плячо́, ‑а́; мн. пле́чы, Рмн. плячэй і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М (аб) пляча́х; н.
1. Частка тулава ад шыі да рукі. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо.Лынькоў.Рука Віктара ляжала на маім плячы.Савіцкі.
2. Верхняя частка рукі да локцевага сустава. Пералом пляча.
3.толькімн. (пле́чы, плячэ́й і плеч). Тыльны бок тулава ад шыі да пояса; спіна. Немцы, спяшаючыся выскачыць з гэтай смяротнай стыхіі, усё часцей штурхалі людзей у плечы.Шчарбатаў.
4.Спец. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы, якая дзейнічае на рычаг.
5.Спец. Частка прадмета або ўчастак чаго‑н., размешчаны пад вуглом да яго асноўнай часткі. Плячо бастыёна.
•••
Браць ногі на плечыгл. браць.
Вынесці на сваіх плячахгл. вынесці.
Гара з плячэй зваліласягл. гара.
За плячамі — у мінулым (быць, стаяць, мець).
За плячамі не насіцьгл. насіць.
Зваліцца з плячэйгл. зваліцца.
Зваліць з плячэйгл. зваліць.
З плеч далоўгл. далоў.
З чужых плячэй — які не падыходзіць па размеру, які раней насіў хто‑н. (пра адзежу).
Касы сажань у плячахгл. сажань.
Мець галаву (на плячах, на карку)гл. мець.
Націснуць плячамігл. націснуць.
Плячо ў плячо — а) блізка, побач з кім‑н.; б) у цесным адзінстве, разам.
Расправіць плечыгл. расправіць.
Ускласці (узваліць) на плечыгл. ускласці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лыч1 ’выцягнутая пярэдняя частка галавы некаторых жывёл, рыла’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Грыг., Гарэц., Касп., Растарг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ, Мікуц.; КЭС, лаг.; рагач., КЭС), ’твар, брудны твар’ (КТС, Касп.), лы́чак ’лыч’ (Ян.), лы́чык ’рыльца ў парасяці’ (Нас.). Укр.паўн., валын., палес.лич, ли́че, ли́ччя ’свінячае рыла’, ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’, рус.смал., бран., калін.лыч ’рыла свінні’, наўг.лы́чко ’морда сабакі’; польск.łycz ’рыла’, ’доўгі нос’, ’рыла дзіка’, lycz lodzi ’нос карабля’, паводле Слаўскага (5, 384), запазычана з бел. мовы. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 181) узводзіць гэту лексему да прасл.дыял.lyčь < *lūkjo‑, супастаўляючы яе ўслед за Траўтманам (151), Фрэнкелем (344, 361), з літ.laũkas ’з белай плямай на лбе’, лац.lūcidus ’ясны’, літ.liaukà ’шыйная залоза’, laukos ’залозы ў свінні’, лат.laukos, ļauka ’пухліна залоз у свінні’. Інакш і больш імаверна Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38), які мяркуе, што бел. форма была запазычана з укр. гаворак і ўзыходзіць да прасл.ličь, якое з’яўляецца роднасным да прасл.likъ, lice. Сюды ж лычава́ць ’рыць лычом’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’рабіць падкоп (пад каго-небудзь)’ (Юрч. Вытв.).
Лыч2, лы́чык ’верхняя частка бурака, націна’ (Нас.), віл.лы́чыкі ’націна буракоў’ (Сл. ПЗБ), рус.лыч, паўн.-дзв. ’валасы над ілбом’, вяц., валаг., калін., перм. ’націна караняплодаў (бручкі, морквы, рэпы, буракоў, бульбы)’, наўг. ’лісты і сцябло рэпы’, казан.лычы́ ’агурэчнік’. Бел.-рус. ізалекса. Роднаснае да лыка (гл.), якое да прасл.lyk‑o (н. роду), побач з якім існавалі формы ж. роду (параўн. рус.лыка ’лыка’) і м. роду — lykъ/lykь > lyčь < *lūkʼ‑, як у літ. і лат. мовах (lùnkas, lûks), якое абазначала выцягнутыя, (як лыка) падоўжаныя прадметы, параўн. суч. бел.лы́чык ’край буханкі хлеба’ (глыб., Сл. ПЗБ), лычка ’колца, круг кілбасы’, лычка, лычкі ’вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сы́паць ’прымушаць падаць што-небудзь сыпкае ці дробнае’, ’трусіць, церушыць’, ’ісці, падаць (пра снег, дождж)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Растарг.), ’пасыпаць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, наліваць’ (брагін., мін., Цыхун, вусн. паведамл.; Растарг.): сып воду (КСП), ’ставіць сетку’ (калінк., Арх. ГУ), ’страляць’ (гарад., Нар. ск.), сы́пацца ’падаць уніз (пра што-небудзь дробнае)’, ’здыхаць, прападаць’ (ТС), ’ліцца (пра слёзы)’ (Ян.), ’часта нараджацца’ (Юрч. Вытв.), сыпаце́ць ’ляцець; шугаць’ (Сл. ПЗБ). Укр.