СІ́ЛА,

адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і С.) у 1 ст. да н.э. — 7 ст. н.э., у 7—9 ст. першая агульнакар. дзяржава. Спачатку займала ПдЗ Карэйскага п-ва. Паводле летапісных паказанняў, засн. ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра С. адносяцца да 3 ст., калі яна ўяўляла саюз паўн.-зах. кар. плямён. Як дзяржава аформілася да пач. 6 ст. У 503 правіцель (марыпкан) Чыджын [500—514] прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву С. Фарміравалася пад моцным уплывам кіт. культуры і канфуцыянства. У 6 ст. дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кіт. дынастыі Тан С. ў 660 разбіла Пэкчэ, у 668 — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў. У 8 — пач. 9 ст. у час росквіту С. як агульнакар. дзяржавы сфарміравалася кар. народнасць. З сярэдзіны 9 ст. С. пачала занепадаць і ў канцы 9 ст. распалася на асобныя дзяржавы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІЦЫ́ДЫ,

злучэнні крэмнію з металамі. Паводле тыпу хім. сувязі адрозніваюць іонна-кавалентныя (С. шчолачных і шчолачназямельных металаў, а таксама С. магнію Mg2Si) і металападобныя (С. пераходных металаў). Пашыраны С. саставаў (М — метал): MSi (напр., FeSi, TiSi); MSi2 (FeSi2, NiSi2, CrSi2); M2Si (Ni2Si, Co2Si) і некат. інш.

Крышт. рэчывы з метал. бляскам, звычайна серабрыста-белага ці шэрага колеру. С. шчолачных і шчолачназямельных металаў раскладаюцца вадой, узаемадзейнічаюць з к-тамі і растворамі шчолачаў, пры награванні ў паветры загараюцца. С. пераходных металаў тугаплаўкія (напр., С. ванадыю V5Si3 мае tпл 2450 °C), не раствараюцца ў к-тах, раскладаюцца растворамі шчолачаў, стойкія да акіслення, што абумоўлена ўтварэннем на іх паверхні плёнак сілікатаў. Асн. метад атрымання С. — спяканне ці сплаўленне крэмнію з металамі. Выкарыстоўваюць як кампанент керметаў і гарачаўстойлівых сплаваў, у хім. машынабудаванні для абліцоўкі рэактараў, мяшалак і інш. апаратуры, дысіліцыды хрому, марганцу, кобальту і некат. інш. як паўправадніковыя матэрыялы, што працуюць пры высокіх т-рах.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),

украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.​С.​Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр. старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.

С.​Б.​Каўн.

І.І.Скарападскі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРО́НЕВЫЯ КО́ЛЬЦЫ,

жаночыя ўпрыгожанні з. каляровых металаў (радзей з серабра), якія насілі каля скроняў. С.к. падтрымлівалі прычоску, іх упляталі ў валасы па некалькі штук з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка; магчыма, у некат. выпадках мацавалі ў мочцы вуха.

Паявіліся ў бронзавым веку. Лічыліся спецыфічным упрыгожаннем зах. славян 8—9 ст. У сярэдневякоўі былі пашыраны ў Візантыі і Зах. Еўропе. Ва ўсх. славян С.к. набылі асаблівую папулярнасць у 11—12 ст.; былі ўпрыгожаннем сялянак і гараджанак. На Беларусі самыя стараж. С.к. належалі сярэднедняпроўскай культуры, у жал. веку — мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры, штрыхаванай керамікі культуры. С.к. класіфікуюць паводле знешняга выгляду і тэхналагічных адзнак. Вылучаюць драцяныя, пацеркавыя, шчытковыя, прамянёвыя і блізкія да іх лопасцевыя. Прынята лічыць, што С.к. нясуць этнавызначальныя функцыі, што дае магчымасць удакладніць карту рассялення плямён (гл. ў арт. Вяцічы, Дрыгавічы, Крывічы, Радзімічы).

Літ.:

Левашова В.П. Височные кольца // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. М., 1967.

Скроневыя кольцы з курганнага могільніка Каласы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 11—12 ст.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гуча́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.

2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́бар, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выбіраць — выбраць.

2. Аб тым, хто выбраны, што выбрана. Адобрыць чый-небудзь выбар.

3. Магчымасць выбраць. Багаты выбар тканін. □ Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля.

•••

Без выбару — без разбору, не выціраючы. [Бядуля] чытаў усё цікавае, без выбару і плана. Каваленка.

(Прадаваць, аддаваць) на выбар — прадаваць, аддаваць з правам выбару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вад, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. выводзіць — вывесці (у 1–3 знач.).

2. ‑у. Суджэнне, якое лагічна вынікае з меркаванняў. Тэарэтычныя, практычныя вывады. Канчатковы вывад. □ Круцілі і так і гэтак і кожны раз прыходзілі да вываду — трэба будаваць новыя печы. Карпаў.

3. ‑а. Спец. Провад або спецыяльнае прыстасаванне, прызначанае для сувязі са знешнім асяроддзем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхрысці́цца, ‑хрышчуся, ‑хрысцішоя, ‑хрысціцца; зак., ад чаго.

Разм. Адвязацца, адчапіцца ад каго‑, чаго‑н.; хрысцячыся, пазбавіцца, паводле ўяўлення набожных людзей, ад нячыстай сілы. [Сымонка:] — Дзедка, чуеш: во — спявае! Ці ж не чуеш, дзедка? Вунь! — Гэта здань твая такая: Адхрысціся, хлопча, плюнь! Колас. // перан. Адкараскацца, адгаварыцца, адвязацца. Андрэй Руды хацеў забраць сваіх старых у мястэчка, але тыя адхрысціліся: — Ідзі ты ад нас, згінь! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпра́ва, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выпраўляць ​2 — выправіць ​2 (у 1, 3 знач.).

2. Экспедыцыя, экскурсія, паход і пад. Падводы здаліся нам патрэбныя, калі мы складалі план выправы. Карпюк.

3. Абл. Рэчы, якія рыхтуюцца для таго, хто ідзе (едзе) у дарогу. // Пасаг у выглядзе хатніх рэчаў. Дасць маці выправу: падушку Ды кубел стары з палатном. Купала.

4. Тое, што і выпраўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсталява́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсталёўваць — абсталяваць.

2. Сукупнасць прыстасаванняў, прылад, механізмаў і пад., неабходных для чаго‑н. Электрычнае абсталяванне. Мантаж абсталявання. Завод аснашчаны самым новым абсталяваннем. □ [Іваноў:] — Падпольшчыкі Мінска просяць дастаць ім рускія шрыфты і друкарскае абсталяванне. Новікаў. // Мэбля для памяшкання; мэбліроўка. Абсталявання мала. Трэба набыць канапу, люстраную шафу, вялікі насценны гадзіннік, ды ці мала чаго! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)