Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мушту́к, мушты́к ’невялікая трубачка, у якую устаўляюцца папяросы, цыгарэты’, ’цыбук’, ’амбушур духавога інструмента’ (ТСБМ; стаўбц., З нар. сл.; карэліц., Жыв. сл.; навагр., Нар. словатв.). З польск. musztuk, munsztuk ’тс’, якія з ням. Mundstück ’тс’. Націск паводле рус. мундштук.

Мушчы́зна ’мужчына вялікага росту’ (Нас.). Кантамінаванае ўтварэнне з лексем мужчына і вялізны. Не выключана пераасэнсаванне паланізму мужчызна (< польск. mężczyzna) (параўн. ст.-бел. мужчизна, мужечизна, музчизна, музчызна, мущизна).

Мушы́на, мушы́нка ’асобная чарка гарэлкі’ (Нікіф., Посл., 2). Да му́ха (гл.). Узнікла з фразеалагізмаў: быць пад мухай, рэзаць (біць, давіць) муху.

Мхе́нішча ’месца, дзе расце мох’ (Нас.), ’месца, дзе ляжаў мох’ (слаўг., Яшк.). Відаць, не вельмі старое ўтварэнне ад прыметніка мъх‑ѣнъ ’імшаны’ (не адбыўся пераход х > ш). Да мох (гл.).

Мцяй ’непаваротлівы, гарбатаваты’ (Шпіл.). Не зусім ясна. Магчыма да ля́мця (гл.). Суфікс паводле гультай.

Мша ’імша, абедня’ (мін., Шн.; Касп., Яруш.), ст.-бел. мша, имша (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. msza, якое са ст.-чэш. mše < ст.-в.-ням. missa, mëssa < лац. missa ’набажэнства’ (Міклашыч, 209; Голуб-Копечны, 234; Фасмер, 3, 22; Булыка, Лекс. запазыч., 183). Гл. ме́са.

Мшані́к 1 ’махавік зялёны — заечы баравік, Xerocomus subtomentosus’ (уздз., Нар. словатв.), мшар, імшар, міша́рык, мша́рык ’тс’ (пін., Жыв. сл.), ’махавік, Suillus variegatus’ (стол., Нар. лекс. і Жыв. сл.; пруж., Нар. словатв.). Да мша́ны, імша́ра < мох (гл.). Гл. таксама імша́рнік.

Мша́нік 2 ’месца, дзе зімой стаялі вуллі з пчоламі’ (паўд.-усх., КЭС). Да імшанік (гл.).

Мша́ра, мша́рынне, мша́рышча ’балотнае месца, дзе расце мох ці купіны’ (слаўг., Яшк.; Нас.), мша́рысты ’балоцісты, парослы мохам’, ’кучаравы (аб свойскай скаціне)’ (Нас.), мша́рнік ’месца, парослае мохам’ (усх.-палес., Талст.), слаўг. мша́рня ’тс’ (Яшк.). Рус. пск., цвяр., смал., кастр. мша́ра, зах. і паўн. мша́рина, мшари́на, ярасл. мша́рище, арх. мша́ристый ’тс’. Усх.-бел.-рус. ізалексы (Макіенка, Бел. лекс., 108). Да імша́ра < мох (гл.).

Мша́ры ’цёмна-гняды (аб масці каня)’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас.). Польск. muszaty koń ’конь бурай масці’. Да му́ха (гл.).

Мшыць 1 ’закладваць мох між бярвенняў’ (красл., Сл. ПЗБ; ТС), мшы́ты ’перасцілаць і запакоўваць посуд на возе’ (Вярэн.), зах.-укр. мшити ’канапаціць мохам’, рус. мшить ’тс’, кастрам. ’перасцілаць і пакаваць посуд на возе’. Да імшыць 1.

Мшыць 2, мшы́ты, мшы́цца ’пакрывацца тонкімі валаскамі (пры тканні), касмаціцца’, мшы́сты ’калматы, касматы’ (ТС; драг., жытк., лельч., Уладз.), рус. валаг. мши́ться ’зношвацца, рабіцца анучай, акраўкамі’. Да мох ’пух, пушок (на целе), воўна, валокны’, махнаты ’касматы’.