«ПЛАНА́Р»,
дзяржаўны навук.-вытв. канцэрн дакладнага машынабудавання. Засн. ў 1992 на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання (існуе ў Мінску з 1962). Уключае комплекс устаноў і прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць і забяспечваюць вытв-сць спец. тэхнал. абсталявання для мікраэлектронікі і мехатронных сістэм. Асн. прадукцыя (2001): оптыка-мех. абсталяванне для вырабу і кантролю фоташаблонаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў, шматслойных пячатных плат, а таксама для фарміравання і пераносу відарысаў у фоталітаграфіі, лазернай тэхналогіі раздзялення матэрыялаў; аўтаматы і паўправадніковыя аўтаматы дыскавай рэзкі, зондавага кантролю і мантажу крышталёў; лінейныя шагавыя рухавікі; высокараздзяляльныя аб’ектывы і аптычныя сістэмы; медтэхніка і тавары нар. спажывання. «П.» з’яўляецца лідэрам у распрацоўцы сістэм тэхн. зроку, унікальнай апаратуры для вымярэнняў, даследаванняў і выпрабаванняў з элементамі штучнага інтэлекту. Удзельнічае ў выкананні дзярж. праграм «Лазеры», «Белэлектроніка», «Прылады і сродкі вымярэнняў і тэхнічная дыягностыка», а таксама бел.-рас. праграм.
М.С.Калядка, А.В.Нікіфараў.
т. 12, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)