си́пати ’сыпаць; ліць’, рус.сы́пать ’сыпаць’, ц.-слав.сыпати, польск.sypać ’сыпаць’, дыял. ’ліць’, в.-луж.sypać, н.-луж.sypaś, чэш.sypati, славац.sypať, серб.-харв.си̏пати ’сыпаць, ліць’, славен.sípati ’сыпаць’, балг.си́пвам ’сыпаць, ліць’, макед.сипе ’тс’, ст.-слав.сыпати ’сыпаць’. Прасл.*sypati ’сыпаць’; іншая ступень чаргавання: стараж.-рус.сути, съпу ’сыпаць’, ст.-слав.соути, съпѫ ’тс’. Славянскае слова роднаснае літ.sùpti, supù ’калыхаць, люляць’, ітэратыў sūpúoti, ст.-прус.suppis ’насып’, лац.supō, ‑āre ’кідаць’ (гл. Траўтман, 293; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1124; Фасмер, 3, 818; Шустар-Шэўц, 1400–1401; Махэк₂, 543; ЕСУМ, 5, 240–241. Борысь (590) *sypati разглядае як мнагакратны дзеяслоў ад прасл.*suti, *sъpǫ ’сыпаць’, параўн. яшчэ ст.-польск.suć, suję, каш.sëc, sëją ’сыпаць’, ст.-чэш.souti, suji ’тс’, славен.súti, spém ’тс’, якія сумесна з пазаславянскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да і.-е.*su̯ep‑ з магчымым першасным значэннем ’рухацца туды і назад, трэсці’, адкуль у семантыцы славянскага слова рэшткі гэтага значэння ’хутка бегчы, ісці, рухацца’; гл. таксама Бязлай, 3, 344; SEK, 4, 261. Аб’яднанне значэнняў ’сыпаць’ і ’ліць’ трактуецца як іншамоўны ўплыў, параўн., напрыклад, Зінкявічус (Балта-слав. иссл. 1983, 28) адносна польск.дыял.sypać ’сыпаць’ і ’ліць’ пры літ.pílti, якое мае абодва значэнні (гл. яшчэ раней Кудзіноўскі, ABSl, 1, 225); параўн. таксама літ.seikė́ti ’вымяраць сыпкія і вадкія рэчывы’ (Буга, Rinkt., 2, 562). Больш падрабязна гл. Бланар, Зб. Дорулі, 76–83 (тут побач з іншамоўным уплывам дапускаецца і ўнутрымоўнае семантычнае развіццё).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тра́нты ’лахманы, старая падраная адзежа, бялізна’, ’хлам, старызна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Юрч. Сін., Варл.; малар., ЖНС; люб., Нар. ск.; гродз., касцюк., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), ’анучы (іран. жаночыя ўборы)’ (Нар. Гом.), тра́нце ’рыззё’ (Мат. Гом.), тра́нцё ’рызманы’ (Нік., Оч., Шн. 3), тра́нцы ’старое, парванае адзенне, рыззё, лахманы’ (пух., З нар. сл.; Сержп. Грам.), транці́на ’рызман’ (Юрч. Вытв.), тра́ньціна ’адзежына’ (мёрск., Нар. сл.), тра́ньте ’рыззё’ (драг., Нар. лекс.), тра́нды ’тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), трэ́нты ’транты’ (Скарбы; дзятл., Сл. ПЗБ), адсюль, відаць, выабстрагаваная форма адз. л. трант ’паношаная, дрэнная вопратка’ (капыл., Нар. словатв.), ’тс’, ’незнаёмы, нікчэмны чалавек’ (лей., Жыв. НС). Параўн. укр.дыял.тра́нти ’анучы, рыззё’, адз. л. трант; серб.-харв.дыял.тра́нци, трањци ’парванае адзенне або абутак’, адз. л. тра́њак. Беларуска-сербская ізалекса, што ўзыходзіць да *tertі ’церці’, параўн. тра́нне ’рыззё’ (Юрч. Сін.), серб.тра̏њав ’штосьці з адзежы ці абутку, зусім зношанае і падранае’ (Элезавіч, 2, 333), сінанімічнае тра̏ља ’тс’, тра̏њав ’парваны’ (падрабязней пра паходжанне і распаўсюджанне сербскіх слоў гл. Івіч, Галип., 147; а таксама Скок, 3, 490, які збліжае гэтыя словы з trȁlje ’кошык’, тра̏ња ’насілкі для гною’). Этымалагічна блізкія рус.труньё ’рыззё, старызна’, трун ’анучы’, ’абарванец’, для якіх Фасмер (4, 109) дапускае сувязь з трух, тереть. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 621, дзе мяркуецца тое ж паходжанне для ўкраінскіх слоў, побач з магчымасцю фанетычнай змены дрант ’лахман; рызман’ (ад драты ’драць, рваць’), што, відаць, уяўляе паралельнае ўтварэнне, гл. серб.драњци ’рыззё, лахманы’. У сувязі з названым малаверагодна вывядзенне з літ.trántas ’адкіды, паношанае адзенне’, якое звязваюць з літ.trem̃ti ’выгнаць’, ’стаптаць, знасіць’, trendė́ti ’псавацца, пакрывацца плесняю’ (Смулкова, Балта-слав. иссл., 1980, 209), што, зрэшты, магло паўплываць на варыянты транды, трэнты. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 85. Параўн. трамця, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
су́працьісупро́ць, прысл. і прыназ.
