Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кула́чкі ў выразе: Ешчэ чэрці на кулачкі ні браліса ’Яшчэ далёка да світання, яшчэ вельмі рана’ (Нар. словатв.). Усталі рано, бы чэрці на кулачку (ТС). Параўн. рус. кулички (у черта на куличках ’вельмі далёка’). Цяжка суаднесці семантыку бел. і рус. выразаў. Ва ўсякім разе беларускі матэрыял не дазваляе ўзводзіць слова да рус. кулич (параўн. Праабражэнскі, 1, 410) або польск. kuliczki ’testes’ (параўн. Ісачанка, ВЯ, 1957, 3, 121). Больш верагодным здаецца суаднясенне з польск. kulik ’карнавал на масленіцу’. Параўн. лат. kuluos lēkt ’гуляць на масленіцу’. Этымон гэтых слоў невядомы (Слаўскі, 3, 350–351).

Кула́чнае ко́ла ’кола, якое круцяць коні’ (КЭС, лаг., П. С.). Гл. кулак4.

Кулды́баць ’кульгаць, паволі ісці’ (Нас.). Гл. калдыбаць.

Кулды́ка ’чалавек, які хутка гаворыць’ (Мат. Маг.). Першапачатковае значэнне ’кульгавы чалавек’. Параўн. семантычны пераход ’спатыкацца’ > ’запінацца’ (кулдыкаць©Жул- дыкаць2). Фармальна ўтварэнне гэтага слова можна растлумачыць як кантамінацыі кульгаць (гл.) і хадыка. Параўн. калдыка. Ненадзейныя паралелі ў Фасмера (2, 288).

Кулдыка́цца ’перакульвацца’ (Мат. Гом., Бяльк., Гарэц., Янк. III). Да кулдыка (гл.).

Кулды́каць1 ’куляцца’ (Шпіл.). Гл. кулдыка.

Кулды́каць2 ’невыразна гаварыць’ (Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.). Гл. кулдыка.

Куле́йка ’чыгунка’ (Сцяшк.) < польск. kolejka.

Куле́нька ’луста хлеба’ (Нар. лекс.). Да куляцьі. Першапачаткова ’круглы кавалак’. Параўн. Слаўскі, 3, 341–342.

Куле́ш ’рэдкая мучная каша’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Шн., Серб., Бяльк., Федар. Рук., Мат. АС, Малч., Мядзв., Вешт., Грыг., Гарэц., ТС, Касп.). Укр. куліш, рус. кулеш ’тс’, балг. куляша ’від кашы’, серб.-харв. ку̀леш ’мамалыга’, польск. kulesz ’каша з кукурузнай мукі’, славац. kuľaša ’тс’. Мадэль словаўтварэння даволі празрыстая: *kulexъ > kulešь, як lem‑exъ > lemešь (SP, 1, 72, 77). Да kuliti, kuljati (гл. куляць1). Параўн. кулага (гл.). Іншая версія: да венг. köles ’проса’ (Якабсон, Slavic Word, 2, 1955, 612), параўн. Трубачоў, Slavia, 29, 1960, 9.

Кулёба ’костка з кумпяка’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. кулічы (Г-П.).