сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плашча́к 1, плошча́к ’абцясаная бэлька ў сцяне’ (Тарн.; астрав., лях., Сл. ПЗБ), ’брус’ (івац., Нар. сл.), ’бервяно з плоскімі бакамі’ (Жд. 1), ’палова распілаванага ўздоўж бервяна’ (кобр., Нар. лекс.; Сцяшк. Сл.), ’ашлагі — суцэльнае бервяно над сточанымі’ (іўеў., ЛА, 4), ’грунтвага’ (трак., Сл. ПЗБ), ’бервяно ў зруба калодзежа’ (П. С.). Лексема запазычана з польск. płaszczak ’абчасанае з 4 альбо з 2 бакоў бервяно’ < płaski < (паводле Банькоўскага (2, 617)) *plaz‑ьskъ < *plaza — плаз (гл.). Некаторыя са значэнняў бел. лексемы ўзніклі пры ад’ідэацыі пла́шка, пла́ха (гл.).

Плашча́к 2 (плошьчя́к) ’паром з бартамі і шпангоўтамі (як лодка)’ (Маслен.). Відаць, да плоскі (гл.).

Плашчак 3 ’сорт ячменю’ (Сцяшк. Сл.), ’сорт бобу’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да пло́скі, пла́скі (гл.). Названа з-за плоскага коласа ячменю, плоскага зярняці бобу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапяза́: ŭ łaziè na trapieziè siedzić kazá na adnoj naze. — Hryb (ваўк., Федар., 4, 470), што адпавядае зах.-палес. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’, сюды ж трэбеза́ ‘густы зараснік на балоце і рацэ’ (Бес.). Няясна (ЕСУМ 5, 640), параўн. трапеза 1. Параўн. таксама укр. нетрипе́за ‘непраходны зараснік’, якое Ніканчук (Лесная лекс., 10) збліжае з нетра (гл. нетры), што сумніўна. Сюды ж, магчыма, польск. trepież, trepeza, trabeza, trepicha ‘балота, дрыгва’, якія Талстой (Геогр., 176) спрабуе звязаць з дзеясловам *trepetati, мяркуючы пра ўсходнеславянскае паходжанне, гл. трапятаць. Хутчэй за ўсё, звязана з трапаць 1 (< *trepati: *trapiti: *trap‑, сюды ж чэш. střapiti ‘рваць на кавалкі, драць’, гл. Куркіна, Культура, 104–105), першаснае значэнне ‘неапрацаваная зямля’ ва ўкраінскай форме з адмоўем. Гл. і трупізнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыта́н 1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н 2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н 3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан 1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАБЫ́НІЧЫ,

вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́К (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.​Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.​Ханок, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,

вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЁНЫ,

цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.

Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 10​32 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.

А.​І.​Болсун.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)