Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Навурзня́ ’непаваротлівы пузаты чалавек’ (полац., Нар. лекс.). Відаць, ад наву́рзацца ’наесціся многа, насёрбацца’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй, параўн. мазгаўня і пад.

Навуры́цца, набурыцца экспр. ’наесціся’ (ушац., полац., Нар. лекс.; мядз., Жд. 2). Ад бурыць ’апетытна есці, гучна сёрбаючы’ (гл.).

Навучыце́лька ’настаўніца’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Запазычанне з польск. nauczycielka ’тс’, пра што сведчыць перш за ўсё націск на другім складзе ад канца слова.

Навучы́ць ’навучыць, вывучыць’, наву́чка ’навука, вывучка’ (Бяльк.). Да вучы́ць (гл.).

Навучэ́нец ’вучань старшых класаў, слухач сярэдніх навучальных устаноў’ (ТСБМ). Наватвор 30‑х гадоў для перадачы рус. учащийся; упершыню ўведзена ў норму РБС–53 (гл. Лужанін у зб. Слова наша роднае. Мн., 1986, 97), аўтарства прыпісваецца П. Глебку (Маладосць, 1981, 9, 172; Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989, 219). Ад навуча́цца ’праходзіць курс навучання’, што ў сваю чаргу калькуе рус. обуча́ться ’тс’, якое належыць да сферы канцылярска-адміністрацыйнай лексікі.

Наву́шнік ’вуха ў шапцы-вушанцы; спецыяльнае прыстасаванне для аховы вушэй ад холаду; прылада, якая надзяваецца на вушы для праслухоўвання гукаперадач і гуказапісаў’ (ТСБМ). Усходнеславянскае ўтварэнне ад вуха (ухо), параўн. рус. наушник, укр. наушник ’тс’; падобныя незалежныя ўтварэнні вядомы ў многіх славянскіх мовах, параўн., напрыклад, в.-луж. nawušnik ’завушніца’ і г. д.

Наву́шніца ’шапка-вушанка’ (акцябр., Мат. Гом.). Відаць, мясцовы наватвор ’шапка, што адзяваецца на вушы, закрывае іх’, параўн., аднак, рус. пск. наушница ’тс’, што можа сведчыць аб адноснай старажытнасці слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі.

Навушча́ць ’падбухторваць’ (калінк., Арх. ГУ). Укр. науща́ти ’навучаць, настаўляць; падгаворваць, падбухторваць’, рус. науща́ть ’падбухторваць’; усе са спалучэння на+усти (Фасмер, 3, 49), гл. вуста, што добра відаць у формах закончанага трывання: ст.-рус. наустити, рус. наустить ’угаварыць, падбухторыць’, укр. наусти́ти ’падвучыць, падбухторыць’, семантычнае развіццё, відаць, ад ’пастаянна мець на вуснах’ — ’угаворваць’, як у рус. внушать ’намаўляць’, літаральна ’ўкладваць у вушы’. Не выключана сувязь з вуськаць ’падбухторваць; цкаваць’ (Яўс.), якое выводзяць з вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’ (што ў сваю чаргу з кусь ’тс’, гл. ЭСБМ, 2, 234) ці рус. науськать ’намовіць; паслаць’, якое Фасмер (там жа) лічыць расшырэннем з наустить; блізкасць беларускага і рускага слоў прымушае не пагадзіцца з апошнім меркаваннем, хутчэй за ўсё гэта другаснае збліжэнне, таксама як і збліжэнне з навучаць, што паўплывалі на семантыку слова. Роднаснае літ. äuscioti ’балбатаць, шаптаць’∼прасл. *ustjati, гл. Трубачоў, Проспект, 36; Мартынаў, Лекс. Палесся, 14.

Навы́глыд ’наадварот’ (Бяльк.): а ты ўсё навыглыд дзелыіш. Няясна. Магчыма, недакладнае тлумачэнне значэння, бо кантэкст дапускае і іншае разуменне слова: ’для выгляду, для блізіру’; тады хутчэй за ўсё з на+выгляд.

Навы́дла ’падобна, накшталт’ (Гарэц.), параўн. рус. смал. наудла ’тс’: Рыба наудла змеи (СРНГ). Няясна, другая частка слова вельмі падобна да заканчэння слова наводле ’па’ (гл.), якое ўтворана пры дапамозе прыназоўніка на- і -водле, што ўзыходзіць да агульнаслав. vodle/vodli (< i‑dьl‑/‑dьlg‑), гл. доўгі (ESSJ SG, 2, 203, 265); тады на + (в)одле з фанетычнымі пераўтварэннямі, характэрнымі для гаворак усходу Беларусі. Параўн. навідлуг.