Гісторыя фізічных навук на Беларусі пачынаецца з 1922, калі ў БДУ адкрыта фіз.-матэм. аддзяленне пед. факультэта, якое ў 1933 пераўтворана ў фіз.-матэм. факультэт. У падрыхтоўцы навук.-пед. кадраў па фізіцы ў першыя гады існавання БДУвял. ролю адыгралі навук. ўстановы Масквы і Ленінграда. Арганізатарам першых фіз. даследаванняў ва універсітэце быў Я.Е.Сіроцін. У 1938 у БДУ арганізаваны кафедры: агульнай фізікі (заг. І.Р.Некрашэвіч), тэарэт. фізікі (заг. Ф.І.Фёдараў), рэнтгенафізікі (заг. І.П.Шапіра), эл.-магн. ваганняў (заг. Я.В.Сняткоў); працавалі Я.П.Громер, Ц.Л.Бурстын і інш. Фізічныя кафедры ў гэты перыяд існавалі таксама ў Бел. лесатэхнічным і політэхнічным ін-тах, Мінскім пед. ін-це, Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1926 у структуры Ін-та беларускай культуры створана кафедра фізікі (заг. Я.Е.Сіроцін), на базе якой у 1931 арганізаваны Фізіка-тэхнічны ін-тАН Беларусі; існаваў да 1938 (у 1933—36 — Фізіка-матэматычны ін-т; у 1947 ін-т аднавіў сваю дзейнасць); у ім працавалі Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер, А.І.Кайгародаў, М.Д.Каўцэвіч, І.Р.Некрашэвіч, Я.В.Сняткоў, І.П.Шапіра і інш. Спыненыя вайной заняткі ў БДУ аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой). З восені 1944 навук. і пед. работу па фізіцы ў БДУ узначалілі Ф.І.Фёдараў і І.Р.Некрашэвіч.
Значны рост даследаванняў па фізіцы пачаўся ў 1950-я г. У 1953 акадэмікамі АН Беларусі выбраны А.Н.Сеўчанка і Б.І.Сцяпанаў. Яны ўзначалілі ў БДУ кафедры фізічнай оптыкі і спектральнага аналізу. У 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі створаны фіз.-матэм. сектар, які ў 1955 рэарганізаваны ў Ін-т фізікі і матэматыкі. У арганізацыі ін-та значную ролю адыгралі А.Н.Сеўчанка, Б.І.Сцяпанаў, М.А.Барысевіч, Ф.І.Фёдараў, В.В.Папоў. У 1959 на базе ін-та створаны Ін-т фізікі і Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН Беларусі. У 1956 акадэмікамі АН Беларусі выбраны М.А.Ельяшэвіч, А.В.Лыкаў, М.М.Сірата. З 1957 кафедру фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў у БДУ узначальваў М.М.Сірата. У 1959 створаны Аддзел (у 1963 рэарганізаваны ў інстытут) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. З 1963 навук. даследаванні па фізіцы ў Нац.АН Беларусі накіроўвае і каардынуе Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (да 1987 Аддзяленне фізіка-матэматычных навук); акадэмікі-сакратары: Ф.І.Фёдараў (1963—87), В.А.Лабуноў (1987—89), Л.І.Кісялеўскі (1990—91), В.С.Буракоў (1992—97), М.М.Аляхновіч (1997—2002), М.С.Казак (з 2002). У склад Аддзялення ўваходзяць ін-ты фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, прыкладной оптыкі, Аддзел аптычных праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі. Даследаванні і распрацоўкі па фізіцы вядуцца таксама ва ўстановах Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Нац.АН Беларусі: у ін-тах цепла- і масаабмену, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядзерных даследаванняў і інш., а таксама на фізічных кафедрах ВНУ, у НДІ прыкладных фізічных праблем і НДІ ядзерных праблем БДУ, Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій, Міжнародным лазерным цэнтры.
Дасягненні бел. фізікаў адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Ін-т фізікі першы сярод навуковых устаноўНац.АН Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967). Званне Героя Сац. Працы прысвоена А.Н.Сеўчанку (1971), Б.І.Сцяпанаву (1973), М.А.Барысевічу (1979), Ф.І.Фёдараву (1979). Лаўрэаты Ленінскай прэміі: М.А.Ельяшэвіч (1966), М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў (1980); Дзярж. прэміі СССР: М.А.Ельяшэвіч (1949, 1950), Б.І.Сцяпанаў (1950, 1972, 1982), В.А.Мастоўнікаў, А.М.Рубінаў (1972), М.А.Барысевіч, В.Р.Верашчагін (1973), Ф.І.Фёдараў (1976), П.А.Апанасевіч, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў (1982), Б.В.Бокуць (1984), А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч (1985), К.М.Салаўёў (1986), Б.У.Бяляеў, А.А.Каляда, Л.І.Кісялеўскі, В.В.Равінскі, А.Ф.Чарняўскі (1991). Бел. фізікі 26 разоў удастоены Дзярж. прэміі Беларусі. Аўтарамі навук. адкрыццяў з’яўляюцца М.А.Барысевіч (1977), У.Р.Барышэўскі (1979, 1988), Ф.І.Фёдараў (1980), В.А.Лапіна (1991). У Мінску выдаюцца часопісы: «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Весці Нац.АН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук» (з 1965), «Вестник Белорусского государственного университета. Серия 1. Математика. Физика. Механика» (з 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 19 — ПАЧ 20 ст..
