Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мі́лаваць ’дараваць віну’, ’шкадаваць’, гіст. ’выказваць увагу, любіць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Яруш., Растарг.), ’спачуваць і дапамагаць бедным, няшчасным і пакрыўджаным’ (КЭС, лаг.). Са ст.-рус. (праз рус. мову) миловати ’дараваць, выказваць ласку’, якое да прасл. milovati. Гл. мі́лы. Жураўскі (SlOr, 10 (1), 1961, 40) памылкова выводзіць ст.-бел. миловати са ст.-польск. miłować się.

Мілагу́чны ’прыемны на слых’ (ТСБМ). Наватвор У. Дубоўкі (Каўрус, ЛіМ, 11.3.1988, 6). Магчыма, паводле польск. miłodźwięk ’гармонія’ — калькай з н.-грэч. εὐφονία ’тс’.

Мі́ласлівы ’міласэрны’ (Нас., Шат., Касп.), ’міласцівы, ласкавы’ (Ян.), рус. ми́лосливый ’тс’. Бел.-рус. ізалекса (з суфіксам ‑л‑).

Мі́ласцівы ’прыхільны, паблажлівы, літасцівы’ (ТСБМ; КЭС, лаг.). Да ст.-слав. милостивъ ’тс’ (Цэйтлін, Лекс. ст.-слав. яз., 169), якое з милость ’міласць, добрыя, велікадушныя адносіны’, ’ахвяраванне, дар’ < милъ > мі́лы (гл.).

Мі́ласціна ’ахвяраванне жабраку, бедняку’ (ТСБМ), мі́ласьціня ’тс’ (Янк. 2, Нас.), мі́лостына, мі́лосціна ’тс’ (ТС). Агульнапаўд.-слав. milostynʼi ’літасцівасць, міласэрнасць’, ’міласціна, міласць’, якое наслаілася на ўжо існаваўшае milostь з такімі ж значэннямі, ад якога і ўтварылася пры дапамозе суфікса ‑ynʼi. Ва ўсх.-слав. мовах ст.-слав. милостын̑и змяшалася з назоўнікамі на ‑ina (Слаўскі, SP, 1, 140; Цэйтлін, Лекс. ст.-слав. яз., 164, 177).

Міласэрдны ’міласэрны’ (смарг., гродз., Сл. ПЗБ). Укр. милосе́рд(н)ий, рус. милосе́рдный, польск. miłosierny, чэш. milosrdný, славац. milosrdný, ст.-слав. милосьрдъ, прасл. milosьrdъ (пазней milosьrdьnъ) — калька заходняга паходжання: з лац. misericors (misericordia) ’міласэрнасць’ або са ст.-в.-ням. armiherzida, гоц. armahairts, ст.-в.-ням. armaherzí (Мее, 233; Гебаўэр, 2, 361; Фасмер, 2, 621; Тумбах, WSl, 14, 1969, 351–353). Пра запазычанне ст.-польск. miłosirdy са ст.-лац. гл. Сяткоўскі, БЕ, 31, 1981 (5), 407.

Мілата́, мілыта́ ’чароўнасць, прыгажосць, абаянне’ (ТСБМ, Бяльк.; ст.-дар., Жыв. сл.), ’пра захапленне, зачараванне’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’добра, прыемна’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Да прасл. milota. Гл. мі́лы. Сюды ж мілоцця ’любата, прыгажосць’ (Крыў., Дзіс.) < milotьje.

Мілёр ’вугаль для кузні’ (Ян.), мі́ляр ’доўгі капец дрэва, закрытага зямлёй, з якога выпальвалі дрэўны вугаль’ (усх.-палес., Лучыц-Федарэц), мазыр. мулёры ’печ, у якой выпальвалі дрэўны вугаль’ (Іванова, «Рэгіян. традыцыі ва ўсх.-слав. мовах…», Гомель, 1980). З польск. mielerz, milerz ’касцёр бярозавых дроў, які выпальвалі ў яме’ (> прозвішча Мележ). Параўн. таксама чэш., miliž, славац. mila (< ням. Meiler), якое з лац. mīliārium ’тысяча кавалкаў, напр., пален’ — адзінка ліку (Махэк₂, 363). Гл. таксама мы́ляр.

Мілісці́н ’від тканіны’ (рагач., Мат. Гом.). З малескін ’вельмі шчыльная баваўняная тканіна’ — праз рус. молескин з англ. moleskin ’футра крата’.

Мілі́ца ’зараснік азёрнага сіту Juncus L.’ (дзісн., Яшк.). З с.-лац. назвы milica, melica ’даволі рослая трава з роду Sorghum у паўд.-еўр. краінах’ < лац. milium ’проса’, роднаснага да ст.-грэч. μελίνη ’проса’. Трубачоў (Серболуж. лингв, сб. Даклад V з’езду славістаў, 181) на падставе в.- і н.-луж. wódna mil ’стрэлкаліст, Sigittaria L.’, ’шыльнік, Subularia aquatica L.’ выводзіць прасл. milica ’чарот, Scirpius’.