САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч. Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.

У флоры яе зах. ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх. ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш. Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Санорская біягеаграфічная вобласць: 1 — цецярук лугавы; 2 — суслік калумбійскі; 3 — бізон; 4 — насуха; 5 — кондар каліфарнійскі; 6 — трус амерыканскі заходні; 7 — зязюля бегаючая; 8 — каршун слізняед; 9 — саракапут амерыканскі; 10 — рысь чырвоная.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,

мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.​Ж.​Башэлье і хімік Ж.​Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.​М.​Фальканэ, Л.​С.​Буазо, Ж.​Б.​Пігаля, Э.​Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.​Люрса і інш.).

Літ.:

Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.

т. 14, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],

1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.

2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.​Антынг, Ф.​О.​Рунге (Германія), А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, У.​Маякоўскі, К.​Сомаў, Ф.​Талстой (Расія), М.​Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.

3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ І ДЫНАМІ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ, статыстычныя заканамернасці і заканамернасці жорсткай дэтэрмінацыі,

асноўныя тыпы заканамернасцей сувязі з’яў, якія атрымалі найб. поўнае выяўленне ў сучаснай навуцы. Адрозніваюцца па ўнутр. структуры адпаведных навук. тэорый і агульных падыходах да прыроды быцця і пазнання. Дынамічныя законы характэрны для адносна ізаляваных сістэм, што складаюцца з невял. колькасці элементаў, дзе можна абстрагавацца ад выпадковых фактараў. У законах гэтага тыпу прадказанні дакладна вызначаныя і адназначныя (напр., законы руху макраскапічных аб’ектаў). Уяўленні пра дынамічныя законы сфарміраваліся ў працэсе развіцця класічнай механікі. Абсалютызацыя законаў гэтага тыпу характэрна для канцэпцыі мех. дэтэрмінізму, прыхільнікі якой экстрапаліравалі Ньютана законы механікі на ўсе з’явы і працэсы свету (П.​Лаплас і інш.). Пры дапамозе дынамічных законаў фармулююцца каузальныя сувязі з’яў. Пры аналізе сістэм, якія складаюцца з вялікай колькасці аб’ектаў (часціц), а таксама сац. і біял. з’яў найб. адэкватныя статыстычныя законы. Яны распрацаваны ў працэсе развіцця класічнай статыстычнай фізікі і метадалагічнай асновай іх з’яўляецца імавернасцей тэорыя Стат. законы носяць імавернасны характар, што абумоўлена дзеяннем мноства выпадковых фактараў і ўзаемадзеяннем вял. колькасці элементаў (напр., вял. колькасць малекул у газе, асобін у біял. папуляцыях, людзей у сац. калектывах). За сукупным дзеяннем розных фактараў яны выяўляюць устойлівае і неабходнае. У сац. сферы сац. законы дзейнічаюць як законы масавых з’яў і звязаны з вялікіх лікаў законам. Метады выяўлення стат. законаў распрацаваны ў сац. статыстыцы.

т. 15, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ПАЯСЫ́,

прыродныя паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі, паміж экватарыяльным поясам і трапічнымі паясамі. Характарызуюцца сезонным чаргаваннем сухога і вільготнага перыядаў (мусонна-пасатнай цыркуляцыяй атмасферы). Летам знаходзяцца пад уздзеяннем вільготных экватарыяльных паветраных мас (мусонаў), зімой — сухіх трапічных пасатаў. У напрамку ад экватарыяльнага да трапічнага паясоў мяняецца колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год і працягласць дажджлівага перыяду ад 9—10 да 2—3 месяцаў. Т-ры паветра пастаянна высокія, сярэднямесячныя — 15—32 °C. У тым жа напрамку паступова мяняюцца ландшафтныя зоны: пастаянна вільготныя лістападна-вечназялёныя лясы, сезонна вільготныя летнезялёныя лясы, саваннавыя светлыя паркавага тыпу лясы (саванны пальмавыя, баабабавыя, акацыевыя і інш.), ксерафітныя апустыненыя рэдкалессі і хмызнякі. Глебы мяняюцца ад слаба ападзоленых латэрытных да чырв.-карычневых і чырв.-бурых. Для горных краін у С.п. характэрны леса-лугавы (у вільготных раёнах) і рэдкалесна-стэпавы (у сухіх раёнах) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна жвачнымі парнакапытнымі, драпежнымі, грызунамі, тэрмітамі, двухкрылымі і перапончата-двухкрылымі насякомымі і інш. У акіяне С.п. фіксуюцца межамі Паўн. Пасатнага цячэння. Сярэдняя т-ра вады 25 °C. Салёнасць памяншаецца ў напрамку да экватара да 37 ‰. Слабае перамешванне вады вызначае недахоп кіслароду і нізкую колькасць планктону (50—70 мг/м³). Ландшафты моцна зменены чалавекам, асабліва ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Тэрыторыі асвойваюць пад пашавую жывёлагадоўлю, земляробства і плантацыйныя гаспадаркі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, трапічныя і інш. культуры).

М.​В.​Лыўрыновіч.

