пячы́, пяку, пячэш, пячэ; пячом, печаце, пякуць; пр. пёк, пякла, пякло; заг. пячы; незак., каго-што.

1. Гатаваць ежу сухім награваннем, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (хлеб, яечню, сала і пад.). Пячы пірагі. □ Пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае шыпучае полымя, пяклі ў прыску.. бульбу. Брыль. Ля печы клапоціцца маці І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. і без дап. Моцна прыпякаць, абдаваць гарачынёю; паліць. Сонца пякло так неміласэрна, што нават гаманлівы заўсёды пляж прыціх. Лынькоў. // Выклікаць адчуванне апёку, вострага болю. Крапіва пячэ. Сівер пячэ твар. □ Мароз пёк агнём, а ніколі так не былі ў партызан расхрыстаны грудзі. Карпюк. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры, пяклі цела камары. Хомчанка. // Прычыняць востры нясцерпны боль, гарэць агнём. Тузала ногі, нылі плечы, на далонях пяклі мазалі. Дамашэвіч. // безас. Пра адчуванне гарачыні, пякоткі. У горле пячэ. □ [Тэлефаніст] зразу стаў адчуваць, як у грудзях стала смактаць і пячы, як агнём. Чорны.

3. перан.; і без дап. Не даваць спакою, трывожыць, мучыць. Адно пякло душу — не мог атрымаць ліста з Беларусі. Няхай. Руіны білі ва ўпор, пяклі фашыстаў агнём лістовак, ірвалі мінамі. Новікаў.

•••

Як бліны пячы — вельмі хутка і ў вялікай колькасці (рабіць, выпускаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.

2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.

3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.

5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў; цалкам займае сабой якую‑н. прастору. Ад сяла да лесу, што суцэльнай сцяной сінее наперадзе, вярсты тры. Навуменка. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Колас. // Які распаўсюджваецца на ўсіх ці ўсё; ахоплівае ўсіх без выключэння; паўсюдны, усеагульны. Суцэльная электрыфікацыя. Суцэльная калектывізацыя. Суцэльная пісьменнасць. □ Прынцып суцэльнага запісу слоў быў прынят Камісіяй у якасці рабочага метаду і для складальнікаў краёвых слоўнікаў. Гіст. бел. літ. мовы. // Спец. Які не надзяляецца на пласты па сваёй структуры (пра рэчыва). Суцэльны граніт. Суцэльная парода.

2. Які не мае ў сабе нічога іншага, без дабаўлення чаго‑н.; які цалкам складаецца з чаго‑н. [Бацька:] — Я ж, дарагі Цярэшка, прафесійны злачын[е]ц, як кажуць прыстойныя людзі, і ўсё маё жыццё — суцэльная рызыка. Мікуліч. Змаганне .. [чалавека] з засухай ператвараецца ў суцэльную, бясконцую пакуту. Сачанка.

3. Зроблены з аднаго кавалка; не састаўны. Ёсць храмы, высечаныя з суцэльнай скалы. «Полымя». Насціл на мосце быў зроблены не з суцэльных дошак, а з палавінак. Сабаленка.

4. перан. Адзіны, непадзельны. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі... — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.

1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.

2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».

•••

Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.

[Ад ням. Turm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́ля, ‑і, ж.

1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Брыль. Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы. Колас. // перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю. Хомчанка. Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль. Машара. // перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля. Місько. З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці. «Полымя».

2. Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.

3. перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары. Хадкевіч.

4. перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму. Навуменка.

•••

Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.

Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.

Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,

галіна бел. літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.​Купалы.

Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.​Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.​Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.​Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.​Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.​Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.​Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.​Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.​Купалы ў той час выказвалі С.​Палуян, Л.​Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.​Купалы даў М.​Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.​Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы М.​Горкім, А.​Пагодзіным, І.​Свянціцкім, Д.​Дарашэнкам, Л.​Гірам, В.​Вегняровічам, С.​Руднянскім, Е.​Янкоўскім, А.​Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.​Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.​Купалам фальклору. Я.​Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.​Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.​Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.​Купалы зрабіў А.​Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.​Купалы — арт. М.​Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.​Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.​Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.​Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.​Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.​Купалы разглядаў І.​Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.​Купалы звяртаў увагу М.​Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.​Купалу з Т.​Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв. нац. рамантызмам. Ц.​Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.​Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.​Бэндэ, А.​Кучар. М.​Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.​Купалы звярнуўся Я.​Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.​Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.​Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.​Багушэвіча (Я.​Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.​Перкін, Шарахоўскі, І.​Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.​Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.​Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.​Коласа, К.​Чорнага, С.​Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.​Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.

Спадчына Я.​Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.​Купалы (М.​Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.​Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.​Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.​Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.​Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.​Коласа, М.​Лынькова, В.​Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.​Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.​Александровіч, Івашын, М.​Ларчанка, К.​Корсакас, М.​Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.​Юрэвіч, В.​Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.​Палітыка, М.​Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.​Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.​Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.​Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.​Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.​Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.​Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.​Лойка, В.​Каваленка, У.​Калеснік, У.​Казбярук, У.​Конан, М.​Арочка), структуры верша (Грынчык, І.​Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.​Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.​Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.​Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.​Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.​Купалы і Я.​Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.​Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.​Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.​Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.​С.​Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.​Кісялёў). В.​Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).

Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.​Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.​Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.​Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.​Купалы (А.​Сабалеўскі, Я.​Саламевіч, Б.​Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.​Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.​Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.​Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.​Метэрлінка, К.​Гамсуна, Г.​Гаўптмана, Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Дж.​Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.​Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.​Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.​Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).

К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.​Пяткевіча і Ч.​Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.​Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.​Грыб, Ф.​Грышкевіч, А.​Чэрны), Польшчы (А.​Баршчэўскі), Германіі (А.​Адамовіч, Я.​Запруднік, Х.​Ільяшэвіч, Я.​Карскі, М.​Куліковіч, М.​Маскалік, С.​Станкевіч), ЗША (Ю.​Віцьбіч, М.​Кавыль, М.​Панькоў, В.​Тумаш), Канадзе (К.​Акула, В.​Жук-Грышкевіч, У.​Сядура, С.​Хмара), Італіі (П.​Татарыновіч, В.​Сянкевіч), Англіі (А.​Макмілін, А.​Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.​Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.​Купалу выступілі Ю.​Віцьбіч, Я.​Кіпель, Куліковіч, І.​Плашчынскі, І.​Рытар, А.​Савёнак, З.​Станкевіч, М.​Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.​Калубовіч) і кн. С.​Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».

Літ.:

Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;

Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;

Сіненка Г.​Д.​Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр. Мн., 1980;

Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;

Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.

І.​Э.​Багдановіч, І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́К (Białystok),

горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Беластоцкага ваяводства. 275 тыс. ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.

Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст. наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн. руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач. яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел. паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦК КПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.

Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.​Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.​Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.​Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.​Сасноўскі).

У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-ва бел. школы пад кіраўніцтвам К.​Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.​Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел. т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-р муз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж. яўр. т-р БССР (1940).

У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.​Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац. т-р імя Я.​Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм. т-р (1958, 1965).

А.​П.​Госцеў (гісторыя), Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Беласток. «Дом Напалеона».
Да арт. Беласток. Ратуша.
Да арт. Беласток. Палац Браніцкіх.
Да арт. Беласток. Кафедральны касцёл.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.​Жалезняковіч і Р.​Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і У.​Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, І.​Крылова, М.​Горкага, П.​Бажова, Г.​Траяпольскага, А.​Вішні, А.​Даўжэнкі, І.​Друцэ, Э.​Ажэшкі, М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Л.​Кручкоўскага, Я.​Івашкевіча, Я.​Бранеўскай і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1979—81;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1992—93;

Пішу як жыву. Мн., 1994.

Літ.:

Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;

Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;

Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;

Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;

Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч. Мн., 1982. Т. 2;

Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.

Г.​С.​Шупенька.

Я.Брыль.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),

геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.

Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.

Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд. т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).

Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл. Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г. н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.

На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).

Літ.:

Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.

Г.​У.​Зінавенка.

Да арт. Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.
Да арт. Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)