ТРАНСЕ́ПТ (позналац. transeptum ад транс... + лац. septum агароджа),

адзін ці некалькі папярочных нефаў у базілікальных і крыжовых у плане храмах, якія перасякаюць падоўжныя нефы; павялічваюць прастору інтэр’ера перад алтаром і апсідай. Узнік у раннехрысц. храмах Зах. Еўропы. На Беларусі найб. пашырыўся ў рэнесансавых і барочных базіліках з канца 16 ст. (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Нясвіжскі касцёл езуітаў); вядомы і ў пабудовах класіцызму (Магілёўскі Іосіфаўскі сабор), несапраўднай готыкі (Гервяцкі Троіцкі касцёл) і інш. Часам на перакрыжаванні гал. нефа і Т. будавалі купал (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і інш.) або невял. вежу-сігнатурку (касцёл Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш.). Пераход ад падоўжных нефаў да Т. ў купальных пабудовах афармляўся падпружнымі аркамі сяродкрыжжа.

Трансепт.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)