т. 15, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́РНІЦА,

гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання сыру. Лакальныя назвы сырнік, сырня. Былі пашыраны на Беларусі, у Літве, Польшчы пераважна ў сядзібах і фальварках 16 — пач. 20 ст. У канцы 19 ст. з’явіліся і ў некат. сял. гаспадарках, якія наладзілі вытв-сць сыроў на продаж. На Беларусі найчасцей С. рабілі драўлянымі, абавязкова 2-яруснымі. 1-ы паверх мог заставацца адкрытым, на слупах (1—12; вёскі Рудня Астравецкага, Сваятычы Ляхавіцкага р-наў), або мець памяшканне для захоўвання малочных прадуктаў (в. Боркі Дзятлаўскага р-на). Каркасная канструкцыя 2-га паверха з дошак, жэрдак, плятня дапамагала ствараць неабходныя ўмовы для добрай вентыляцыі і сушкі сыроў. Характэрны элемент С. — галерэя на 2-м паверсе, дзе пад страхой сушылі сыры (б. маёнтак Залучча, Стаўбцоўскі р-н). Галерэю рабілі на выпусках бэлек ці на слупах. Квадратны план, ярусная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровы гонтавы дах, кругавая галерэя, выразны сілуэт рабілі С. адной з цікавых пабудоў сядзібы. Ставілі С. паблізу сядзібнага дома ці ў парку. Захавалася С. 19 ст. мяшанай канструкцыі (мураваны ніжні паверх) у парку б. сядзібы ў в. Сітцы Докшыцкага р-на.

Літ.:

Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. №4.

С.​А.​Сергачоў.

Сырніца ў былым маёнтку Залучча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. Фрагмент гравюры А.​Савіцкага. 1873.
Сырніца ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл. Пач. 19 ст.

т. 15, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́НАВА Галіна Сяргееўна (8.1.1910, С.-Пецярбург — 21.3.1998),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Герой Сац. Працы (1974, 1980). Ганаровы чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1960). Скончыла Ленінградскае маст. вучылішча (1928). З 1928 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава; з 1944 вядучая салістка Вял. т-ра ў Маскве, з 1960 балетмайстар-рэпетытар у ім. Развівала прынцыпы і традыцыі рус. балетнай школы. Мастацтву У. характэрны гармонія ўсіх выразных сродкаў танца з уласцівым спалучэннем жыццёвага і ўмоўнага, псіхал. глыбінёй і лірызмам, паэтычнасцю пластычных ліній: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Дзіяна («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Папялушка, Кацярына («Папялушка», «Сказ аб каменнай кветцы» Пракоф’ева), Параша, Тао Хоа («Медны коннік», «Чырвоны мак» Р.​Гліэра) і інш. Знялася ў маст. фільме «Салістка балета» (1946), у фільмах-канцэртах і фільме-балеце. Яе творчасці прысвечаны дак. фільм «Галіна Уланава» (1963) і тэлефільм «Свет Уланавай» (1981). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950. Ленінская прэмія 1957. Прэмія Г.​Паўлавай (1958, Парыж). Прэмія О.​Парселі (1988, Мілан).

Літ.:

Львов-Анохин Б.А. Галина Уланова. 2 изд. М., 1984;

Галина Уланова / Автор-сост. А.​А.​Дайняк. Мн., 1998;

Кравченко Т.Ю. Галина Уланова. Смоленск, 1999.

Ю.​М.​Чурко.

Г.С.Уланава.
Г.Уланава ў ролі Джульеты.

т. 16, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАРО́ШКІ», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Засл. калектыў Беларусі (1999). Створаны ў 1974 (да 1985 у складзе Бел. філармоніі). Маст. кіраўнік і гал. балетмайстар В.Гаявая (да 1975 з М.​Дудчанкам). Аб’ядноўвае танц. і інстр. групы, выканаўцаў нар. песень (вак. квартэт «Купалінка»; да 1987). Праграмы будуюцца ў выглядзе цэласнага тэатр. відовішча, у якім арганічна ўзаемазвязаны ўсе групы. Спалучае фалькл. нац. пачатак з сучаснай рытмікай і экспрэсіяй; для яго ўдзельнікаў характэрны пачуццё ансамбля, артыстызм. У рэпертуары бел. нар. танцы («Мітусь», «Вясковыя скокі», «Крутуха», «Цярэшка», «Гусарыкі», «Крыжачок», «Лявоніха», «Кросны», «Віцебскія закаблукі», «Гомельская кадрыля», «Таўкачыкі» і інш.), вак.-харэаграфічныя кампазіцыі («Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны»), варыяцыі на тэмы стараж. бел. абрадаў («Тураўская легенда»), сюіта «Субота»; разгорнутыя тэатр. праграмы «Па старонках Полацкага сшытка» (гіст. балет), «Бывай, 20-е стагоддзе!» (засн. на гар. фальклоры 20 ст.) і інш. У муз. суправаджэнні выкарыстоўваюцца бел. нар. інструменты: ліра, гудок, цымбалы, басэтля, жалейкі, у т. л. саломкі, чароткі і інш. Сярод салістаў ансамбля ў розныя часы Ф.Балабайка, В.Карэлікава, А.​Кашталапаў, А.​Гура-Гаявая. Пры «Х.» створана школа-студыя (з 1987; кіраўнік М.​Цітова). Лаўрэат Усесаюзнага агляду-конкурсу прафес. маст. калектываў (1-я прэмія, 1977). Прэмія Ленінскага камсамола 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт «Харошкі» (1978).

