Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pęta ’аковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnen ’прасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́чка ‘вяха, вешка, уваткнуты ў зямлю шост, якімі пазначаюць дарогу, межы зямельных участкаў, мель, фарватар’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., Растарг., ТС, Мал.; лід., пін., Сл. ПЗБ), ‘знак забароны хадзіць ці пасвіць жывёлу’ (Жд. 2; Нік., Оч.; ашм., Стан.), ‘упіканне’ (Нас.); ‘кіёк’ (Сцяшк.): ja z taboju ŭ tyczki hraŭ? (у адказ таму, хто звяртаецца на «ты»; Федар. 4), ‘высокі чалавек’ (Ян.); ‘завостраная палка, якой праводзяць баразёнку, як саджаюць гуркі’ (Бяльк., Булг., Мал., Гарэц., Федар. 6), ‘жэрдка для выцягвання вядром вады з калодзежа’ (Тарн.; іван., ЖНС; івац., Жыв. сл., Зайка Кос.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (кам., ДАБМ, камент., 809), ‘прытык(а), шост і шнур з крукам для замацавання ля дна рыбалоўных снасцей’ (Крыв., Шат.), ‘вітка, якой перавіваюць калкі плота’ (стол., ЛА, 4), ‘ручка цэпа’ (малар., Выг.), ‘дзяржанне ў качарзе’, ‘вілачнік’, ‘дзяржанне ў памяле’ (ваўкав., ЛА, 4); ‘жэрдка, падвешаная ўверсе перад печчу’ (кам., ЛА, 4), ‘шост для падпірання павойных раслін’ (ТСБМ, Нас., Шат., Ян.), ст.-бел. тычка ‘вяха, знак мяжы ці забароны’ (1541 г., ГСБМ). Параўн. укр. ти́чка ‘вяха’, ‘апора для павойных раслін’, ‘жордачка’, ‘від гульні’, рус. тычок ‘патарчака’, польск. tyczka ‘кій, шост, вешка, утыканая ў зямлю’, ‘від гульні’, чэш. tyčka ‘кій, шост’. Відаць, рэгіянальнае славянскае ўтварэнне пры дапамозе суфікса ‑k‑a ад *tyčь > тыч альбо мясцовае ад ст.-бел. тыка (гл.) і суф. ‑ьк‑а. Да ты́каць (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́сці, па́стэ, па́сты ’упасці, быць пераможаным’, ’апусціцца’, ’здохнуць’, петрык. ’пахудзець’ (ТСБМ, Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; кам., Шатал.), па́сціся ’кінуцца пад ногі (аб сабаку)’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр. па́сти (паду́), рус. пасть, падать, польск. paść, н.-луж. padaś, в.-луж. padać, ст.-чэш. і зах.-чэш. pásti (padu), чэш. padati, славац. padať, славен. pásti (padem), серб.-харв. па̏сти (па̏днем), макед. падне ’ўпасці’, ’зайсці (аб сонцы, месяцы)’, паѓа ’падаць’, ’заходзіць’, балг. падна, ст.-слав. пасти (падѫ) ’пасці, падаць’. Прасл. pasti (padǫ) (з і.-е. *pōd‑); паводле Махэка₂ (425), прасл. аснова pad‑ узнікла ў выніку налажэння асновы ped‑ (ст.-інд. pādayatē ’падае, ідзе’, авест. avapasti‑ ’падзенне’, pasta‑ ’які загінуў’, ст.-в.-ням. gi‑feʒʒen ’упасці’) і pōl‑ (літ. pùlti, púolu, лат. pult, puolu, ст.-в.-ням. fallan, суч. fallen ’падаць, пасці’). Мюленбах-Эндзелін (3, 206) збліжаюць з под, з лац. pēs, pedis ’нага’, ст.-грэч. πώς, гоц. fōtus ’тс’.

Пасці́1, пасьць, пасті́, па́стэпасвіць’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’сцерагчы’ (Мат. Гом.), пасці́ во́ка ’назіраць, цешыцца’ (КЭС, лаг.), па́сьціся ’пасвіцца’ (Бяльк.), па́стысь ’лётаць за ношкай’ (Нікан.). Укр., рус. пасти́, польск. paść, палаб. post, н-., в.-луж. pasć, чэш. pásti, славац. pásť, славен. pásti, серб.-харв. па̏сти, макед. пасе, балг. паса, ст.-слав. пасти, пасѫ. Прасл. pasti ’пасці’ з’яўляецца інфільтрацыяй італ. pas‑ ’тс’, а італ. pāstōr‑io‑s ’пастух’ дало прасл. мове pastyrь (гл. пасты́р), выцесніўшы ў гэтым значэнні балтыйскія па паходжанню goniti, gonъ (параўн. ст.-прус. guntwei, лат. giñti, ganýti, лат. dzît, ganît ’гнаць’, ’пасці’, літ. gãnas, лат. gans ’пастух’) (Мартынаў, Язык, 64–65). Іншыя версіі, якія выводзяць прасл. лексему з і.-е. *pā(s)‑ гл. у Міклашыча (232), Голуба–Копечнага (256), Брукнера (398–399), Фасмера (3, 215), Скока (2, 614–615), ці з *poH‑s‑/‑sk‑ (Іванаў, Общеиндоевр., прасл. и анатол., 172–174). Каралюнас (Балто-слав. сб., 281–288) даводзіць, што адпаведнікамі прасл. pasti з’яўляюцца лац. pāscō, тах. A pās‑, В pāsk‑ і хец. paḥš‑, а таксама літ. pósėti ’шанаваць (ідалы)’, põselėti, púoseleti ’карміць (клапатліва даглядаючы)’, ’пялегаваць’, лат. pâsêt ’(празмерна) карміць’, pãsêt ’пялегацаць, песціць, шкадаваць, ахоўваць, адстойваць’, pàst ’пялегаваць, клапаціцца’.

Пасці́2, пасьці́ ’амаль’ (бялын., Янк. 3.; Юрч., Бяльк.). З рус. почти, якое з’яўляецца формай 2‑й ас. загаднага ладу дзеяслова почитать (Праабражэнскі, 2, 118; Фасмер, 3, 349), пры гэтым ‑чтʼ‑ > ‑чцʼ‑ > ‑сʼцʼ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)