арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААЎТАМА́ТЫКА,
комплекс тэхн. сродкаў для стварэння сістэм аўтаматычнага кіравання аб’ектамі і тэхнал. працэсамі з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам. Забяспечвае збор і апрацоўку інфармацыі, фарміраванне каманднага сігналу і пераўтварэнне яго ва ўздзеянне кіравання аб’ектам ці тэхнал. працэсам. У склад сродкаў гідрааўтаматыкі ўваходзяць помпы, фільтры, комплексныя ўстаноўкі забеспячэння рабочай вадкасцю, прыстасаванні для стабілізацыі рабочага ціску і інш. У якасці рабочай вадкасці выкарыстоўваюцца мінер. (найб. пашырана) і сінт. маслы, гліцэрына, вада.
Сістэмы і элементы гідрааўтаматыкі маюць высокую надзейнасць, невял. памеры і масу, забяспечваюць самазмазвальнасць агрэгатаў, бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей (на хаду) з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцярогай ад перагрузак, магчымасць работы ў цяжкіх знешніх умовах (напр., на машынах з высокімі ўзроўнямі вібрацый і ўдарных нагрузак) і інш.; часта спалучаюцца з пнеўматычнымі, эл., электроннымі прыладамі і прыстасаваннямі, напр., гідраўл. ўзмацняльнік з эл. кіраваннем (электрагідраўзмацняльнік); выкарыстоўваюцца ў мабільных с.-г. (напр., для аўтам. рэгулявання глыбіні апрацоўкі глебы, стабілізацыі работы сістэм крутасхільных трактароў), буд. і дарожных машынах, трансп. сродках, станках і інш.
На Беларусі праблемамі гідрааўтаматыкі займаюцца ў БПА, Гомельскім ВА «Гідрааўтаматыка» і інш.
Літ.:
Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985;
Гидропневмоавтоматика и гидропривод мобильных машин. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАЛО́ГІЯ (ад дэфект + ...логія),
навука пра заканамернасці псіхічнага развіцця, выхавання і навучання дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі: глухіх, сляпых, са слабым зрокам ці слыхам, разумова адсталых, з затрымкай псіхічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі маўлення, вынікамі дзіцячага цэрэбральнага паралічу, комплекснымі парушэннямі (слепаглухіх, глухіх з разумовай адсталасцю, сляпых з затрымкай псіхічнага развіцця і інш. камбінацыямі). Як самаст. галіна навукі склалася ў пач. 19 ст. Сучасная Д. апіраецца на дасягненні псіхалогіі, педагогікі, у т. л. народнай, прыродазнаўства, медыцыны, тэхнікі, радыёэлектронікі. Вызначае структуру і сістэму метадаў і методык дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі стану своеасаблівага псіхічнага развіцця дзяцей з парушэннямі ў сістэме аналізатараў, ц. н. с., маўленчай дзейнасці; распрацоўвае прынцыпы, абгрунтоўвае змест, метады і сродкі карэкцыйна накіраванага навучання і выхавання; даследуе праблемы абілітацыі (стварэнне механізмаў кампенсацыі ў дзяцей з прыроджаным дэфектам), рэабілітацыі (сістэма мер па рэадаптацыі асоб з набытым дэфектам), сац. адаптацыі, прафарыентацыі. У Беларусі праблемы Д. распрацоўваюцца на кафедрах дэфекталагічнага ф-та Бел.пед. ун-та, у сектарах аддзялення Д. Нац. ін-та адукацыі, на кафедры Д. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялістаў для спец. дзіцячых устаноў рыхтуе Бел.пед.ун-т і педвучылішча № 2 у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНАК (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д-рмед.н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп.навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тв.:
Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;
Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);
Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),
бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст.Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад.АНБССР (1947). Вучыўся ў Пецярб.АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм.т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян.арх. А.Паладыо (выд. 1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,
сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш.Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн.м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НКА»,
дзіцячы ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1927—31 у Вільні на бел. мове. Выходзіў нерэгулярна. Рэдактар-выдавец Зоська Верас (Л.А.Войцік). Створаны з выхаваўчай і асветнай мэтай, спрыяў узгадаванню маладых літ. сіл у Зах.Беларусі. Друкаваліся пісьменнікі старэйшага пакалення М.Машара, Г.Леўчык, Я.Пачопка, Л.Войцік, У.Паўлюкоўскі, маладыя зах.-бел. пісьменнікі С.Крывец, С.Новік-Пяюн, пачаткоўцы А.Арэхва, М.Тарасюк, Я.Патаповіч і інш. Перадрукоўваў творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Буйло і інш., змяшчаў пераклады твораў рус., польск., укр. пісьменнікаў.
Майстар партрэта: партрэты А.Венецыянава (2-я пал. 1830-х г.), спевака В.Пятрова (1840), скульптара Ф.Талстога (1850), княгіні Трубяцкой, групавы партрэт «Выгляд залы вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў» (1841). Пісаў інтэр’еры («Унутраны від Марскога Нікольскага сабора, 1843, і інш.). У творах дакладнасць і матэрыяльнасць пісьма, характэрныя для венецыянаўскай школы, паступова змянялася ілюзіяністычным натуралізмам (партрэты Н.Сакуравай, 1854, П.Панамарова, 1855). Распрацаваў сістэму выкладання, пабудаваную пераважна на вывучэнні натуры, дакладнасці ў перадачы бачнага свету. Садзейнічаў развіццю бел. мастацтва, аказваў дапамогу маладым мастакам (В.Сляндзінскаму і інш.). Сярод вучняў В.Пяроў, В.Пукіраў, У.Макоўскі, К.Макоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.