куляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)