Новыя арх.-маст. погляды, што ахапілі Зах. Еўропу, на Беларусі набылі сваю спецыфіку. Пераход ад класіцызму да новых кірункаў у архітэктуры быў працяглы і складаны. Для 1860—90-х г. характэрна эклектыка з шырокім выкарыстаннем гістарызму — перайманнем гіст. стыляў мінулага (арх. І.Бельтрашы, А.Рандзівід, М.Чаховіч, К.Хршчановіч і інш.). Гатычныя формы, а часам і канструкцыі ўвасобіліся ў праектах загарадных сядзіб, культавых пабудоў: палац у Косаве (арх. Ф.Яшчалд, У.Марконі), касцёлы Троіцкі Залатагорскі (св. Роха) у Мінску, у вёсках Раўбічы Мінскага, Сар’я Верхнядзвінскага р-наў і інш. Эклектыка найбольшае развіццё атрымала ў малых гарадах і перыферыйных раёнах сярэдніх і буйных гарадоў. Яе прадстаўнікі арыентаваліся пераважна на стараж.-рус. архітэктуру (магілёўскія архітэктары У.Мільяноўскі, І.Вошчын, П.Камбураў, М.Міроненка, В.Сазонаў, Я.Торлін). Стылізатарства на тэмы рус. класіцызму характэрна для творчасці віцебскіх архітэктараў А.Палонскага, А.Ракава, А.Кляменцьева. З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся т.зв. руска-візантыйскі стыль, які быў сац. заказам рас. улад, асвячоны аўтарытэтам правасл. царквы. Сярод яго ўзораў: цэрквы Казанскай Божай Маці (чыгуначная) у Мінску, Аляксандра Неўскага ў Гродне, Мікалаеўская ў Петрыкаве, Ільінская ў Бешанковічах, Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку, царква ў в.Мількаўшчына Гродзенскага р-на. Стыль найб. выявіўся ў работах арх. Д.Грыма, У.Коршыкава, М.Прозарава. На мяжы 19 і 20 ст. развіваліся неаготыка, неакласіцызм, неарускі стыль і інш. Пераважная большасць касцёлаў з 1890-х г. будавалася ў неаготыцы (у вёсках Гервяты Астравецкага, г.п. Відзы Браслаўскага р-наў, г.п. Лагішын Пінскага р-на, гарадах Міёры, Паставы і інш.). Пабудовы ў неакласіцызме адметныя высокімі эстэт. вартасцямі: шэраг банкаўскіх устаноў у Гомелі, Баранавічах, Брэсце, даходных дамоў у Мінску (арх. С.Гейдукевіч, Г.Гай). У духу неабарока палац у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на (1908), Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на (1908—14). У 1910-я г. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пашырыўся стыль мадэрн, які закранаў пераважна вонкавыя атрыбуты пэўнага стылю, што не вынікалі з агульнай аб’ёмна-прасторавай структуры пабудовы (творчасць В.Вукалава, С.Гейдукевіча, У.Коршыкава, Ц.Кібардзіна, М.Прозарава і інш.). Прыхільнікі мадэрну адмаўлялі эклектызм і стылізатарства. Вядучая роля ў развіцці стылю належала О.Краснапольскаму. Яго праграмай стала ўстанаўленне выразнай сувязі паміж формай і функцыяй (дом Кастравіцкай, на 1-м паверсе — упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі). У творчасці некаторых архітэктараў пераважаў чыста дэкар. пачатак (банк у Магілёве, арх. А.Друкер, П.Кальнін; гасцініца «Савой» у Гомелі, арх. С.Шабунеўскі). Вылучаліся 2 шляхі канструктыўнасці мадэрну: праз засваенне арх. спадчыны готыкі (сядзіба ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на, арх. К.Шрэтэр) і ранняга рус. сярэдневякоўя (пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, інж. К.Тарасаў; мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на, арх. А.Гаген). Ранні мадэрн (1890—1907) адметны дэманстратыўным адмаўленнем ад механічнага капіравання гіст.арх. форм. У гэты перыяд значныя зрухі адбыліся ў галіне сінтэзу архітэктуры і інш. відаў пластычных мастацтваў (капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Святаполк-Мірскіх у Міры), які спрыяў узнікненню творчых тандэмаў архітэктараў і скульптараў С.Шабунеўскага і П.Яцыны, Г.Гая і Я.