СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,

слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл. Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШЭ́С ЛЕ́ТНІ,

сорт грушы нар. селекцыі. Раянаваны на Беларусі, акрамя Гомельскай вобл.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, негустая. Пачынае плоданашэнне на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўраджайны, моцна пашкоджваецца бактэрыяльным ракам і паршой. Плады ніжэй за сярэднюю велічыню (50—70 г), шырокагрушападобныя. Скурка зеленавата-жоўтая з буравата-чырвоным румянцам і цёмна-кармінавымі крапінкамі на сонечным баку. Мякаць жаўтавата-белая, сакаўная, прыемнага салодкага смаку з ледзь прыкметнай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Дзюшэс летні.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

Вераценнікі: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),

мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.

Бледная паганка.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮА́НС (франц. nuance),

адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.

2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.

3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.

Т.​С.​Ляшчэня (музыка).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЛО́ЎЕ,

часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.

У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.

Літ.:

Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕНДА́РНЫЯ КА́ЗКІ,

пераходны жанр ад рэліг. легенды да казкі, у якіх фантастыка звязана з вобразамі Бога, Хрыста, святых, анёлаў, чарцей і падпарадкавана пераважна асэнсаванню сац.быт. адносін ці супярэчнасцей; від казачнага эпасу. Частка ўзыходзіць да некананічных твораў хрысціянскай л-ры на тэмы Старога і Новага запаветаў, напр., казкі «Цар Саламон (салдат, каваль) ратуецца з пекла», «Чорт у Ноевым каўчэгу» і інш. У бел. рэпертуары каля 500 сюжэтаў Л.к., ва ўкраінскім — 196, у рускім — 56. Найб. папулярныя бел. сюжэты «Хто з’еў просвірку» (11 бел., 22 укр., 10 рус. апубл. тэкстаў), «Несцерка, або залатое стрэмечка» (12 бел. і рус., 9 укр. апубл. тэкстаў), «Праведнік у царкве» (12 бел., 10 укр., 5 рус. апубл. тэкстаў) і інш. Грані паміж Л.к. і казкамі інш. жанраў часта ледзь улоўныя. Бел. Л.к. цесна звязаны з чарадзейнымі казкамі і бытавымі. Большасць з іх накіравана супраць рэліг. міфаў і догмаў. Бог у іх падаецца як несправядлівы і жорсткі, святыя — амбітныя, зайздросныя, ілжывыя, помслівыя; ім проціпастаўляюцца справядлівыя людзі.

Нярэдка ў адпаведнасці з нар. светапоглядам святыя гаспадарлівыя, праніклівыя, дзейнічаюць на карысць працаўніка-селяніна. Так, у казцы са зб. У.​Дабравольскага «Суддзя праведны» герой выкрывае несправядлівасць Бога і святых, якія абараняюць багатых. Сумненні героя ў праведнасці Бога і бескарыслівасці святых пераходзяць у іронію над царк. вучэннем і пратэст супраць грамадскай несправядлівасці. Напр., у казцы «П’яніца» просты п’яніца высмейвае ашуканства святых Пятра, Паўла, Іаана-евангеліста і г.д. У сатырычных Л.к. высмейваюцца біблейскія міфы аб стварэнні Богам зямлі, чалавека, жывёл, нярэдка ў іх сатырычна абмаляваны і святары. Л.к. адлюстравалі супярэчнасці ў светапоглядзе сялян, у іх разуменні Бога і святых, свяшчэннага пісання.

Публ.:

Чарадаейныя казкі. Ч. 2. Мн., 1978;

Легенды і паданні. Мн., 1983.

Літ.:

Малорусские народные предания и рассказы: Свод М.​Драгоманова. Киев, 1876;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979. С. 185—217.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,

генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.

Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.​Б.​Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.​І.​Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.​І.​Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.​М.​Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер. франц. войскі (каля 40 тыс. чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.​П.​Гарчакова (12 тыс. чал., 46 гармат).

У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс. чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс. чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.​П.​Уварава і казакоў ген. М.​І.​Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадз рас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс. чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс. чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).

Літ.:

Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;

Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.​Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,

вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял. кн. ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс. чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс. чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.

Літ.:

Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;

Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;

Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;

Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;

Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.

Ю.​М.​Бохан.

Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.​Басалыгі. 1989.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),

кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.​Банар, Б.​Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл. Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).

Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.

Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац. еўрап. маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.​Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.​Касат у ЗША; Л.​Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.

У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.

Складваўся як адзін з кірункаў літ. дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.​Шніцлер, П.​Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.​Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.​Мана, С.​Цвэйга; у творчасці М.​Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.​Фета, у прозе А.​Чэхава, І.​Буніна, у ранняй паэзіі А.​Блока, А.​Белага, М.​Валошына, Б.​Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.​Багдановіча.

У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.​Верлена, С.​Малармэ, П.​Луіса, М.​Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.

Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.​Равель, П.​Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.​Рэспігі, часткова А.​Казела і Дж.​Ф.​Маліп’ера ў Італіі, Ф.​Дыліус і С.​Скот у Вялікабрытаніі, К.​Шыманоўскі ў Польшчы, І.​Стравінскі, М.​Чарапнін у Расіі і інш.).

У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.​Антуана, Г.​Рэжан (Францыя), М.​Райнгарта, О.​Брама (Германія), Э.​Дузе (Італія), У.​Меерхольда, В.​Камісаржэўскай, П.​Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ. М., 1994;

Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;

Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.

А.​В.​Вайцяховіч (мастацтва), Т.​В.​Сініла Г.​В.​Сініла (літаратура).

Да арт. Імпрэсіянізм. К.​Манэ. Скалы в-ва Бель-Іль. 1886.
Да арт. Імпрэсіянізм. К.​Пісаро. Бульвар Манмартр у Парыжы. 1897.
Да арт. Імпрэсіянізм. Э.​Манэ. Алімпія. 1863.
Да арт. Імпрэсіянізм. П.​Банар. Парыж раніцай. 1911.
Да арт. Імпрэсіянізм. А.​Рэнуар. Дзяўчына з веерам. 1881.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)