нізі́на

1. Раўніна, якая размешчана не вышэй як 200 м над узроўнем мора (БРС).

2. Нізкая даліна; вільготная прырэчная мясцовасць (БРС). Тое ж нізіна́ (Палессе Талст., Слаўг., Сміл. Шат.), нізіна́, ні́збіна (Рэч.).

3. Нізкае месца на полі, дзе доўга стаіць вада (Слаўг.). Тое ж нізкота, ніскота (Жытк., Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пане́сці сов.

1. в разн. знач. понести́;

ма́ці ~сла дзіця́ дадо́му — мать понесла́ ребёнка домо́й;

спача́тку я панясу́, а по́тым ты — снача́ла я понесу́, а пото́м ты;

п. ця́жкую стра́ту — понести́ тяжёлую утра́ту;

2. (иметь достаточно силы, чтоб поднять и отнести) снести́;

мне гэ́тага не п. — мне э́того не снести́;

3. (быстро повезти) понести́, помча́ть;

ко́ні спужа́ліся і ~слі па по́лі — ло́шади испуга́лись и понесли́ (помча́ли) по́ полю;

4. безл. (запа́хнуть) понести́, потяну́ть;

5. безл., разг. понести́;

куды́ цябе́ ~сла? — куда́ тебя́ понесло́?;

◊ як п. — ско́лько унесёшь

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ВЕ́ЦЕР,

рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.

Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пн — паўн., з ПнЗ — паўн.-зах. і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм. канвекцыі.

Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл. Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.

Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер. — паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.

23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля I-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.​А.​Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс. чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш. Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).

У.​У.​Бянько.

Герб Крычава. 1633.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ляд 1 ’няшчасце, няўдача’ (Булг.). Роднаснае з рус. ляд ’д’ябал, нячысцік, якое выводзяць з ледачий ’шалапутны, нічога не варты’ або з польск. ladaczy (ladacy) ’д’ябал’. Гэта нібыта пацвярджаюць і бел. лядашчыц ’нячысцік’, лядашцік ’злы дух’ (Нас.). Паводле Карскага (Труды, 205), лядъ лічыцца таксама паланізмам, што можна аспрэчваць. Бел. ляд з’яўляецца працягам прасл. паўн. lędъ ’д’ябал’, які названы так паводле яго месцазнаходжання — на лядах, параўн. аналагічна хлеўнік, амшанік, балотнік (Талстой, Геогр., 142–143). Развіццё семантыкі ў адмоўным напрамку, як і ў бел. чартаўшчына ’што-небудзь незразумелае, неверагоднае, недарэчнае’, якое ад чорт. Бел. ляд мае адпаведнікі ў рус. народных гаворках са значэннямі: ’бяда, няшчасце’, ’хвароба, немач’, ’усё ні да чаго не патрэбнае’. Сюды ж маст. ляда ’цяжка’ (Сл. ПЗБ).

Ляд 2 ’прагаліна на полі, дзе не ўзышло збожжа або бульба’ (кам., ДАБМ, 957), ’поле на месцы высечанага лесу ці пажарышча’ (пруж., Яшк.). Роднаснае да ляда 1 (гл.). Прасл. lęd‑ъ (параўн. рус. валаг., калін. ляд ’нізкае балоцістае месца’, ’сырая паляна’, арханг. ’лядная сістэма земляробства’ ўжывалася разам з lęd‑a і lęd‑o, як і іншыя словы з суфіксамі на ‑nъ (‑na, ‑no) і ‑tъ (‑ta, ‑to), — больш падрабязна гл. Аткупшчыкоў (Из истории, 162, 163).

Ляд 3 у назве расліны мышый ляд ’гарошак мышыны, Vicia crassa L.’ (драг., Нар. лекс.). Да ля́да 2 (гл.) або да яд (?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паго́н 1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус. пск. пого́н ’выган’, балг. по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв. pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.

Пагон 2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус. пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.

