (Мат. Гом.). Укр. ревти ’тс’. Гл. раўці.

Рэ́ўцянь1 ’расліна каля рэчкі з тоўстым пустым у сярэдзіне ствалом’ (Бір. Дзярж.). Па апісанні падобна, што гаворка ідзе пра баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi). Паколькі сок расліны можа выклікаць апёкі скуры чалавека, можна дапусціць паходжанне назвы ад раўці (гл.), параўн. яшчэ рэвоцень ’плакса’. Семантычная паралель у рускай мове: крикун, крыкун ’расліна Cicuta virosa L.’, гэтай раслінай часта атручваюцца буйныя рагатыя жывёлы, беларуская назва шалей (гл. шал).

Рэ́ўцянь2 ’бадзяга’ (Сцяшк. Сл.). Высушаная расліна — народны сродак ад рэўматычных і іншых боляў. Відавочна, ад раўці (гл.), таксама гл. рэўцянь1.

Рэфарма́тар ’той, хто праводзіць рэформу; пераўтваральнік’ (ТСБМ). Ст.-бел. реформаторъ ’прыхільнік кальвінізму’ < польск. reformator < лац. refōrmātor ’пераўтваральнік’ ці непасрэдна з лац. (Булыка, Лекс. запазыч., 173).

Рэфарма́цыя ’правядзенне рэлігійных пераўтварэнняў у духу пратэстантызму’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. реформация ’рэлігійнае пераўтварэнне’ < ст.-польск. reformacyja < лац. refōrmātio ’пераўтварэнне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Рэфера́т ’кароткі выклад якога-небудзь пытання, зместу кнігі’ (ТСБМ). З рус. реферат ’тс’. Ст.-бел. реферацыя ’даклад, справаздача’ < с.-лац. referatio (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Рэфле́ксія ’роздум; аналіз думак, перажыванняў’ (ТСБМ). Паўторнае запазычанне з рус. рефле́ксия ’тс’. Ст.-бел. рефлекцыя ’роздум’ < ст.-польск. refleksyja < лац. reflexio ’думаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 132).

Рэфо́рма ’змена, пераўтварэнне’, ’перабудова’ (ТСБМ). З рус. реформа ’тс’.

Рэх1 ’паласа раллі або сенажаці’ (Яшк.). Гл. прарэх, урэх.

Рэх2 ’ляшчына звычайная’ (маг., Кіс. 41). Гл. арэх.

Рэ́ха ’водгалас, водгук’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Шат.), рэ́хво ’тс’ (ТС). Ст.-бел. ехо ’рэха’ < ст.-польск. echo < лац. ēchō ’водгалас, рэха’ < грэч. ἠχώ (Булыка, Лекс. запазыч., 138).

Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.