Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мней ’менш’, мне́йшы ’меншы’, ’маладзейшы’ (воран., Шатал.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. мней ’менш’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mniej ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч.; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 73).

Мнец ’мяльшчык ільну ці канапель’ (Нас.), укр. мнець ’кажамяка’, славен. menèc ’крупадзёр’, ’алейнік’. Прасл. mьnьcь, якому поўнасцю адпавядае ст.-прус. mynix ’дубільшчык, гарбар’, літ. minìkas ’мяльшчык’ (Трубачоў, Проспект, 62–63).

Мнець ’разагравацца і расслабляцца (аб паветры)’ (ТС). Да млець (гл.). Мена лʼ > нʼ.

Мне́я ’жанчына, якая трэ лён’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 73), з літ. mynė́ja ’тс’.

Мніх ’манах’ (ТСБМ), рус. мних, ст.-рус. мнихъ, мьнихъ, ст.-слав. мънихъ ’тс’. Укр. харк. мни́ха ’вялы, непаваротлівы чалавек’, польск., в.-луж., чэш. mnich, н.-луж. mich, славац. mních, славен. mnìh, mɘníh ’манах’, серб.-харв. mnih, якія са ст.-в.-ням. munih < нар.-лац. monicus < с.-грэч. μοναχός < ст.-грэч. μοναχῇ, μοναχοῡ ’у адным толькі месцы’ (Фасмер, 2, 633; Брукнер, 341; Махэк₂, 370; Бязлай, 2, 177; ЕСУМ, 3, 490).

Мні́хи ’страва з падсалоджанага малака і пакрышанай булкі (пшанічных каржоў)’ (слонім., Жыв. сл.), мні́шкі, мны́шкі ’сырнікі, запечаныя ў макотры’ (Растарг.). Укр. мни́шки ’звараныя сырнікі’. Да мяць (гл.). Аб суфіксе ‑ixъ гл. Слаўскі, SP, 11, 73.

Мні́цельны ’недаверлівы, беспрычынна падазроны’ (ТСБМ). Да рус. мнительный ’тс’, якое з рус. мнить, ст.-рус. мьнѣти, ст.-слав. мьнѣти і г. д. Прасл. mьněti, роднаснае да літ. minė́ti ’ўспамінаць’, ст.-прус. minisnan ’памяць’, ст.-інд. mányatē, manutḗ ’думае’, ст.-грэч. μέμονα, лац. meminī ’ўспамінаю’. Ст.-слав. мѣнити ’згадваць, успамінаць’, славен. méniti, ст.-чэш. mieniti, польск. mienić, аднак, з’яўляюцца роднаснымі да ст.-в.-ням., с.-в.-ням. meinen ’думаць, меркаваць’ (Фасмер, 2, 633).

Мні́шка ’рымска-каталіцкая манахіня’ (Нас.), ’нерашучая асоба’ (капыл., Жыв. сл.). З польск. mniszka ’манахіня’ (Кюнэ, Poln., 77).

Многа, мно́го, драг. мны́го ’шмат; больш, чым патрэбна, лішне’, ’часта, значна’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ); а таксама ’многае, многія’ (ТСБМ). Ст.-бел. многый ’вялікі, істотны, сур’ёзны, моцны’, многые, многи (мн. л.) ’шматразовы, шматлікі’. Укр. мно́го, рус. мно́го, мно́гий, ст.-рус. много, многий, мъногый, польск. mnogo, mnogi, н.-луж. m(ł)ogi, чэш., славац. mnoho, mnohý, славен. mnógo, mnȏg, vnogo, серб.-харв. мно̑г, мно̏го, mnógo, mlogo, макед. многу, балг. много, ст.-слав. м(ъ)ного, м(ъ)ногъ, м(ъ)ножити. Прасл. mъnogo, mъnogъ, якое супастаўляецца з гоц. manags ’шматлікі’, ст.-в.-ням. manag ’іншы, некаторы’, ст.-ірл. menice ’часты, шматлікі’ (Фасмер, 2, 633–634). Насуперак шматлікім аўтарам Бязлай (2, 190) не адносіць сюды літ. minià ’натоўп’ і, як і Фасмер, адмаўляе герм. паходжанне прасл. лексем. Ён зыходзіць з і.-е. *men(e)gh‑/*mn̥gh‑: ст.-інд. *magha‑ ’падарунак’ (гл. Майргофер, 2, 546); Махэк₂ (370) яшчэ супастаўляе з лац. magnus, ст.-грэч. μέγασ ’вялікі’, хец. mekki ’шматлікі’.

Множнік ’лік, на які множыцца іншы лік’ (ТСБМ). З польск. mnożnik ’тс’, запазычанага ў 20‑я гады, а не калька з рус. множитель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 118).