Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Не- (ня‑) адмоўная часціца ў якасці прэфікса і ў складзе словазлучэнняў, вядомая усім славянскім мовам. Прасл. *ne‑, ідэнтычнае па паходжанню адмоўю *не (гл. не1); у шэрагу выпадкаў выконвае чыста структурную функцыю, утвараючы назвы прадметаў з «адмоўным» значэннем, параўн. нягода ’дрэннае надвор’е’ пры пагода ’добрае надвор’е’, нясла́ва ’ганьба’, няволя ’палон’ і пад.; выступае як дээтымалагізаваны элемент, параўн. небара́ка ’нябога’, ненаві́дзець (гл.), часам у якасці т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя, параўн. неўбой ’неслух’ (Растарг.) і убой ’тс’, якое можа выкарыстоўвацца для табуізацыі, параўн. не́вад (гл.), нячы́сцік (гл.), нядо́бры ’вуж’ (ТС) і пад. (гл. ESSJ SG, 2, 446–448; Шустар-Шэўц, 13, 1006–1007; Талстой, Зб. Рэфармацкаму, 282–287; Папова, ФН, 1971, 1, 81–92). У складзе словазлучэнняў: не (ў)ва што ’няма ў што’ пры не́вашта ’тс’ (Растарг.); не ў змогу ’сіл не стае; няма сілы’ (Нас.), не ў чо́м ’ах як; вось чаму; вось табе і’ (Нас.) пры неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС) і пад.

Нё1 ’няўжо’ (Колас). Скарочанае з няўжо́, гл. Шуба, Прысл. 167; іншыя формы: нёш (вілейск., Нар. сл.) < няўжо ж, нёʼж ’тс’ (Шат.), нё‑ж не ’няўжо ж не, а як жа’ (Гарэц.).

Нё2 ’но (выгук, якім паганяюць каня ці вала)’ (ТС), укр. ньо ’тс’. Палаталізаваны дыялектны варыянт выклічніка но (гл.), цікавую паралель уяўляе ня ’выгук, якім падклікаюць сабаку’ (ТС) пры звычайным на. Параўн. таксама чэш. дыял. ’выгук, якім паганяюць цяглавых жывёлін’ (параўн. ESSJ SG, 2, 502).

Нёню ’не хачу (у размове з дзецьмі)’ (ТС). Т. зв. дзіцячае слова, створанае шляхам рэдуплікацыі адмоўя не, пераходу е > ё пад націскам, афармлення канца слова па тыпу дзеяслоўнай формы 1‑й ас. адз. л. з. экспрэсіўным змякчэннем апошняга зычнага.

Нёха ’неахайны чалавек’ (лунін., Шатал.). Відаць, дэфармаванае ў экспрэсіўных мэтах слова тыпу тураўск. нехлюя ’тс’ з усячэннем канца слова і пераходам е > ё ў выніку пераносу націску.

Ні — адмоўная часціца і структурны элемент у складзе займеннікаў, прыслоўяў і злучнікаў, укр. ни, ні, рус. ни, польск. ni, чэш. ni, славац. ni, н.-луж. ni, в.-луж. ni, славен. ni, серб.-харв. ни, балг. ни, макед. ни. Прасл. *ni, роднаснае літ. neĩ, ’ні, чым, ніж’, лат. nei, ni ’ні’ (Буга, 1, 462; Шустар-Шэўц, 13, 1001), ст.-лац. nei/ni і пад. (Фасмер, 3, 71; ESSJ SG, 2, 486). У народных гаворках нярэдка змешваецца з не (гл.).

Ні́бы ’быццам, як бы’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), нібы́ ’быццам, нібы’ (Бяльк.), нібу ’як быццам, нібы’ (ТС), укр. ні́би, польск. niby. З ні ў параўнальнай функцыі і бы (гл.), што функцыянальна адпавядае рус. как бы, чэш. jakoby і пад. (ESSJ SG, 2, 488). Больш частая форма нібыта, нібытта выводзіцца Карскім непасрэдна з дзеяслоўнай формы быць у спалучэнні з адмоўем і часціцай (Карскі 2-3, 85; 1, 245), у карысць чаго можа сведчыць і магіл. нібы́ццам ’быццам’ (Бяльк., Ян.), калі гэта не вынік кантамінацыі (нібы × быццам).

Нібына́мкі ’няважна, пляваць’ (Некр.). Паводле Карскага (2–3, 69), утворана пры дапамозе суфікса ‑кі, аднак зыходная аснова няясная: нібы нам?, параўн. нібы штоняважна, абыякава’, нам нібы што = нам усёроўна. Малаверагодная сувязь з польск. bynajmniej ’па меншай меры, ва ўсякім выпадку’, параўн. бынаймней, бынамней ’калі б, чуць-чуць; без патрэбы; чуць не’ (Нас.), якую, аднак, нельга не прыняць пад увагу, калі дапусціць пераробку канца слова як у няупамкі (гл.), тады з ⁺ж бынамней ’нічуць’.

Нібы́та ’быццам’ (Нас., Касп., Янк. 1), нібы́тта ’тс’ (Мат. Маг.; мсцісл., З нар. сл.). Гл. нібы.

Нібяды́ ’добра’ (Жд. 2). Спалучэнне адмоўя з т. зв. родным воклічу назоўніка бяда, параўн. такое бяды (Карскі 2-3, 410).

Ні́ва ’участак зямлі, ралля’ (Яруш., Чуд., Шат., Касп.), ’участак зямлі аднаго гаспадара’ (Сцяшк.), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі, прызначаны цалкам для адной культуры’ (ТС), ’палетак’ (Сл. ПЗБ), ні́ва, ныва ’невялікае поле сярод лесу’ (Сл. Брэс.), ні́ўка ’невялікая палоска раллі’ (Нас., Яруш., Бяльк.), ’невялікае поле, звычайна сярод лесу’ (ТС), укр. ни́ва ’узаранае поле’, рус. ни́ва ’вырабленае і выпаленае пад раллю месца; поле на такім месцы; участак зямлі сярод лесу; засеянае поле, сенажаць’, польск. niwa ’поле, ралля; навіна; поле сярод лесу’, чэш. níva ’поле, ніва, луг’, славац. niva ’тс’, н.-луж. niwa ’ралля, поле, ніва’, славен. njiva ’поле, ралля’, серб.-харв. ни̏ва ’тс’, балг. нива ’тс’, макед. нива ’поле, ралля, луг’. Прасл. *niva, збліжаюць з грэч. νειός ’поле, луг’, што ўзыходзіць да і.-е. *nei̯‑ ’унізе, наніз’; сюды ж літ. neivóti ’паніжаць’, лат. niẽva ’паніжэнне’ (Фасмер, 3, 72; Фрэнкель, 479; Бязлай, 2, 225; Шустар-Шэўц, 13, 1005). Іншыя версіі грунтуюцца на зыходнай семантыцы ’навіна’ (Махэк₂, 400) або ’край, руб’ (Ваян, RÉS, 22, 191).