Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Куёўдзіцца ’вазіцца, марудзіць’ (Сцяшк. Сл., Нар. словатв., Жыв. сл., З нар. сл., Бяльк.). Укр. куйовдити ’лахмаціць’, рус. куёлдить ’сварыць’. Фасмер (WuS, 3, 202) бачыць у гэтых лексемах прэфікс ку‑, а каранёвую частку ён зводзіць да рус. елдыга ’сварлівы чалавек’, семантычна тоеснага куёлда ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 401). Аднак рус. елдыга само этымалагічна няяснае. Таму пытанне пра паходжанне куёўдзіцца застаецца адкрытым.

Куёўчыцца ’клапаціцца па гаспадарцы’ (Бяльк.). Да куёўдзіцца (гл.).

Куёўшыць ’пераварочваць, рабіць беспарадак’ (ТС). Гл. куёўдзіцца.

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Ку́жань ’карзіна з бяросты’ (Шн.). Няясна. як звязана з кузаў2 (гл.) у тым жа значэнні.

Кужу́рка ’безрукаўка на аўчыне’ (Сцяшк. Сл.). Да тужурка (гл.).

Кужэ́ль ’кудзеля’ (Яруш.). Гл. кужаль.

Куза́ка ’насякомае, мышка, кузурка’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Да каза (гл.). Зыходная форма, мусіць, была *казаўка.

Ку́зарэб ’чарапок, скручаны з бяросты’ (З нар. сл.). Відаць, складанае слова, першая аснова якога ўзыходзіць да кузаў2 (гл.). Адносна другой асновы можна выказаць здагадку аб яе паходжанні ад грэбці (гл.). Тады ў рэканструяваны выглядзе разглядаемая форма мела б наступны від: *куза(ва)‑грэб.

Ку́заў1 ’частка павозкі, аўтамашыны і пад., якая служыць для размяшчэння людзей або грузаў’ (ТСБМ). Гл. кузаў2.

Ку́заў2 ’карзіна з бяросты’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з рус. кузов ’тс’. Апошняе з тат. kyzau̯ (гл. Фасмер, 2, 402).

Ку́заў3 ’тып паселішча, двары ў якім размешчаны ўроскід’ (Яшк.). Да кузаў2 (гл.).