Тышынскага і інш. На гэтым этапе адчувальны ўплыў эклектыкі з яе схільнасцю да дэкар. дэталей, самавызначаліся формы, плоскасці, лініі (пазямельна-сялянскі банк і дамы купца Касоўскага ў Гродне, Грошыкава ў Гомелі). Дэкор быў цесна звязаны з канструкцыяй (дзвярныя і аконныя абрамленні, металічныя рашоткі балконаў, лесвічных клетак, казыркоў уваходаў і інш.), у выглядзе рэльефнага арнаменту, мазаічнага ці жывапіснага пано (жылы дом Чалакаева ў Гродне, даходны дом у Магілёве, камерцыйны банк у Слоніме). На 2-м этапе (1907—17) адбывалася далейшае развіццё мадэрну. У 1910-я г. пад уплывам зах.-еўрап. (польскай) маст. культуры пашырыліся тэндэнцыі рацыяналістычнага кірунку. У паўн.-ўсх. раёнах (напр., у гарадах Віцебскай губ.) арх. традыцыі захоўвалі прыхільнасць да класіцызму, з прычыны таго, што большасць губ., гар. і епархіяльных архітэктараў былі выпускнікамі Пецярбургскай АМ (В.Вукалаў, К.Макер, Ц.Кібардзін, Ф.Фурман). Засваенне нац. архітэктуры адбывалася менш рэльефна. Ідэйна-маст. і светапоглядная канцэпцыя мінулага ў развіцці архітэктуры была прапанавана В.Струевым, які ў 1898—1914 быў гал. архітэктарам Мінскай епархіі. Сярод яго работ: цэрквы Троіцкая ў в. Белавуша Столінскага (1905), у в. Хатава Стаўбцоўскага (1908) р-наў, Петрапаўлаўская ў г. Узда, на чыг. станцыі Гарадзея (абедзве 1910), Раства Багародзіцы ў в. Парэчча Пінскага р-на (1912), Нар. дом у Мінску (1912). Адной з рэгіянальных праяў у архітэктуры было выкарыстанне каменя-валуна (касцёлы ў вёсках Слабодка, 1903; Ліпнішкі, 1908, Браслаўскага р-на). Пазней цэлыя камяні ў буд. практыцы замянялі колатымі, прамежкі-швы паміж камянямі запаўнялі дробным друзам ці галькай. Такую тэхніку часта спалучалі з цаглянай муроўкай, гладкай ці фактурнай тынкоўкай, дасягаючы гэтым фактурнай разнастайнасці. Этапы маст. павеваў у бел. дойлідстве ад эклектыкі (гіст. рамантызму) праз мадэрн да рацыяналізму і канструктывізму прасочваюцца ў творчасці С.Шабунеўскага (будынкі Т-вас.-г. страхавання ў Мінску, жаночай гінекалагічнай бальніцы ў Гомелі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч.устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч.устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч.устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Агульныя звесткі
Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Яе тэрыторыя складае 207,6 тыс.км² (па плошчы перавышае шэраг еўрап. краін, у т. л. Грэцыю, Партугалію, Аўстрыю, Данію, Нідэрланды, Чэшскую Рэспубліку, Венгрыю і інш.). Насельніцтва 9849,1 тыс. чалавек (на 1.1.2004; 15-е месца ў Еўропе). Паўночны пункт Беларусі (56° 10′паўн. ш.) каля Асвейскага возера, паўднёвы (51°16′паўн. ш.) — на р. Дняпро непадалёку ад г.п. Камарын, заходні (23° 11′усх. д.) — на р.Зах. Буг, непадалёку ад г. Высокае, усходні (32°47′усх. д.) — непадалёку ад г.п. Хоцімск. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км; даўжыня дзярж. граніц 2969 км. Беларусь мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай. У адм. адносінах Беларусь падзяляецца на 6 абласцей і 118 раёнаў. У краіне 110 гарадоў, 101 пасёлак гар. тыпу, 24 022 сельскія населеныя пункты (на 1.1.2004). Сталіца — г. Мінск.
Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996). Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Асноўная рэлігія — хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм). Нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня). Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нацыянальнага банка Беларусі).
Дзяржаўны лад. Дзярж. ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Парламент і Урад Рэспублікі Беларусь, суды Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам дзяржавы, складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ер-міністрам. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.
Беларусь — член 48 міжнар. арганізацый і іх органаў, у т. л. член-заснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945).
Беларусь займае зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны ў межах басейнаў сярэдняга цячэння рэк Дняпро (з буйнымі прытокамі Бярэзіна, Прыпяць, Сож), Зах. Дзвіна і верхняга цячэння р. Нёман.
