работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.
Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозерамі або дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш.карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем або мех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёў — каменяўборачнымі машынамі або карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхні — планіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).
П.М.Багаслаўчык.
Да арт.Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац.Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз.Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр.капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус.капу́ста, ст.-рус.капуста (страва) (XII ст.), польск.kapusta, чэш.kapusta, славац.kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв.ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг.капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг.капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац.compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ.composta ’мешань’, ’кампот’, швейц.kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням.kumpóst, с.-в.-ням.kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск.kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац.capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ.capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням.Kappus, с.-в.-ням.kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́тачнік1, маточнік ’ячэя ў сотах, дзе выводзіцца пчаліная матка’, ’скрыначка для адсадкі пчалінай маткі пры раенні’ (ТСБМ, Бес., Шат., Некр., Анох., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Бел. хр. дыял.; ашм., З нар. сл.), слаўг.ма́тышнік ’тс’ (Нар. сл.), матачніца ’тс’ (віл., З нар. сл.; Мат. Гом.), ма́тушнік ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр.ма́точник ’тс’, рус.ма́точник, свярдл.ма́точница ’скрыначка для пчалінай маткі’, польск.matecznik, чэш.matečník, серб.-харв.ма̏тичњак, макед.матичник. Культурнае слова, утворанае ў паўд.-слав. мовах ад матица ’матка ў пчол’, а ў паўночных ад матка, matka.
Ма́тачнік2 ’сярэдзіна пушчы, цалкам недасягальная, у якой жыве лясун’ (Багд.). З польск.matecznik ’тс’.
Ма́тачнік3, ма́тъчнік ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (маг.Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Назва паходзіць ад матка ’маці’, параўн. польск.Panny Marii len, ст.-чэш.len Matky Boží ’лён багамацеры’, аналагічна ням.unser Frauen Flachs.
Ма́тачнік4 ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (рэч., добр., ветк., Мат. Гом.). У аснове гэтай назвы, як і інш. слав.: укр.матеріду́шка, богоро́дская (богоро́дицына) трава, ст.-польск.macierza duszka, суч. macierzanka, чэш.mateřídouška, славац.materina duška, славен.materna dušica, харв.materina dušica, ляжыць першаснае значэнне ’душа багародзіцы — дзевы Мэрыі, маці Харыста’, звязана з прыемным пахам краскі (Махэк, Jména, 202). Бернекер (1, 235) у аснову матывацыі кладзе пчаліную матку і пах, які прыцягвае пчол. Фасмер (2, 582) прытрымліваецца таго веравання, што ў гэту расліну ператварылася маці, якая рана памерла (гл. мацярдушка).
Каліта́ ’сумка для грошай, вялікі кашалёк’ (БРС, ТСБМ), ’грошы, багацце’ ’паходная торба, сумка’ (ТСБМ). У гаворках: ’мяшок, сумка’ (Нас., Булг.), ’мяшочак на грошы’, (Бяльк.), ’сумка’ (Грыг.), ’скураны мяшок на грошы’ (Касп.), скураны мяшэчак’ (касцюк., КЭС; Нік., Оч.), ’партманет’ (тураў., КЭС), ’мяшок’ (лун., Мат. дыял. канф.), ’кішэня ў скураным поясе (мяшочак)’ (Маш.), ’невялікая сумка на грошы’, ’скураная сумка, якая носіцца беларусамі пры скураным поясе, у якой захоўваецца крэмень, сталёвыя пласцінкі і трут’ (Мядзв.), у Сержпутоўскага слуц. і мазыр. значэнне не вельмі яснае: «расперазаўся ён, зняў каліту й лёг на пол спачынаць» (Сержп., 7), ’самаробны скураны мяшок на грошы’ (Чуд., Шн., Яруш.). Таксама шырока прадстаўленні ў беларускай мове памяншальная форма калітка. Укр.палес.калитка ’кашалёк; мяшочак для табакі, красала’, укр.калита ’мяшок з грашыма’, калитка ’скураны кашалёк’, рус.калита ’кашэль, сумка, мяшок, карман’, ст.-рус.калита (з XIV ст.), у гаворках адзначана на тэрыторыі, суседняй да беларускай: смал., арл., ярасл. ’разнавіднасць кашалька, скураны мяшочак на грошы і рознага роду дробязей (красала і інш.), які звычайна чапляецца да пояса’, валаг. ’кашалёк, сумка’, ’кішэня’. Польск.kaleta (з XV ст.) ’мяшочак для грошай’, а ў гаворках kalita, kalota, kalalka ’скураная кішэня: скураная сумачка’, літ.kolytà, лат.kalīte, с.-н.-ням.kalite ’каліта’. Лічыцца запазычаным з тур. даўнейшага kalita, chalita ’кашалёк, мяшочак на грошы’ (у тат., казах., алт.kalta ’кашалёк, кішэня, скураны мяшок’), якое як быццам бы з араб.charǐta ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 29, дзе і спасылка на літаратуру). Неабходна адзначыць, што дакладная цюрк. крыніца невядомая; Бернекер (1, 474) пісаў пра мяркуемае паўн.-тур.*qalita. Цікава адзначыць рус.урал.калита ’каліта’, якое можна разумець як сепаратнае запазычанне, непасрэдна звязанае з прыведзенай рус. лексікай. Лінгвагеаграфія слова, як відаць, выключае магчымасць запазычання кантактным шляхам. Магчыма, што гэта культурнае запазычанне ўжо пасля часоў Кіеўскай Русі, аднак даволі старое (параўн. ст.-рус. фіксацыю); з усх.-слав. моў (з беларускай) слова трапіла ў польск. і інш. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕЛАСТО́К (Białystok),
горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Беластоцкага ваяводства. 275 тыс.ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.
Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст.наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн.руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач.яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел.паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦККПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.
Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).
У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-вабел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел.т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-рмуз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж.яўр.т-рБССР (1940).
У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац.т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм.т-р (1958, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цэнтр, ‑а, м.
1.Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.
2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.Бядуля.Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.Шамякін.// Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані.Колас.Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык.Васілевіч.
3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы.«Звязда».//перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты.Бугаёў.— Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч.Рамановіч.// Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група.Скрыган.
4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.
5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай.Калачынскі.// У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр».«Маладосць».
6.Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.
7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота».Ленін.
8.Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.
•••
Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.
Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.
Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.
Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.
(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.
[Лац. centrum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус.калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч.καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус.калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз.калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз.калила ’жабрак’, цвяр.каліман ’манюка’.
Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас.Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликкапецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ.koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст.kaalik ’бручка’ фін.kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел.немка, рус.репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА (Angola),
Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;