Непадле́глы ’незалежны’ (БРС, ТСБМ), непадле́гласць ’незалежнасць, самастойнасць’ (там жа), неподле́глый ’незалежны, свабодны; непадуладны, непадначалены’ (пач. XVI ст., КГС). Хутчэй за ўсё запазычана з польск. niepodległy, niepodległość ’тс’ як юрыдычны тэрмін, чым тлумачыцца адсутнасць у гаворках, параўн. дыял. подлега́ць ’падыходзіць’, подле́гці ’падкаціцца, падлашчыцца’ (ТС) і інш.
◎ Непадчу́жду (ніпадчу́жду) ’недарэчы, кепска, не на карысць’ (Бяльк.). Няясна; незвычайная фанетыка (спалучэнне жд < *dj?) прымушае бачыць у аснове ст.-слав. чюѫдъ, гл. чужы, аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць семантыку.
Непазбы́ўны ’якога цяжка пазбыцца’ (Нас.), непазбы́ўна (Гарэц.). Да пазбыцца ’вызваліцца ад каго- ці чаго-небудзь’.
Непазо́рны (непазо́рный) ’непрыглядны, непрывабны’ (Яруш.). Гл. пазо́рны (позо́рный) ’прыгожы на выгляд’ (Нас.).
◎ Непака́заны ’неймаверна вялікі’ (мядз., Жыв. сл.). Незвычайную семантыку тлумачыць зафіксаванае Насовічам непо‑ кизаный ’неадпаведны, недазволены’, г. зн. ’які нельга нават паказваць’ з пераносам значэння ’які нельга нават сабе ўявіць'
◎ Непака́йна (ніпыкайна) ’без споведзі’ (Бяльк.). Да пакаяцца, каяцца (гл.).
Непакаля́ны (непокаля́ны) ’незабруджаны, незапэцканы’ (Арх. ТС). Да пакалі́ць ’забрудзіць, запэцкаць; вымазаць’. Меркаванне Булыкі (Лекс. запазыч., 134) пра запазычанне ст.-бел. непокаляный (непокаланный, непоколяный) ’незаплямлены; бязгрэшны’ (1598) са ст.-польск. niepokalany ’тс’ грунтуецца, відавочна, на прыналежнасці да царкоўнай тэрміналогіі (параўн. niepokalane zaczęcie ’бязгрэшнае зачацце’ Брукнер, 214), аднясенні да польск. kał ’бруд, гразь’ і акцэнталагічных асаблівасцях слова, што, аднак, нельга лічыць дастаткова доказным: зыходны дзеяслоў калі́ць (каля́ць) ’мазаць, пэцкаць’ (гл.), з якога выводзіцца значэнне старабеларускага слова, мае праславянскі характар, а шырокае ўжыванне дзеяслова пакалі́ць (пакаля́ць) у народнай мове, у тым ліку і ў архаічных палескіх гаворках, якія дэманструюць значную ўстойлівасць у адносінах да польскіх запазычанняў, не дае падстаў прыняць выказанае меркаванне.
◎ *Непале́так, нэполітоп ’неўраджай, няўрод’ (брэсц., Нар. лекс.). Відаць, да палётай (гл.), аднак матывацыя застаецца нявысветленай.
Непамысло́та ’непрыемнасць’ (Сцяшк.), сюды ж niepamysnaść, nipamysłaść ’неспакой, устурбаванасць’ (Варл.), непамы́снасць, непамы́сносць ’непрыемнасць’ (Сл. ПЗБ). Утворана ад непамы́слны ’неадпаведны думцы, намеру, жаданню’ (Нас.), што, відаць, магло быць запазычана з польск. niepomyślny ’няўдалы, неспрыяльны’ (гл. Сл. ПЗБ); пра гэта сведчыць перш за ўсё фанетыка і лінгвагеаграфія — словы фіксуюцца пераважна на захадзе беларускай моўнай тэрыторыі; адзінкавае рус. кастрам. непомыс́ленный ’такі, які не падабаецца, не па душы’ можна разглядаць як самастойнае ўтварэнне са спалучэння *не по мысли ’не так, як думалася, меркавалася, хацелася’. Параўн. наўмысля, наўмысна (гл.).
◎ Непанёмісты ’някемлівы’ (Касп.). Мясцовае ўтварэнне ад панімаць ’разумець, кеміць’.