*Ташне́ць, тошне́цьныць, млець’: тошняць мое ногі (ТС), сюды ж ташні́ць ’нудзіць, гідзіць’ (ЛА, 3), тошны́ты ’тс’ (Арх. Вяр.), тошніт ’цягне на ваніты’ (Вруб.), н.-луж. tešniś ’трывожыць, маркоціць’, у аснове якіх прасл. *tъšьnъ‑jь (гл. тошна), адносна пераходу sk > š гл. Шустар-Шэўц, 1572, параўн. таскніць, таска, гл. Шырокае распаўсюджанне формы ташні́ць і пад., якая на ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаецца побач з ну́дзіць, гі́дзіць, сведчыць аб уплыве рускай мовы, параўн. рус. тошни́ть ’цягнуць на ваніты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

балець, смылець, шчымець; садніць (абл.) / ад холаду: заходзіцца; ныць, пячы, гарэць, калоць, ламаць, тузаць, развальвацца (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.

2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скавыта́ць ‘жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку)’, ‘ныць, назаляць, скардзіцца’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал., Федар. 6, Варл., Сл. ПЗБ), ‘голасна плакаць’ (Скарбы), ско́выт ‘віск’ (стаўб., Нар. словатв.). Укр. скавуча́ти, рус. сковыта́ть, скавуча́ть, польск. skowytać, skowyczeć ‘тс’, чэш. skovičet, славен. skovíkati ‘ухаць (пра саву, пугача)’. Гукапераймальнае; гл. Фасмер, 3, 644. Брукнер (496) параўноўвае яшчэ з польск. kuwiek ‘вабік’, kuwiekać ‘вабіць вабікам’, славен. skovík ‘крык савы’, skovíkati ‘крычаць (аб саве)’. Узыходзіць да і.-е. *(s)kāu̯‑, *(s)kēu̯‑, *(s)kū́ ‘выць’, ‘мычаць, рычаць’; гл. Бязлай, 3, 247; Борысь, 553; SEK, 4, 286.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́таваць ’берагчы каго-небудзь, шкадаваць’ (ТСБМ), літава́ць ’тс’ (Нас., Гарэц.), літава́цца ’літасцівіцца’ (Нас.), літовацьныць, моцна балець’ (ТС), ст.-бел. литовати ’шкадаваць, берагчы’, запазычана са ст.-польск. litować ’праяўляць спачуванне, літасць’ < ст.-польск. lutować < паўн.-прасл. ljutovati ’злавацца, шалець’ < ljutъ ’люты’ (Слаўскі, 4, 305; Булыка, Лекс. запазыч., 133). Да лю́ты (гл.). Махэк₂ (337) родніць чэш. litovati ’шкадаваць’ з ням. leid.

Літава́ць ’паяць, плавіць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), літава́цца ’плавіцца’ (Нас.). З польск. litować, lutować ’паяць’, якое з с.-в.-ням. loeten, ням. löten < Lot ’сплаў металу’ < с.-в.-ням. lōt ’тс’ (Слаўскі, 4, 390). Сюды ж літоўшчык ’ліцейшчык, паяльшчык’ (Нас.). Неабгрунтавана Карскі (Белорусы, 1, 137), які суадносіць з літ. litúoti ’паяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скле́зень ‘малы, малеча’ (Нас., Касп., Бяльк.), ‘пра слабую, худую (звычайна маладую) істоту’ (Янк. Маг., Барад.), ‘хілае, капрызнае дзіця’ (Юрч., Яўс.), ‘худы чалавек, няўдаліца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘слізень’ (Бяльк.), склязнёнак ‘фізічна слабая істота’ (Мядзв.), ‘нованароджанае недаразвітае дзіця’ (Мат. Маг.). Панюціч (Лексіка, 86) выводзіцца ад скліць ‘скуліць, ныць’ (гл.), параўн. скліза ‘кволае, хваравітае дзіця’ (Юрч.), што ў далейшым было набліжана да склізкі (гл.), параўн. склізня́ ‘смоўж’, ‘капрызная дзяўчынка’, ‘слізота, галалёд’ (Яўс.), склі́зень ‘слізняк’, ‘нікчэмны чалавек’ (Нар. Гом.). Не выключаны, як пачатковая аснова, дзеяслоў склець ‘чэзнуць’ (гл.). Аб суф. ‑з(а), ‑ень, ‑інь, якія ўтвараюць экспрэсіўныя назвы асоб, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38, 41, параўн. слімаза, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мадзе́ць ’жыць у цяжкіх умовах, абы-як, гараваць’, ’марнець’, ’бязмэтна існаваць’ (ТСБМ; усх.-маг., КЭС; Гарэц., Янк. БП, Нас., Ян., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Растарг.; рэч., Нар. сл.). Рус. паўн. моде́ть ’гніць, псавацца’, ’кіснуць’, ’паволі рабіць што-небудзь’, ’слаба гарэць’, ’прэць’, ’тлець’, ’вянуць’, ’чаўрэць, марнець, існаваць’, моделый ’слабы, знясілены’, ’стомлены’. Звязана з ц.-слав. измъдѣти ’самлець’, мъдити, умъднѫти ’марудзіць’, з назвай левага прытока р. Мсты (Наўгар. вобл.) — Мда ’павольная рака’, з чэш. mdlý ’слабы, бяссільны’, польск. mdły ’лядаік’, ’слабы’, ’мізэрны’, в.-луж. módły ’тс’, славен. medǝ̀l ’слабы’, mǝ̀dléti ’марнець, чэзнуць’ (Фасмер, 2, 636 і 590–591; Праабражэнскі, 1, 544). Брукнер (347–348) у якасці і.-е. адпаведнікаў прыводзіць літ. maũstiныць’, ’сумаваць’, ãpmaudas ’злосць, прыкрасць’, гоц. (ga)maudjan ’успомніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.

1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.

2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)