развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.
2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.
3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».
4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Ударыцца аб што‑н. або адзін аб аднаго, наткнуўшыся на што‑н. або на каго‑н. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Колас. [Сіўцоў] чытаў у гэты час газету, і яны [Сіўцоў і Вера] стукнуліся галовамі. Васілевіч. // Выцяцца, ударыцца. Прыбеглі з вёскі людзі, дасталі .. [Толька] з ракі... Мусіць аб патарчаку, ныраючы, стукнуўся. Сачанка. // перан. Уступіць у супярэчнасць, у варожыя адносіны, у канфлікт. [Салавей:] — А як толькі пачнём дзяліць іх зямлю, прыйдзецца стукнуцца лбамі з гэтаю шляхецкаю зграяй. Грахоўскі.
2. з кім. Нечакана сустрэцца з кім‑н. [Грасыльда:] — Пайшла я. У кабінет .. [Севасцянчыка] не дайшла, стукнулася з ім па парозе на ганку. Пташнікаў. Ля зямлянак я ледзь не стукнуўся лоб у лоб з партызанам, які бег нам насустрач па вузенькай і глыбока пратаптанай сцежцы ў снезе. Карпюк.
3. Трапіць у што‑н. пры імклівым руху. Лодка ішла проста на нізкі, зарослы высокаю травою востраў. Русіновіч падняў вёслы, лодка стукнулася носам у мяккі бераг і стала. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́па, ‑ы, ж.
Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.
•••
Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.
ступа́, ‑ы́, ж.
Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Узвышацца, уздымацца над паверхняй, вытаркацца ўбок, уперад, уверх. Абапал ляжалі апусцелыя палі, толькі тарчалі калючыя іголкі ржышча ды пад полем, пабліскваючы на сонцы, плавалі белыя пушынкі павуціння. Сіняўскі. Дзе-нідзе, нібы рэбры, тарчыць з-пад снегу галлё яблынь, абсечанае асколкамі і цяпер абгрызенае зайцамі. Федасеенка. // Не ляжаць гладка, не прыставаць шчыльна да чаго‑н. Абоі тарчаць. // Выпінацца, вытаркацца адкуль‑н. якой‑н. сваёй часткай. [Паштовая скрынка] была прымацавана да ўваходных дзвярэй, на ёй нават вісеў невялічкі замочак, з якога тарчаў такі ж невялікі ключык. Васілёнак.
2. Знаходзіцца дзе‑н., назаляючы сваёй непатрэбнай прысутнасцю. Нейкая жанчына, захутаная ў хустку, падыходзіць да салдата, ледзь соваючы нагамі. Спыняецца непадалёк, глядзіць на Драча. Драч — на яе. [Драч:] Чаго вылупілася?.. Валяй адгэтуль, тут нельга кожнаму тарчаць. Губарэвіч. — Той тып зноў тарчаў у акне, — сказаў наш як шафёр таварышу. Няхай. // Пастаянна бываць дзе‑н., знаходзіцца перад вачыма. [Верхаводка:] Я ж табе казаў, што дарэмна ты [Рамашка] лётаеш сюды дзень у дзень. І мяне прывучыў кожны выхадны дзень тарчаць тут на рэчцы. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трах, выкл.
1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, трэску. Узмахнула гадзюка Даўжэзным хвастом, Зачапіла палац, Грук і стук, грах і трах. Бядуля.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. трахаць — трахнуць і трахацца — трахнуцца. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» — «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. С. Александровіч. Двое салдат залазілі на бервяно і пачыналі біць адзін аднаго падушкамі .. Трах, бах падушкай, яшчэ ўдар, і бацька зляцеў з бервяна. Хомчанка.
3. у знач. вык. Разм. Ужываецца для абазначэння якога‑н. нечаканага дзеяння, учынку. Разаля ж — трах! — за капітана Раптоўна выйшла месяцы праз два. Корбан. [Дубель:] — За тое, што зайца забіў, дык ледзь са свету не зжыў [Палын]. Вымову без усяго ўсякага трах з занясеннем у асабовую справу. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увалі́ць 1, увалю, уваліш, уваліць; зак.
1. што. Укінуць, унесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уваліць камень у канаву. Уваліць мяшок жыта ў сенцы. // Разм. Усыпаць што‑н. адразу, у вялікай колькасці. Уваліць шчэбень у яму. // Вывезці на поле ў вялікай колькасці для ўгнаення глебы. Столькі гною ўвалілі пад азімыя.
2. што. Увагнуць, уціснуць унутр чаго‑н., зрабіць упалым. Уваліць страху.
3. што. Разм. Праваліць, абваліць; абрушыць што‑н. унутр чаго‑н. Такой жа моцы і столь: за метровай мураванай кладкай падвешан пераплёт сталёвых прутоў, залітых цэментам .. Вось чаму бомбы ўвалілі столь толькі там, дзе ўпалі. Лужанін.
4. без дап. Разм. Увайсці, убегчы гуртам, натоўпам, неарганізавана. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей. Шамякін.
5. Разм. Моцна пабіць. Яму так увалілі, што ледзь жывы.
6. Разм. З’явіцца, сесці (аб фурункуле, скуле і пад.). Скула ўваліла.
7. Спец. Адхіліць ад якога‑н. кірунку, курсу. Уваліць нос карабля пад вецер.
увалі́ць 2, увалю, уваліш, уваліць; зак., што.
Апрацаваць сукно, шэрсць валеннем. Уваліць лямец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбі́ць, узаб’ю, узаб’еш, узаб’е; узаб’ём, узаб’яце; заг. узбі; зак., што.
1. Набіць што‑н. на паверхню чаго‑н.; пасадзіць, накалоць на што‑н. вострае. Узбіць абруч на бочку. Узбіць вілкі на вожаг. □ Таня выпіла разам з усімі, сціпла выцерла губы кончыкам хусткі, а потым узбіла на відэлец кавалак селядца і скрылёк цыбулі і .. пачала есці. Новікаў.
2. Разм. Надзець, насунуць на што‑н. зверху. Узбіць акуляры на нос. Узбіць шапку на патыліцу.
3. Разм. З цяжкасцю надзець што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узбіў паліто на плечы.
4. Ударамі ўзрыхліць, зрабіць больш мяккім, пышным. Узбіць зямлю капытамі. Узбіць падушкі. Узбіць прычоску. □ Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, паклаў чамаданы. Колас. Цвёрды грунт узбілі ломам. Кляўко. // Ударамі ўзняць у паветра. Неўзабаве першыя халодныя кроплі дажджу цяжка ўпалі на зямлю і ўзбілі на дарозе пыл. Дайліда. // Успеніць што‑н. Узбіць мыльную пену.
5. Разм. Разбіць яйцо на скавараду, патэльню.
6. Разм. Паставіць, палажыць, павесіць што‑н. на вельмі высокае, нязручнае месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.
1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.
2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.
2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.
3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́на, ‑ы, ж.
1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.
2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.
3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.
4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.
[Ням. Schiene.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)