«ПЛАНА́Р»,

дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сць спец. тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм. Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.

М.​С.​Калядка, А.​В.​Нікіфараў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,

падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.

Да арт. Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).

Тв.:

Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;

Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;

Спатканні і ростані. Мн., 1978;

Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),

бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.​Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Раздзялоўская. Мальвы. 1976.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купа́ла1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купаць ’гарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купаць ’гарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыма́ць1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.

Прыма́ць2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)