БРА́ЗЕР (Абрам Маркавіч) (1892, Кішынёў — 1942),

бел. скульптар, жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Кішынёўскае маст. вучылішча (1910), вучыўся ў Парыжскай АМ (1912—14). Удзельнік выставак «Асенні салон» у Парыжы (1913), «Свет мастацтваў» у Петраградзе (1916). Выкладаў у Віцебскім маст.-практычным ін-це (1918—23), у Мінску. Яго скульптурныя работы вызначаюцца глыбінёй вобразных характарыстык, экспрэсіўнасцю: помнік-бюст І.​Г.​Песталоці ў Віцебску (1919—20, не захаваўся), партрэты К.​Маркса (1920), Ф.​Скарыны (1925), С.​М.​Міхоэлса (1926), М.​М.​Галадзеда (1931), М.​Б.​Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.​Э.​Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобл., 1933). Сярод жывапісных твораў аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэты Ю.​Пэна (1921), У.​І.​Галубка (1931), карціны «Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.» (1928) і інш. У 1930-я г. выканаў шэраг графічных работ, у т. л. партрэты пісьменнікаў М.​Лынькова, З.​Бандарынай, К.​Чорнага, П.​Броўкі, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Загінуў у фаш. канцлагеры.

Літ.:

Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.

П.​М.​Герасімовіч.

А.Бразер. С.​М.​Міхоэлс. 1926.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),

бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.​Керзіна і М.​Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.​Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял. Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.

Літ.:

Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.

Г.А. Фатыхава.

Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб. фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.​Хэмета і Р.​Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.

Тв.:

Бел. пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;

рус. пер. — Рассказы. М., 1975;

Память человечества. М., 1982;

Холодный ветер, тёплый ветер. М., 1983;

О скитаньях вечных и о Земле. М., 1988;

Фантастика Рея Брэдбери М., 1992;

Чикагская бездна. М., 1993.

Е.​Л.​Лявонава.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),

бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.

Літ.:

Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.

М.​С.​Лобач.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. паўн. і цэнтр. раёнаў Брэсцкай вобл. і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абл. 12.5.1942 арганізаваны міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў дзейнасць раённых і падраённых антыфаш. арг-цый, вял. ўвагу аддаваў разгортванню партыз. руху, меў падп. друкарню. Да восені 1942 антыфаш. арг-цыі і партыз. атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Шарашоўскім, а пазней і ў інш. раёнах. Са жн. 1942 да ліп. 1944 дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гар. антыфаш. арг-цыя. У ліп. 1943 на базе міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» створаны Брэсцкі абл. антыфаш. к-т, які са снеж. 1943 выдаваў газ. «За Родину», лістоўкі, адозвы, зводкі Саўінфармбюро і інш. на бел., рус., польск. і ням. мовах. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, удзельнічалі ў іх баявых аперацыях па разгроме гарнізонаў ворага, падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, зрывалі выкананне паставак. Напярэдадні вызвалення Брэсцкай вобл. арг-цыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.

У.​Я.​Навуменка.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ (сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч

(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.​Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.​Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.​Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),

украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. У Вял. Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.​А.​Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш. літ. прэмія імя Л.​Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Глебкі, В.​Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.​Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.​Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.​Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.​Аўрамчык, Вітка, Н.​Гілевіч, М.​Калачынскі, Е.​Лось, М.​Танк, У.​Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ПАВЯТО́ВАЯ РА́ДА СЯЛЯ́НСКІХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ, Ваўкавыскі павятовы Савет сялянскіх і рабочых дэпутатаў,

орган улады ў канцы 1918 — пач. 1919 у Ваўкавыскім пав. Рашэнне пра яе ўтварэнне прынята на Бел. сял. з’ездзе ў Гродне 15—16.12.1918. 1-ы з’езд рады (27—29.12.1918) выбраў выканком рад сял. і рабочых дэпутатаў. 2-і з’езд (5—7.1.1919) стварыў пав. выканком (15 прадстаўнікоў ад сялян і 3 прадстаўнікі яўр. рабочай партыі, старшыня Ф.​Данілюк). Выканком абвясціў стварэнне гар. і пав. міліцыі, валасных судоў. Пры выканкоме створаны камісіі (с.-г., зямельная, фінансавая, нар. здароўя, культ.-асв., барацьбы са спекуляцыяй), аддзелы (харч., дапамогі ваеннапалонным і бежанцам), упраўленні (лясоў і інш.). Зямля і лясы прызнаваліся нац. уласнасцю. Канчатковае вырашэнне зямельнага пытання належала «краёваму або дзяржаўнаму ўстаноўчаму сходу». Рада выказалася за адкрыццё ў вёсках нар. школ з бясплатным пач. навучаннем, грамадскіх аптэк і лекарскіх участкаў. Падтрымлівала цесную сувязь з Радаю нар. міністраў БНР. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі павета польскімі войскамі.

Літ.:

Адраджэнне: Гіст. Альманах. Вып. 1. Мн., 1995.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)