◎ Ны́хтарыць ’капацца, шукаць’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, звязана з нюхаць (гл.), параўн. нюхцёць ’нюхаючы, вышукоўваць што-небудзь’ (Некр.), а таксама рус. ныхорить ’выглядваць, вышукваць’, ных‑ных ’слова, якім падманьваюць сабак’.
◎ Ны́цкаць ’наракаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Відаць, да ныць (гл.).
Ныць ’тупа балець; надакучліва гаварыць, скардзіцца; марнець, чахнуць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нудзіцца, знемагаць’ (Нас., Яруш., Гарэц., Пятк. 2), ’усмажвацца (пра грыбы)’, укр. ни́ти, рус. ныть, польск. дыял. nuć, чэш. nýti, славац. nuť. Чаргуецца з чэш. unaviti ’умарыць’, гл. навец, параўн. *baviti: *byti, на падставе чаго рэканструюецца прасл. *nyti ’знемагаць, нудзіцца’, *naviti ’стамляць’ (узыходзіць да і.-е. гнязда *nau‑/*nəu‑/*nū‑), параўн. літ. nõvyti ’мучыць, марыць, прыгнятаць’, лат. nāvêt, nāvît ’стаміць’, ст.-прус. nowis ’пень’, гоц. naus ’нябошчык’, ст.-ісл. nár ’тс’ і пад (Фасмер, 3, 92; Бязлай, 2, 216; Варбат, Этимология–1973, 31).
Ны́шпарыць, ну́шпарыць ’шукаць чаго-небудзь; вышукоўваць, дазнавацца’ (Касп., Сцяшк. Сл.), укр. ни́шпорити ’шнарыць, шукаць’, рус. нышпарить ’крыючыся, выглядваць, вышукваць што-небудзь’. Гл. шны́парыць.
◎ Нэ ’но, пайшоў (паганянне каня)’ (Бяльк., Гарэц., Касп.), рус. варонеж., пск. нэ ’тс’. Відаць, экспрэсіўна дэфармаванае но ’тс’.
◎ Нэ́бнуць ’ударыць, стукнуць’ (вілейск., Нар. сл.). Няясна. Параўн. намнуць ’тс’, гл. палаць.
◎ Нэ́г̌ер ’негр’ (гродз., Сл. ПЗБ). Запазычанне беларуска-літоўскай кантактнай зоны: фанетычны воблік слова дапускае ўплыў на зыходную форму негр (гл.) літ. negras ’тс’ і negeras ’нядобры, дрэнны’.
◎ Нэ́маць ’красці, паціху браць’, намнуць ’украсці, паціху ўзяць’ (Нас.). Паводле Насовіча, запазычана з ням. nehmen ’браць’, згодна з пазнейшым удакладненнем Карскага, праз яўр. (ідыш). Відаць, сюды ж гродз. Умнуць ’прапасці’ (Сцяшк. Сл.), праз стадыю намнуты (намнутый) ’украдзены’ (Нас.), г. зн. ’прапаўшы’.
Нэ́ндза ’нуда; ныцік; пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ, Цых.), ’худы, знясілены чалавек’ (камян., Жыв. сл.), нэ́нджа ’пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ), нэ́нза ’нуда, ныцік, плакса’ (Сл. ПЗБ), нэ́нда ’нуда’ (Сл. ЦРБ), не́нза ’клопат, турботы’ (ТС), ст.-бел. нендза, надза, недза (1580 г.). Запазычана са ст.-польск. nędza ’беднасць; нядоля; бядняк’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78); магчыма, шматразовае запазычанне ў больш позні час і семантычны ўплыў з боку нуда́ (гл.). Сюды ж нэ́ндзны ’дробны’ (Сл. ПЗБ), нэ́нзны ’дрэнны, мізэрны’ (Крыў., Дзіс.) (польск. nędzny ’варты жалю, убогі, мізэрны’), нэ́нзлы ’пераборлівы’, нэндзлы ’плаксівы’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нэ́ндзіцца ’капрызіць’ (Сл. ПЗБ).
◎ Нэ́нька ’калыска (толькі вісячая)’ (брэсц., Нар. лекс.). Гл. ненька ’тс’.