Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.
Мтары́каць ’дражніць, перасмейваць, высмейваць’ (Шпіл.). Гукапераймальнае.
Му (з дзіцячай мовы) ’карова’ (ТС). Гукапераймальнае (Смаль–Стоцкі, Прыміт.).
Муа́р ’шаўковая тканіна з разводамі, якія пераліваюцца рознымі адценнямі’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. moire ’тс’.
Му́віць ’гаварыць’ (брасл., ДАБМ, к. 320). З польск. mówić ’тс’.
Мугава ’кадола — вяроўка (каля 250 м), якая прыводзіць невад у рух’ (лепел., Браім). Польск. muga ’тс’, славен. múga паласа, смуга, лінія’. Роднаснае да смуга (гл.). Параўн. лат. smaugs ’тонкі, стройны’, літ. susmáugti ’зацягнуць, зацягваць, сцягваць’, ст.-ісл. smeygja ’прыціскаць, нацягваць’, ст.-грэч. μυχός ’самае аддаленае месца (заліва)’ (Фрэнкель, 841; Бязлай, 2, 205).
Му́гаць ’жэрці’, ’есці, гучна сёрбаючы’ (полац., Янк. 2, Нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. mugóti ’жэрці; хутка, многа есці, запіхваць’. Параўн. таксама ўсх.-польск. mugać ’ссаць, піць’ (Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 345). Лаўчутэ (Балтизмы, 145) адносіць лексему ў разрад слоў, паходжанне якіх аргументавана недастаткова.
*Муглява́ць, муглёваць ’рабіць няспешна, памалу’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. mõglinti ’няўклюдна, павольна цягнуцца, брысці’, mū̃glinti ’ісці, цягнуцца’, mùgulis ’няўклюдны’.
Мугні́ць ’мармытаць’ (ашм., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі лексем гугніць і літ. mū̃kti ’мычаць’.
Муґла́ты ’бязрогі’ (ганц., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі ўкр. му́г̌а ’бугай’ (ЕСУМ, 3, 529) і мылаты (гл.).