ШАРДЭ́Н (Chardin) Жан Батыст Сімеон (2.11.1699, Парыж — 6.12.1779),
французскі жывапісец. Вучыўся ў П.Ж.Каза, Н.Н.Куапеля і Ж.Б.Ванлао, у Парыжы. Раннім творам уласцівы дэкар. эфектнасць і сюжэтная займальнасць. Да 1730-х г. выпрацаваў уласную манеру, якая вылучаецца высакароднай стрыманасцю, яснасцю і прастатой. Яго жанравыя палотны прасякнуты тонкім лірызмам, сцвярджэннем годнасці людзей «трэцяга саслоўя»: «Разносчыца» (1739), «Ранішні туалет» (1741), «Малітва перад абедам» (1744). Партрэтам уласцівы жыццёвая непасрэднасць і задушэўнасць: «Хлопчык з ваўчком» (1738), «Партрэт жонкі» (1775). Як майстар нацюрморта, ствараў кампазіцыі са сціплым наборам прадметаў, якія вылучаюцца прадуманасцю пабудовы, матэрыяльнасцю і мяккасцю жывапіснай фактуры: «Люлькі і збан» (каля 1760—63), «Нацюрморт з атрыбутамі мастацтваў» (1766). Жывапісу Ш. ўласцівы адзінства серабрыста-шэрага і карычняватага тонаў, багацце рэфлексаў і ледзь улоўных адценняў, якія гарманізуюць пераходы ад святла да ценю.
Літ.:
Якимович А.К. Шарден и французское Просвещение. М., 1981.