Пла́стыр ’наклееная на тканіну ліпкая лекавая маса, якая прыкладаецца да ран, нарываў і да т. п.’ (ТСБМ). З рус. пластырь ’тс’ (новае запазычанне). Аднак трэба прымаць пад увагу тое, што гэтая лексема прыйшла на ўсх.-слав. тэрыторыю з прыняццем хрысціянства і ў стараж.-рус. мове вядомая з XI ст. Побач з ёй існавалі ст.-бел. плястеръ, плястръ, фяястръ ’тс’ (1518 г.), якія са ст.-польск. plaster, plastr (Булыка, Лекс. запазыч., 130), а яны — са ст.-в.-ням. pflastar ’павязка на рану’, ’брук’; апрача гэтага ў бел. дыялектах пашырана лексема пляйстар (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)