Паго́н 3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск. *pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапёлка ’палявая птушка сямейства фазанавых. Cotumux eoturnux’ (ТСБМ; в.-дзв., лудз., паст., Сл. ПЗБ), перапялща, пэ‑ рэпэліца, пэрэпэлиця ’тс’ (Дразд., Бес.), перэпеліца, перэпʼёпка ’тс’ (ТС). Укр. перепел, перепела, перепеліщя, рус. перепел, перепёлка, перепелу́шка, перепелица, польск. przepiórka, przepiorą, przepiorzyca, przepiehteha, чэш. krepelka, славац. prepelica, prepilka, славен. prepelíca, krepelíca, серб.-харв. prȅpelica, прѐпелица, prepelka, істр. prpełica, балг. дыял. преперица, препелица. У якасці зыходнага прымаецца *pelepelъ, паводле Бузука (Асн. пыт., 49), у выніку распадабнення зычных > *perepelъ; паводле Трубачова (Этимология–1968, 62) — *pelpelъka, *pelpelica, анаматапеічнае ўтварэнне паводле спеву птушкі альбо шуму пры ўзлёце (Шанскі-Баброва, 230): *per‑pelь (Махэк₂, 299–300), *per‑per‑a (Лось, РФВ, 23, 59; Міклашыч, 243; Банькоўскі, 2, 888), pel‑pelъ (Бранд., РФВ, 23, 296; Фасмер, 3, 238–239). Некаторыя слав. словы збліжаюцца са ст.-прус. penpalo ’перапёлка’, літ. píepala, pùtpelė, лат. paîpala ’тс’, ці з лац. pāpilio ’матылёк’, ст.-прус. pippalins ’птушкі’, ст.-в.-ням. wahtala > суч. ням. Wachtel, quatiula > ням. дыял. Quatiel ’перапёлка’. Сюды ж абрадавае перапёлка ’хлеб, які пакідалі пад звязаным пуком жыта ў канцы дажынак’ (в.-дзв., беласт., Сл. ПЗБ; кам., ЖНС), а таксама зах.-палес. пырыпілка ’матылёк’ (ЛА, 1; Сл. Брэс.). Аналагічна польск. przepiórka ’пук жыта, сплецены ў тры касы і пакінуты па полі пасля жніва для перапёлкі’; ’заканчэнне жніва’. Гл. таксама перачніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляц ’сядзіба калгасніка’, ’зямля пад сядзібай’, ’незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’частка прысядзібнага ўчастка каля хаты ці ў полі’ (ТСБМ, БРС, Нас., Сцяшк. МГ, Бір., Яруш., Выг., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС; карэліц., Янк. Мат.; капыл., Жыв, сл.), ’месца для пасеву, плошча’ (Растарг.), ’прастора вакол царквы, цвінтар’ (стол., Яшк.), ’прысядзібны ўчастак’ (ЛА, 4), ’зямельны надзел (у мінулым)’ (ЛА, 3); плац ’участак зямлі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пляцъ ’участак зямлі пад гаспадарчымі будынкамі і агародам’, ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе, ад якога ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы’, плацъ ’поле бою’ (1441 г.). З польск. plac (з 1496 г.), płac (з 1434 г.) ’месца, не забудаванае ў горадзе’, ’месца пад будынкі’, ’месца бою’, якія запазычаны з мовы нямецкамоўных мяшчан польскіх гарадоў — з н.-ням., с.-н.-ням. platz, апошняе, як і франц. place, італ. piazza, узыходзіць да лац. platea ’вуліца, двор’ < ст.-грэч. πλατεῖα ’шырокая дарога, вуліца’. Бел. пляц ’плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў’ (ТСБМ) — з рус. пляц, запазычанага (пры Пятры I) з ст.-бел. пляцъ ці ст.-польск. plac; а рус. плац ’тс’ — з ням. platz ’плошча’ (Брукнер, 416; Карскі, БР, 156, Кюнэ, Poln., 87, Булыка, Лекс. запазыч., 189; Банькоўскі, 2, 595; Фасмер, 3, 276). Сюды ж: пляцава́ць ’мераць на участкі’, пля́цны, пляцовы ’які адносіцца да планавай меры’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МСЦІСЛА́Ў,

горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс. ж. (1998).

Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн. Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл. Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс. ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс. ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл. Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс. ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.

Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл. Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл. Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.

Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.

Літ.:

Ясинский О.А., Гасенков ВЛ. Мстиславль: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Караткевіч У. Мсціслаў=Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі. Мн., 1985;

Ткачоў М.А., Трусаў А.А. Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.
Да арт. Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.
У цэнтры Мсціслава.
Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гру́да

1. Замёрзлая зямля, гразь (Бял. Матэр., Лёзн., Нясв., Пол., Слаўг., Сен. Касп., Смал., Смален. Дабр., Шчуч.). Тое ж груда́ (Ветк.).

2. Засохлыя камякі на полі (Жытк.). Тое ж груддзе (Сміл. Шат.), камлы́жжа, субулды́жжа.

3. Куча рыхлай зямлі, лёду, галля (Слаўг.).

4. Вялікая глыба зямлі пры абвалах у кар'еры, яме (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)