НЕ́МЦАЎ ПАВО́ЛЖА АЎТАНО́МНАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Рас. Федэрацыі, якое існавала ў 1918—41 у Ніжнім Паволжы, дзе з 18 ст. жылі ням. каланісты. Засн. паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 19.10.1918 як Аўт. вобласць (Прац. камуна) немцаў Паволжа, тэрытарыяльна аформілася ў 1918—19 і 1922. Пл. 28 тыс. км², нас. (1939) 605,5 тыс. чал., у т. л. 66,4% немцаў, 20,4% рускіх, 12% украінцаў. Сталіца — г. Энгельс (да 19.31 наз. Пакроўск). Падзялялася на 22 кантоны (раёны) і 2 самаст. адм.-гасп. адзінкі (г. Энгельс і р.п. Чырвоны Тэкстыльшчык). Раўнапраўныя дзярж. мовы — нямецкая, руская, украінская. Гаспадарка мела агр.-індустр. характар. У студз. 1919 у Варэнбургу (цяпер с. Прывольнае) пасля харч. рэквізіцыі адбылося антысав. сял. паўстанне (задушана, 32 паўстанцы расстраляны). У час голаду 1921—22 насельніцтву вобласці дапамагалі харчамі Міжнар. саюз дапамогі дзецям (кіраўнік Ф.Нансен) і Амерыканская адміністрацыя дапамогі. 6.1.1924 на XI абласным з’ездзе Саветаў абвешчана АССР немцаў Паволжа (пераўтварэнне вобласці ў АССР зацверджана сумеснай пастановай ВЦВК і СНК РСФСР ад 20.2.1924). 31.1.1926 на 3-м з’ездзе Саветаў рэспублікі прынята яе Канстытуцыя. У 1930-я г. ў рэспубліцы было 5 ВНУ, 11 тэхнікумаў, 172 калгасныя клубы, 121 б-ка, 20 дамоў культуры, 52 кінатэатры, 4 тэатры (ням., рус., укр., дзіцячы), выдаваліся 29 газет (з іх 21 на ням. мове). З 1938 пачалося закрыццё ням. нац. школ, рэпрэсіравана значная частка ням. інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР рэспубліка скасавана (указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 28.8.1941), яе ням. насельніцтва прымусова вывезена на спецпасяленні ў Новасібірскую і Омскую вобл., Алтайскі край, Казахстан. Большасць раёнаў рэспублікі з г. Энгельс уключана ў Саратаўскую, астатнія — у Сталінградскую (цяпер Валгаградская) вобл. Рашэннямі Прэзідыума Вярх. Савета СССР адменены высунутыя ў 1941 беспадстаўныя абвінавачанні сав. немцаў у дапамозе гітлераўцам (указ ад 28.8.1964) і забарона вяртацца ў Паволжа (указ ад 3.11.1972). Канчаткова немцы Паволжа рэабілітаваны паводле Дэкларацыі Вярх. Савета СССР ад 14.11.1989 і Закона РСФСР ад 26.4.1991, якія датычыліся ўсіх б. рэпрэсіраваных народаў СССР.

Літ.:

Емельянов В.П. Нужна ли нам республика немцев Поволжья? Саратов, 1991;

Герман А.А. Немецкая автономия на Волге, 1918—1941. Ч. 1. Автономная область, 1918—1924. Саратов, 1992.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),

бел. паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел. культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел. навук. т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.​Луцкевічам, В.​Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел. Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

Тв.:

Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);

Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.

Літ.:

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;

Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.

Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

А.​К.​Каўка.

І.І.Луцкевіч.

т. 9, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.​Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.​А.​Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл. Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.​Антушкевіч, Я.​Стральбіцкі, М.​Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.​Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц. маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.​Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.

А.​М.​Пікулік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЯТО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач. прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г. правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.

Літ.:

Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;

Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.​К.​Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.​Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​І.​Андрусаў, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, Дз.​В.​Наліўкін, М.​М.​Страхаў, Л.​Б.​Рухін, К.​К.​Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.​А.​Туткоўскі, Ф.​В.​Лунгерсгаўзен, М.​Ф.​Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.​С.​Акімец, Л.​М.​Вазнячук, В.​К.​Галубцоў, С.​С.​Маныкін, А.​С.​Махнач, І.​В.​Міцяніна, М.​М.​Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.​І.​Кеда), антрапагене (Н.​А.​Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.​І.​Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Я.​І.​Аношкі, У.​Я.​Бардона. М.​В.​Вераценнікава, Э.​А.​Высоцкага, Г.​У.​Зінавенкі, С.​А.​Кручака, М.​М.​Лявых, Э.​А.​Ляўкова, К.​М.​Манкевіча, В.​А.​Масквіча, А.​А.​Махнача, А.​В.​Мацвеева, І.​І.​Ур’ева, У.​І.​Шкурагава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л., 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.​Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.​І.​Мурашка.

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́ШЧЫКІ,

дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл. Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс. рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.

На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)