Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурды́ц! ’бух, шась’ (КЭС, лаг.), бурды́нц (Нас.). Бясспрэчна, гукапераймальнага паходжання. Параўн. аснову бурд‑ (гл. бурды́ль, бурды́к!). Адносна суфіксацыі ‑ыц параўн., напр., укр. берки́ць!, чэш. brdu̇c! ’тс’ і мараўскія валашскія выклічнікі тыпу hopýc!, švʼihýc! (адносна апошніх гл. Вашэк, Vlivy, 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́звалак ’брус у калёсах, што ляжыць на пярэдняй восі’ (навагр., Шатал.). Гл. ву́залавак ’тс’, магчымы ўплыў з боку дзеяслоўных форм тыпу узваліць ’пакласці што-небудзь цяжкае’, узвалачы ’сцягнуць наверх і інш.’; падабенства да узвалак ’высокае, узвышанае месца’, відаць, выпадковае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нёню ’не хачу (у размове з дзецьмі)’ (ТС). Т. зв. дзіцячае слова, створанае шляхам рэдуплікацыі адмоўя не, пераходу е > ё пад націскам, афармлення канца слова па тыпу дзеяслоўнай формы 1‑й ас. адз. л. з. экспрэсіўным змякчэннем апошняга зычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канарэ́йка, кынаре́йка ’птушка, Serinus canaria’ (ТСБМ, Бяльк., БелСЭ, 5). Запазычана з рус. канаре́йка, якое з франц. canari ’тс’ (па тыпу индейка) < н.-лац. avis Canaria ’канарэйкай птушка, птушка з Канарскіх астравоў’. (Фасмер, 2, 177–178; Шанскі, 2 (К), 42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мястэчка, мясце́чка ’пасёлак гарадскога тыпу’, ’цэнтральная частка сяла’, ’сяло з некаторымі прыкметамі горада’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. мястечко (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. miasteczko (Кохман, Kontakty, 86; Булыка, Запазыч., 212).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыра́нка ’запалка’ (Касп.). Відаць, кантамінацыя кораня жар (гл.) са старой назвай запалкі — серя́нка, зафіксаванай як наўг. у Даля на базе мадэлі назваў прадметаў на ‑анка тыпу біянка ’маслабойка’, раскладанка і г. д., аб якіх Сцяцко, Афікс. наз., 28–29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс. км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб. выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б. ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,

помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

М.​А.​Ткачоў.

Камянецкая вежа.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)