Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мушка́рыць ’муштраваць’ (мсцісл., Юрч. — Полымя, 7, 1987), мушке́рыць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. вяц., валаг. мушка́рить ’тс’, ’выхоўваючы, сурова караць’, якое (пры ад’ідэацыі мушка́рь ’вялікі драўляны молат’) з му́шкель ’тс’ < гал. moskuil ’тс’ (пра апошняе гл. Фасмер, 3, 20).

Мушка́т ’хатняя кветка мушкат’ (Бяльк.), відаць, пеларгонія духмяная, Pelargonium graveolens. Названа так паводле падабенства лістоў. Тое ж і ў чэш. мове: muškát ’пеларгонія’ (Махэк, Jména, 108).

Мушкатовы ’мускатны’ (Нас.). Да муска́т (гл.).

Мушкаты́р ’неспакойны, адчайны чалавек’ (Федар. 4). У выніку пераносу семантыкі з ⁺мушке́тыр, якое з польск. muszkietyr ’салдат, узброены мушкетам’. Да мушке́т (гл.).

Мушке́т 1 ’старажытнае буйнакалібернае ружжо з кнотам для запальвання замка’ (ТСБМ, БелСЭ), ’самаробны пісталет’ (Бяльк.). Сучасная форма з рус. мушкет ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 86). Аднак ст.-бел. мушкетъ ’тс’ (1616 г.) запазычана са ст.-польск. muszkiet, якое з франц. mousquet ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 69).

Мушке́т 2 ’бузіна, Sambucus L.’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, ад мушкат, мускат (ст.-бел. мушкатела ’сорт віна і вінаграду’) паводле падабенства (ягады, колер?).

Мушмула́ ’пладовае дрэва Mespilus germanica’ (ТСБМ). Праз рус. мову з тур. muşmula ’тс’.

Мушні́к ’талакнянка ’звычайная, Arctostaphylos Adans. uva-ursi Spreng.’ (воран., Сл. ПЗБ). З мучні́к. Да муча́н (гл.).

Мушта́рда ’гарчыца’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). З польск. musztarda ’тс’.

Муштр, муштра́ ’ваеннае навучанне, заснаванае на механічнай дысцыпліне і завучванні прыёмаў ваеннай справы’, му́штры ’прыдзіркі, празмерныя патрабаванні’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк.), муштроўны ’задзірысты’ (дзятл.), муштроўна ’наўмысна’ (іўеў., Сл. ПЗБ), муштрава́ць, муштрува́ць ’выхоўваць, навучаць залішне строга’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.), муштроўка ’працэс навучання маладога паляўнічага сабакі’ (Інстр. III). З польск. musztra, mustra, muster і musztrować ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 152; Кюнэ, Poln., 79; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 91), якія з ням. Muster ’узор’, mustern ’рабіць агляд’ < італ. mostra < с.-лац. monstra ’паказ, дэманстрацыя’ (Праабражэнскі, 1, 573; Варш. сл., 2, 1075; Фасмер, 3, 21).

Муштрукі́ ’цуглі’ (беласт., Сл. ПЗБ), лід., шальч., лях. мушту́к, мушты́к ’тс’ (там жа). Да мушту́к (гл.). Устаўное ‑р‑.