1.прысл. На процілеглым баку ад каго‑, чаго‑н.; прама перад кім‑, чым‑н. Па левым баку Паркавай магістралі знаходзіцца Дом кнігі, а супроць — Палац спорту. Сядзець супраць.
2.прысл. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н.; насуперак каму‑, чаму‑н. Галасаваць супраць. □ [Бухча:] — Закон, дык закон, я супроць не іду!Чорны.
3.прысл. Насустрач, у супрацьлеглым кірунку. Ісці супраць ветру.
4.прыназ.зР. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто‑, што‑н. знаходзіцца, размяшчаецца. Жывуць .. [Лявоніха і Сымоніха] побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты.Бядуля.Вечарам .. [Міша] з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты.Мыслівец.Нейкі час .. [Харошка і Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі.Кавалёў.// Знаходзіцца побач з чым‑н. напісаным. Адзнакі стаяць у графах супраць кожнага прозвішча. □ Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка «чэрвень»...Мележ.196, 291, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў.Грахоўскі.
5.прыназ.зР. Указвае на асобу, прадмет, з’яву або працэс, насуперак якім што‑н. робіцца, адбываецца. Удод сакоча за кюветам, стракочуць конікі ў траве, а ты [дарога] імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве.Звонак.Супраць цячэння не так лёгка плысці!Гурскі.[Волька:] — Падумай [Ларыса], як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць.Кулакоўскі.Супраць Сяргея ніхто не галасаваў.Шахавец.[Анісь:] — Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць.Баранавых.// Указвае на напрамак, адваротны нахілу чаго‑н. (ворсу, шэрсці, валасоў). Супроць шарсцінкі пагладзіць.
6.прыназ.зР. Ужываецца пры ўказанні прадмета, з’явы, асобы і пад., для барацьбы з якімі ці для пазбаўлення ад якіх ужываюцца адпаведныя захады, прымяняюцца якія‑н. сродкі. Прышчэпкі супраць воспы. Мазь супраць камароў і маскітаў. □ Са старонак твора паўстае хвалюючы вобраз магутнага народа, які ўзняўся на рашучую барацьбу супраць заклятага ворага.Дзюбайла.Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў.Колас.// Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., пярэчання чаму‑н. Максім Танк актыўна выступаў як супраць натуралізму, так і супраць мадэрнізму буржуазнай літаратуры.Гіст. бел. сав. літ.[Старшыня калгаса:] — Не падумайце благога — я не супраць крытыкі.Быкаў.// Ужываецца для выражэння неадпаведнасці ў чым‑н. Зрабіць супраць сумлення. Дзейнічаць супраць устаноўленых правіл.
7.прыназ.зР. Ужываецца для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. адбываецца ці павінна адбыцца. [Ведзьма:] — Куды ты [Алёнка], неразумная, едзеш супраць ночы?Якімовіч.
8.прыназ.зР. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін. Рост прадукцыі супраць мінулага года. Вады ў рацэ супраць учарашняга прыбавілася. □ [Вера:] — Учора надоі зменшыліся супраць таго тыдня.Асіпенка./уіран.супастаўленні. Зух супраць мух.Прымаўка.
9.узнач.вык. Не на карысць каго‑, чаго‑н. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто — за.Куляшоў.[Стрэльбы:] — Хто супроць? Аднагалосна.А. Александровіч./узнач.наз.Узважыўшы ўсё за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны.Колас.
•••
Гладзіць супраць шэрсцікагогл. гладзіць.
За і супроцьгл. за.
Ісці супраць цячэннягл. ісці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́зел1, ‑зла, м.
