Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мігалі, ст.-бел. мигали ’гарнастай’ (XVII ст.) было запазычана праз ст.-польск. мову з с.-лац. migale (Булыка, Лекс. запазыч., 144).

Міга́лка ’газоўка’, ’ліхтар, які ўспышкамі падае сігналы транспарту’ (ТСБМ). З рус. мигалка ’тс’. Мігальны — калька з рус. мигательный (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Мі́гатам, мі́гаткам ’мігам’ (слуц., Жыв. сл.). З прасл. migъtь, якое з migъtěti ’бліскаць, мігаць, мігцець’, параўн. польск. migotać, чэш. míhotat, славен. migetáti. Да міг (гл.).

Мігаце́ць1 ’паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку’, ’свяціць няроўным бляскам’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг.), ’ярка блішчэць’ (Шат.), ’пералівацца колерамі’ (КЭС, лаг.), мігце́ць ’тс’, ’ледзь свяціць’ (ТСБМ, Яруш.). Да прасл. migъtěti ’бліскацець, міргаць’ (Мяркулава, Этимология–1973, 58–59), і.-е. аснова *meig‑, якая ў балт. групе моў лае значэнні ’спаць’ (гл. міг) і ’туман’ (літ. miglà, лат. migla), як і ў ст.-грэч. (ὀμίχλη), алб. (mjegull), ст.-інд. (mēgha), авест. (māeɣa) мовах (Скок, 2, 420).

Мігаце́ць2 ’імжыць’ (рэч., Нар. сл.). Семантычны балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, літ. miglóti(s) ’засцілацца туманам’. Да мігаце́ць1, міг (гл.).

Мігда́л, мікда́ль, мікда́ліна, мігда́лік, мігда́лы ’міндаль (дрэва і плады)’, ’нябесная манна’, ’прысмакі, ласункі’ (Нас., Дун.-Марц.; гродз., Сцяшк. Сл.; слуц., Жыв. сл.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. микгдалъ, мигдалъ ’міндаль’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. migdał ’тс’, якое з лац. amygdalum < ст.-грэч. ἀμύγδαλος, ἀμυγδάλη, άμυγδάλιον, — апошнія з семіцкіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 148; Кюнэ, Poln., 77; Фасмер, 2, 623; ЕСУМ, 3, 457).

Мігдалікі ’бліскучыя зорачкі ці крыжы з адлюстраваннем святога, якія апраўляліся ў металічны абадок пад шклом і насіліся жанчынамі на шыі’ (слонім., кобр., Шн. 3; Малч.). Да мігдал (гл.). Параўн. міндаліна ’жаўлак у горнай пародзе’ (БелСЭ, 7).

Мі́гі, на мігі, на мігах ’размаўляць пры дапамозе жэстаў, знакаў’ (ТСБМ), польск. (rozmawiać) na migi ’тс’. Да міг (гл.), ’мірганне’ > ’кароткі ў часе, хуткі рух’.

Мігі́каць ’ржаць (пра жарабя)’, мігіта́ць ’тс’ (ТС). Гукапераймальнае. Параўн. мекята́ць (гл.).

Мігла́, мыгла́ ’імжа’, мігленне ’тс’, міглі́ць, мыглі́ць, мігле́ць (Сл. ПЗБ, ТС; лельч., Нар. лекс.; лун., Шатал.), міглі́ца ’імгла’ (лях., клец., Федар. 5, 6). Балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, ’імжа’, miglénti ’імгліць’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 65).

Мігра́цыя ’перасяленне насельніцтва, перамяшчэнне жывёльных арганізмаў, элементаў, клетак; пераход капіталу з адной галіны эканомікі ў іншую’ (ТСБМ). З рус. миграция ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое з зах.-еўр. моў (паводле дзеяслова мигрировать — з ням.) < лац. migrātio ’пераход, пераезд’.