Капо́т 1 ’капота, верхняе адзенне’ (мсцісл. Бяльк.), капота ’верхняе (святочнае) адзенне’ (Шат., Шпіл.; паўд.-усх., КЭС), ’род верхняга адзення’ (Гарэц., Бес.); ’жакет, фуфайка, халат’ (астр., смарг.), раг., паст. (Сл. паўн.-зах.), ’плашч з даматканага сукна’ (Сцяц., зэльв.), ’доўгая верхняя мужчынская вопратка з даматканага сукна’ (Сцяшк.), ’шляхецкі шарак з металічнымі гузікамі’ (гродз. Нар. сл.), ’кароткае самаробнае і паношанае верхняе адзенне’ (клец. Нар. лекс.), ’дзіцячае або жаночае адзенне накшталт паліто’ (дзярж., Нар. сл.), ’сукенка з рукавамі’ (ст.-дар., Нар. сл., ТСБМ), капот ’тс’ (браг. З нар. сл.), драг. ’сукенка для дзіцяці’ (Сл. паўн.-зах.). З франц. capote ’плашч з капюшонам’, ’жаночы капялюш’ праз польск. мову, у якой існуе з XVII ст. (Слаўскі, 2, 58–59). Параўн. ка́па (гл.). Форма капот, відавочна, з рус. капот ’жаночы халат’.
Капо́т 2 ’адкідная металічная накрыўка ў машынах’ (ТСБМ) — культурнае слова з пач. XX ст., запазычанае, відаць, з рус. капот ’тс’, якое з франц. capot.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)