ТАФРЫНА́ЛЬНЫЯ (Taphrinales),
парадак сумчатых грыбоў. 1 сям., 1 род, каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных зонах. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя віды з роду тафрына: слівавая (Taphrina pruni) — узбуджальнік «кішэнек» слівы, малая (T. minor) — выклікае кучаравасць лісця ў вішні, бярозавая (T. betulina) — утварае «ведзьміны мётлы» на бярозе.
Пладовыя целы адсутнічаюць. Міцэлій грыбоў эндафітны, распаўсюджваецца па міжклетніках і клетках у тканках раслін-гаспадароў. У многіх відаў захоўваецца зімой у трэшчынах кары, сцёблах і пупышках хворых раслін. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя ці падоўжаныя. Слой сумак звычайна мае жоўтае, чырв., ружовае або фіялетавае адценне, што надае незвычайную афарбоўку заражанаму органу. Споры акруглыя ці яйцападобныя, здольныя да пачкавання. Высокаспецыялізаваныя паразіты дзікарослых дрэў і пладовых культур.
т. 15, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)