гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання сыру. Лакальныя назвы сырнік, сырня. Былі пашыраны на Беларусі, у Літве, Польшчы пераважна ў сядзібах і фальварках 16 — пач. 20 ст. У канцы 19 ст. з’явіліся і ў некат. сял. гаспадарках, якія наладзілі вытв-сць сыроў на продаж. На Беларусі найчасцей С. рабілі драўлянымі, абавязкова 2-яруснымі. 1-ы паверх мог заставацца адкрытым, на слупах (1—12; вёскі Рудня Астравецкага, Сваятычы Ляхавіцкага р-наў), або мець памяшканне для захоўвання малочных прадуктаў (в. Боркі Дзятлаўскага р-на). Каркасная канструкцыя 2-га паверха з дошак, жэрдак, плятня дапамагала ствараць неабходныя ўмовы для добрай вентыляцыі і сушкі сыроў. Характэрны элемент С. — галерэя на 2-м паверсе, дзе пад страхой сушылі сыры (б. маёнтак Залучча, Стаўбцоўскі р-н). Галерэю рабілі на выпусках бэлек ці на слупах. Квадратны план, ярусная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровы гонтавы дах, кругавая галерэя, выразны сілуэт рабілі С. адной з цікавых пабудоў сядзібы. Ставілі С. паблізу сядзібнага дома ці ў парку. Захавалася С. 19 ст. мяшанай канструкцыі (мураваны ніжні паверх) у парку б. сядзібы ў в. Сітцы Докшыцкага р-на.
Літ.:
Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. №4.
С.А.Сергачоў.
Сырніца ў былым маёнтку Залучча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. Фрагмент гравюры А.Савіцкага. 1873.Сырніца ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 19 ст.