Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Ме́рхаць, ме́рхоть ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (паўд.-усх., Бел.-рус. ізал.). З укр. мовы. Параўн. мо́рхлий ’зморшчаны’, моршо́к ’маршчына’, ме́рхнути ’гаснуць, губіць бляск’, ’жухнуць’. Да моршчыцца (гл.). Параўн. таксама ЕСУМ, 3, 518.

Мерці, мерць ’гінуць, паміраць’ (ТСБМ, Нас., Растарг., ТС), віл. мярці́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. ме́рти, польск. mrzeć (< mier‑ć), чэш. mříti, ст.-чэш. mřieti, umierati, а ў іншых слав. мовах з ‑і‑ (бел. паміраць, рус. умирать, славен. umírati і інш.). Да прасл. mer‑ti, аснова якога mer‑ чаргуецца з mьr‑ і mor‑ (Махэк₂, 382; Брукнер, 346–347).

Ме́рэч ’гушчар’ (ТС). Да мярэча (гл.).

Ме́са ’імша’ (ТСБМ). Праз рус. мову запазычана з франц. messe ’імша, абедня’, якое з лац. missa ’пасыланне, даручэнне’ < mittere (дзеепрым. missus ’паслаць’, паводле слоў ксяндза, у канцы месы: ite, missa est ’ідзіце, канец абраду’ або ’ахвяра (пры імшы) ужо паслана (богу)’ (Голуб-Ліер, 324).

Месёнчны ’месячны’ (віл., Сл. ПЗБ). З польск. miesięczny ’тс’ (Мацкевіч, там жа, 3, 59). Карэннае ‑ё‑ з польск. miesiąc [mʼesionc] ’месяц’.

Ме́сік, ме́сяк, ме́сяка, ме́сячка ’месяц (на небе)’ (Нас., Яруш., Бяльк., Растарг., Мат. Гом., Ян., Нар. Гом., жлоб., Нар. словатв., горац., КЭС), смал., пск. ме́сик, ме́сяк. Усх.-бел.зах.-рус. ізалекса. Да ме́сяц (гл.). Суфіксы ‑ік, ‑як надаюць памяншальна-ласкальнае значэнне і, магчыма, з’яўляюцца рэліктамі табуістычнага значэння (задобрывання свяціла).

Месі́я ’пасланец бога, які павінен прыйсці на зямлю і выратаваць род чалавечы ад пакут’ (ТСБМ). Яшчэ ст.-рус. мессия, месия ’тс’ (XII ст.), ст.-бел. месия (XV ст.). Форма месіяш ’тс’ (Нас.), ст.-бел. месияшъ, месиашъ, мессияшъ, месыашъ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mesyjasz ’месія’, якое праз лац. messīas ад ст.-яўр. māsziāh ’памазаны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Ме́скасць ’гарадское палажэнне, спосаб жыцця’ (Нас.). Беларускае. Відаць, штучнае ўтварэнне ад мескі ’гарадскі’ < ст.-рус. мѣский < мѣстский < мѣсто ’горад’.

Ме́скі1, ме́ські ’гарадскі’ (Бяльк.), ’местачковы’ (ТС). Ст.-рус. мѣский ’тс’, якое з мѣстский (XVI ст.). Да ме́ста1 (гл.).

Ме́скі2 ’здобны, пышны (аб пірагу)’ (Нар. Гом.). З польск. miejski ’гарадскі’ (якое са ст.-польск. mieśćki) у словазлучэнні chleb miejski ’хлеб з пшанічнай мукі, пытляванай не да канца’.

Ме́снасць ’мясцовасць’ (Ян.). З рус. ме́стность ’тс’.