ЧОРНАВАЛЛЁВІК (Calidris alpina),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны пераважна ў арктычнай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве на вільготных лугах і балотах. На Беларусі рэдкі пралётны і залётны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 57 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны чорна-бурае з шырокімі рыжымі верхавінкамі пёраў. Надхвосце бурае, падхвосце белае з ледзь прыкметнымі цёмнымі стракацінкамі. Брушка ў асн. белае, на пярэдняй частцы — вял. буравата-чорная пляма (адсюль назва). Валляк, грудзі і шыя белыя з падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Дзюба доўгая. тонкая, крыху загнутая ўніз. Нясе 3—5 яец. Корміцца дробнымі беспазваночнымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Чорнаваллёвік.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)