Літ.:

Загородний Г. Хороши «Хорошки»! // Панорама, 1984. М., 1985.

Г.​М.​Загародні.

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 16, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРАЛЕТА́РСКАГА СТУДЭ́НЦТВА, ЦБ Пралетстуда,

кіраўнічы орган бел. студэнцтва ў 1923—32. Створана ў вер. 1923 у Мінску як Бел. бюро пралетарскага студэнцтва, з 1926 — ЦБ Пралетстуда. У яго ўваходзілі Віцебскае, Магілёўскае і Гомельскае гарбюро. Аб’ядноўвала прафкомы і выканаўчыя бюро прафс. секцый ВНУ, тэхнікумаў, рабфакаў і саўпартшкол Беларусі, бел. студэнцкіх зямляцтваў ВНУ СССР. ЦБ (15 членаў і 5 кандыдатаў) выбіралася на канферэнцыях, кіравалася прэзідыумам (5 членаў і 2 кандыдаты). Працу вяло праз арганізац., акад., культ.-асв. і эканам. камісіі. У розныя гады прафсаюзамі было ахоплена ад 25 да 52% студэнтаў; пры паступленні ў іх улічваўся сац. статус і праводзіўся паліт. экзамен. Звычайна прымалі студэнтаў старэйшых курсаў, актывістаў грамадскай дзейнасці. Студэнцкія прафс. арг-цыі, што ўваходзілі ў ЦБ Пралетстуда, будаваліся паводле вытв. прынцыпу (за выключэннем рабфакаў). Яны ўдзельнічалі ва ўсіх кампаніях, што праводзіла партыя (ліквідацыя непісьменнасці, калектывізацыя, арганізацыя сацспаборніцтва і інш.). Ва ўмовах усталявання адм.-каманднай сістэмы ЦБ праяўляла актыўнасць у барацьбе з «праявамі чужой ідэалогіі», у ачышчэнні «ад сацыяльна чужога элементу», «пралетарызацыі» навуч. устаноў. Для яго дзейнасці характэрны фармалізм, адсутнасць рэальнага дэмакратызму. Працай Бел. бюро кіравала, акрамя ЦСПСБ і галіновых прафсаюзаў, яшчэ і Маскоўскае Цэнтр. бюро Пралетстуда пры ВЦСПС. У 1925 ЦБ выпускала час. «Чырвоны сцяг», у 1929—30 — радыёгазету «Чырвоны студэнт». Паводле пастановы прэзідыума ВЦСПС ад 1.7.1932 функцыі па працы сярод студэнцтва перададзены Аргбюро студэнцкіх секцый ЦСПСБ (існавала да 1.6.1937).

Л.​М.​Гесь.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

бел. песні веснавога цыкла гадавога круга, якія выконваліся на Юр’я (23 крас. с. ст.). Паводле функцыянальнасці падзяляліся на абрадавыя песні, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу, і творы, скіраваныя на магічнае забеспячэнне ўрадлівасці нівы. Мелі рэгіянальныя асаблівасці. Уключалі групу жартоўных песень.

Гал. іх вобразы — Юр’я і яго маці. У песнях Юр’я заклікаюць устаць рана, сядлаць каня і ехаць у поле выпускаць расу «на ўсю вясну і густую і частую... на ўвесь свет, на кожны цвет», «на цёплае лета, на буйнае жыта». У некат. песнях «земляныя ключы» носіць з сабою Юр’ева маці, якая таксама клапоціцца пра тое, каб «зямлю адамкнулі, траву выпусцілі, статак. накармілі». Ю.п. перадаюць карціну веснавога адраджэння зямлі, радасць з выпадку надыходу вясны. Некат. Ю.п. жанчыны пачыналі спяваць за тыдзень да Юр’я, седзячы на прызбе. Моладзь спявала Ю.п. пад вечар каля рунных палёў (магчыма, гэтым імкнуліся паспрыяць іх урадлівасці). На Гродзеншчыне на Юр’я дзяўчаты абыходзілі двары і спявалі песні з пажаданнем гаспадару багатага ўраджаю. Некат. песні перадавалі атмасферу святочнага гуляння моладзі. Для Ю.п. характэрны неразгорнутая кампазіцыя, імператыўныя формы. Замест прыпеву паўтараецца слова «Юр’я» («Ніваю, Юр’я, ніваю!» — стараж. форма абрадавага заклінання).

Публ.:

Веснавыя песні / Скл. Г.​А.​Барташэвіч, Л.​М.​Салавей, В.​І.​Ялатаў. Мн., 1979.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Калядна-абрадавая паэзія. Мн., 2001. С. 211—234.

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)