Наказлава́цца экспр. ’наванітаваць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Гл. казлаваць ’ванітаваць’, казлы 12 (у выразе казлы драць).
*Наказна́ць, накэзнаты ’закілзаць (каня)’ (брэсц., Нар. лекс.). Калі гэта не пераробка з кілзаць, то хутчэй за ўсё можа быць аднесена да *kazrib, параўн. польск. kazń ’пакаранне’, гл. казна́, асяніць.
*Наказу́біцца, накозу́бытыся ’натапырыцца, надзьмуцца, пакрыўдзіцца’ (пін., столін., Нар. лекс.), накозубытысь ’тс’, накозубленый ’насуплены’ (Клімч.), накозобіцца ’надзьмуцца, насупіцца’ (ТС). Параўн. тураўск. козубом стаць ’натапырыцца, запярэчыць, заўпарціцца’, ад козуб ’вялікі кошык з кары’.
На́калеска ’планка, якая змацоўвае капылы саней’ (Сл. ПЗБ), накалесніцы ’намесніцы, намаразні, плашкі, што насаджваюцца на капылы для звязкі’, накылісьніцы ’тс’ (Бяльк.). Хутчэй за ўсё з *на‑колес‑ка, да калясо, кола (гл.), параўн. рус. на́клеска, наклеска, наклёска, якое побач са значэннем, аналагічным беларускаму слову, мае іншае, якое можна лічыць першасным: ’верхні падоўжны брус у возе, што злучае заднюю вось з пярэдняй’ (СРНГ), параўн. і больш празрыстае этымалагічна наколеска, наколёска ’тс’.
Накале́снік ’воз (сена)’ (жытк., Мат. Гом.), рус. уральск. наколёсник ’невялікі воз (сена)’. Да калёсы ’воз’, параўн. каляснік ’воз (сена і інш.)’, літаральна ’колькі змяшчаецца на калёсы’, тая ж мадэль — навільнік ’колькасць чаго-небудзь, што змяшчаецца на вілы, можна ўзяць на вілы’ і пад.
На́калле ’ўсё, што ёсць навакол’ (Яўс.). Відаць, з наокол‑ье, гл. вокал, навокал, са сцягнутым двайным а (другое, у выніку акання з о).
Накалпа́к ’вузлом на патыліцы (пра манеру завязваць хустку)’ (Сцяшк. Сл., маладз., Янк. Мат.), нъкалпык ’тс’ (міёр., Нар. сл.), накалпа́к ’абы-як (завязваць хустку)’ (Жд. 2). Да каўпак ’высокая шапка’ (гл.), захаванне л пасля галоснага сведчыць аб параўнальна новым запазычанні з цюрк. (рым.-тат.?) kalpak ’шапка’.
Накалтані́ць ’убіць, удзяўбці’: трэба яму добра накалтаніць у голаду. Запіс Грынавяцкене, якая лічыць слова балтызмам, суадносным з літ. į‑kálti ’тс’ (Lietuvių kalbotyros klausimai, XXII, 188); хутчэй мясцовае ўтварэнне на базе літ. kalti ’тс’.
На́кальны ’упарты, свавольнік, разбэшчаны, дураслівы, непаслухмяны (пераважна пра дзяцей падросткаў)’ (бялын., Янк. 3.). З *на‑коль‑ны, да кол, г. зн. ’варты, каб пасадзіць яго на кол’, параўн. накольнік (гл.).
◎ *Нака́мкаваць, нака́мкуваты ’скардзіцца на хваробу, боль’ (Клімч.). Да ка́мкаты ’квакаць (пра лягушку); скардзіцца, ныць’, хутчэй за ўсё гукапераймальнае.