хцівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хцівы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)