Ачэ́піны ’вясельны абрад надзявання чапца на галаву нявесты’ (ваўк., пруж., Федар.), укр. очепини. Запазычана з польск. oczepiny ад o(b)czepić ’надзець чапец’ (у XVII–XX ст., Крупянка, Formacje, 99) з больш ранняга czepić, параўн. чэш. čepiti ’надзяваць чапец нявесце’, якія лічаць вытворнымі ад czepiec, czepek, гл. Брукнер, 74; Слаўскі, 1, 116, аднак наяўнасць бел. ачапіць ’надзець наверх, палажыць’ і словаўтваральнай мадэлі тыпу заручыны (ад заручыць), агледзіны (ад аглядзець), запоіны (ад запіваць) дае падставы дапускаць самастойнае аддзеяслоўнае ўтварэнне, параўн. адназоўнікавую форму ачэпканне ’тс’ (брэсц., Раманюк, «Маладосць», 1975, 3, 158) ад ачэпка ’чапец’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)