1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы.Шыцік.
2.перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле.Чорны.
3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі.Чорны.
4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны.// Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.
5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.
6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос.Васілевіч.
7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел.// Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.
8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы.Шамякін.
•••
Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.
Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.
Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).
Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.
Рассячы гордзіеў вузелгл. рассячы.
ву́зел2, ‑зла, м.
Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Заняцца агнём, пачаць гарэць. Ад іскры паравоза загарэўся лес.Шчарбатаў.Там, куды ўдарыла маланка, нешта загарэлася.Васілёнак.Загарэлася сяло ў часе бою.Чорны.
2. Пачаць свяціцца, выпраменьваючы або адбіваючы святло. Загарэліся плафоны-шарч пад столлю прасторнай залы.Шамякін.Але вось у акне побач з ганкам раптам загарэлася святло.Краўчанка.// Пачаць блішчаць, ззяць. Недзе блізка загарэлася зорка і.. рассыпаліся над лесам.Пташнікаў.Сонца асвятліла верхавіны стромкіх елак, і на іх тысячамі вясёлак загарэліся дажджынкі.Грахоўскі.//перан.; чым, адчаго і без дап. Ажывіцца, азарыцца (пра вочы, погляд). Вочы ў Дзяміда Сыча загарэліся ад цікаўнасці.Паслядовіч.Паглядзеў цар палатно белае, карункі тонкія, ручнікі вышываныя: загарэліся ў яго вочы хцівыя.Асіпенка.
3.перан. Пакрыцца румянцам, зачырванецца. Таня, зірнуўшы на Апеньку, адчулі, як загарэліся ў яе шчокі, а па целе пайшлі нейкая млявасць.Навуменка.Алена загарлася. Невялікі твар яе, усыпаны каля малых, шэра-сініх вачэй і на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў.Мележ.
4.перан. Моцна чым‑н. захапіцца. Загарэцца ідэяй. □ Няхай Ганна раскажа .. [жанчынам], як яна росціць лён, і не можа быць, каб яны не загарэліся гэтай справай.Сабаленка.— Давай лепш надзімаць лодку, — прапанаваў Сашка. — Давай! — загарэўся Вадзім.Гамолка.// Напоўніцца якім‑н. пачуццём. Я з тваёю маткай пагавару! Як гэта яна цябе пускае! — зноў загарэлася Любіна маці.Арабей.
5.перан. Узнікнуць, пачацца з вялікай сілай; узгарэцца. Загарэлася спрэчка. □ Страшэнная нянавісць загарэлася ў .. [Юркавыж] сэрцы.Чарнышэвіч./убезас.ужыв.Загарэлася яму ісці ў грыбы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́ля, ‑і, ж.
1.Рмн.‑ей. Частка чаго‑н. Дзяліць на роўныя долі. □ Недалёка грымнула гармата, а праз якую долю мінуты дзесьці побач разарваўся снарад.Маўзон.Андрэй Міхайлавіч зразумеў, нарэшце, з кім мае справу і як трэба надалей трымацца з гэтымі людзьмі, каб хаця ў сотай долі аддзякаваць ім за свой ратунак.Самуйлёнак.У Шарэйкавым параўнанні нейкая доля праўды была.Брыль.// Належная каму‑н. частка чаго‑н., права на ўдзел у чым‑н.; чый‑н. удзел у чым‑н., уклад у што‑н. На балоце за Абадком стаяць два стажкі. У іх і наша доля — паўстажка.Якімовіч.— Не п’ю, але за кампанію... — Васіль дастаў і палажыў на стол сваё сала і хлеб. — Хай і мая доля будзе.Гаўрылкін.
2. Лёс, становішча. Шчаслівая доля. Сірочая доля. □ Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам.Гартны.Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляй малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы.Колас.Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі.Купала.// Шчасце, удача; проціл. нядоля. Разышліся пад гарою тры дарогі ў полі, па якой жа — тая доля, па якой — нядоля...Трус.
3.Рмн.‑ей. Частка размеру музычнага такта.
4.Рмн.‑ей. Уст. Мера масы, роўная 44 мг, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Быць у долігл. быць.
Выпасці на долючыю або камугл. выпасці.
Ільвіная доля — вялікая частка.
Прыняць у долюгл. прыняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной.Майхровіч.Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку.«Маладосць».// Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае!Чорны.// Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць.Грахоўскі.
2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель».Перкін.// Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя.Грамовіч.Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай.Бярозкін.
3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй.Пушча.// Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку.Новікаў.[Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла.Броўка.//знач.наз.хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека.Дадзіёмаў.[Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт.Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт.Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт.Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт.Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт.Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт.Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт.Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт.Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт.Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт.Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт.Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт.Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт.Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт.Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт.Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.