Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́сцік ’рослік, расток (бульбы)’ (в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). Да рост (гл.).

Росць1 ’расці’, ’атрымліваць задавальненне’ (Бяльк., Юрч. Фраз. 1, Юрч. Сін.), рость, рэсть ’расці’ (Растарг.), ро́сціць ’гадаваць, вырошчваць’ (астрав., пух., Сл. ПЗБ). Да расці́ (гл.). Аб скарочаным суфіксе *‑ti гл. Карскі 2-3, 279.

Росць2 ’рост’, ’расток, парастак’ (іўеў., Сцяшк. Сл.; ТС). З прасл. *orstъ пры дапамозе суф. ‑ь з адцягненым значэннем *‑orst‑ь. Іншы суфікс ‑jь у рошч (гл.).

Ро́счын ’ростул’ (ТСБМ). Да расчыня́ць (гл.), дзе ‑чыняць/чыніць семантычна звязана з паняццем ’рабіць’ — як у балтыйскіх мовах (параўн. літ. atidarýti, лат. atdarīt). Аналагічна ўкр. розчини́ти і н.-луж. rozcyniś ’расчыніць’ ’тс’, в.-луж. rozčinić ’раз’ядноўваць, раздзяляць’. Такім чынам, семантычны пераход ’рабіць’ > ’зачыняць/расчыняць’, прадстаўлены на беларуска-ўкраінскім арэале, тэрытарыяльна звязаны з балтыйскімі мовамі, а сербалужыцкі — з германскімі дыялектамі (параўн. ням. aufmachen/zumachen ’тс’, гал. dichtmaken ’зачыняць’) (Непакупны, Связи, 86–89).

Ро́счынак (росчынок) ’рашчына’ (хойн., Мат. Гом.). Можна дапусціць уплыў польск. мовы (rozczyn ’тс’ з суф. *‑ъkъ > ‑ок). Аднак вядома і польск. rozczyna ’тс’. Да раз‑/рос‑ (< прасл. *orz‑) і чыніць < прасл. *činiti ’рабіць’ (гл.). Параўн. укр. ро́зчин ’раствор’.

Ро́счырк ’завітушка на пісьме, звычайна ў канцы слова або чыйго-небудзь подпісу’, ’след бліскавіцы, рэактыўнага самалёта’ (ТСБМ). З рус. росчерк, якое з раз‑/рос‑ і черкну́ть/черкать < черта́ (Гараеў, 413; Фасмер, 4, 344).

Ро́сшук, росшукі ’следчыя і аператыўныя дзеянні з мэтай выявіць злачынца, украдзеную маёмасць і да т. п.’ (ТСБМ). Калька з рус. розыск (< роз- + иска́ть = шука́ць) пры ад’ідэацыі польск. poszukiwania ’пошукі’.

*Ро́сшыўка, ро́сшэўка, росшэ́ўка ’расшыўка, прошва’ (Мат. Гом.; ТС, ПСл), рашэ́ўка ’тс’ (Мат. Гом.), ро́сшыўка ’прошва’ (навагр., ЖНС). Да расшыва́ць < раз‑/рас і шыць (гл.). Параўн. укр. розши́вка, рус. расши́вка ’расшыўка, расшыванне’.

Рось ’малы, драбнюткі дожджык, імгла, туман, імжа’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч. Вытв., Мат. Маг., Байк. і Некр.; рагач. Мат. Гом.; ПСл, ЛА, 2), ’раса’ (ПСл). Рус. паўд. рось ’імжа, імгла’, ’раса’. Утворана пры дапамозе суф. *‑ь (з адцягненым значэннем) ад раса́ (гл.), магчыма, пры ад’ідэацыі морась (гл.). Сюды ж ёлкыя рось ’імгла’ (чавус., ЛА, 2).

Ро́сьпіска ’распіска (дакумент)’ (Бяльк., Нар. Гом.) — у выніку кантамінацыі роспісь і рус. расписка. Да піса́ць (гл.).

Рот, ро̂т ’поласць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).