У геалагічных адносінах тэр. Беларусі размешчана на захадзе Рускай пліты — буйной тэктанічнай структуры Усх.-Еўрапейскай дарыфейскай платформы. У разрэзе зямной кары вылучаюцца 2 ярусы: стараж. ніжні крышталічны фундамент і верхні платформавы чахол. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 20—100 м (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін). Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою. Паводле глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць некалькі буйных рэгіянальных структур: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. схіл Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны. Пераходнае і нейтральнае становішча займаюць Жлобінская, Латвійская, Брагінска-Лоеўская і Палеская седлавіны. Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км практычна ўкрывае ўсю тэр. Беларусі. Ён складзены з неметамарфізаваных асадкавых парод, геалагічны ўзрост якіх не перавышае 1,5 млрд. гадоў. Адклады платформавага чахла ахопліваюць усе геалагічныя эпохі і залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, тоўшчаў. Антрапагенавыя адклады магутнасцю ад некалькіх метраў да 325 м (сярэдняя 80 м) займаюць верхні ярус платформавага чахла і залягаюць паўсюдна.
Карысныя выкапні Беларусі прымеркаваны пераважна да адкладаў платформавага чахла. Выяўлена больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў. Паліўна-энергетычныя рэсурсы фарміруюць запасы нафты (65 радовішчаў; пачатковыя рэсурсы 355,5 млн.т), бурага вугалю (агульныя запасы Жыткавіцкага, Брынёўскага і Тонежскага радовішчаў 152 млн.т), торфу (9,2 тыс. радовішчаў; запасы да пачатку распрацоўкі 5,7 млрд.т, 2-е месца ў свеце пасля Расіі), гаручых сланцаў (прагнозныя запасы каля 8.8 млрд.т). Нярудныя карысныя выкапні прадстаўлены буйнымі радовішчамі калійных і каменных солей (Старобінскае і Петрыкаўскае; прамысловыя запасы 10 млрд.т), каменнай солі (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае; запасы 22,9 млрд.т), даламітаў (10 радовішчаў; запасы 1,2 млрд.т), фасфарытаў (Лабковіцкае і Мсціслаўскае; запасы 402 млн.т), цэментавай сыравіны (Камунарскае — разведаныя запасы 385,5 млн.т, Калінкавіцкае — 119,3 млн.т), вогнетрывалых і тугаплаўкіх глін (6 радовішчаў; запасы 55,1 млн.м³), легкаплаўкіх глін (232 радовішчы; запасы 250 млн.м³), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае і Глушкавіцкае), шкловых пяскоў (3 радовішчы; запасы 15,4 млн.м³), будаўнічых пяскоў (108 радовішчаў), пясчана-жвіровага матэрыялу (158 радовішчаў). Рудныя карысныя выкапні адкрыты ў радовішчах магматычных (Навасёлкаўскае; перспектыўныя запасы 165 млн.т) і метамарфічных (Аколаўскае; разведаныя запасы 175,4 млн.т на глыбіні 700 м) жалезных руд. Каштоўным прыродным багаццем з’яўляюцца прэсныя і мінеральныя падземныя воды; разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод з агульнымі запасамі больш за 6 млн.м³ за суткі і больш за 80 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі больш за 20 тыс.м³ за суткі.
Рэльеф Беларусі ў значнай меры абумоўлены дзейнасцю антрапагенавых ледавіковых зледзяненняў. Сярэдняя вышыня тэрыторыі складае каля 160 м над узроўнем мора. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 80 м (урэз вады р. Нёман каля мяжы з Літвой) да 345 м (г. Дзяржынская на паўд. захадзе Мінскага ўзвышша). Каля 3/4 тэр. Беларусі займаюць нізіны і раўніны з абсалютнымі вышынямі да 200 м, 1/4 — узвышшы (разам з рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі). Паводле марфалагічных асаблівасцей рэльефу, яго паходжання і геалагічнага ўзросту на тэр. Беларусі вылучаюць 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра (прыносіць цыклоны), у меншай ступені — кантынентальнага і арктычнага паветра. Прыход сонечнай радыяцыі абумоўлены размяшчэннем тэр. Беларусі паміж 56° і 51°паўн. шыраты і нарастае з Пн на Пд ад 3500 да 4100 МДж/м². Радыяцыйны баланс за год дадатны (1500—1800 МДж/м²). Працягласць фактычнага сонечнага ззяння павялічваецца з Пн на Пд ад 1730 да 1950 гадзін. Тэмпературны рэжым характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпературамі паветра. На Пн Віцебскай вобл. яны складаюць 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C. У студзені сярэдняя тэмпература мяняецца ад -4,1 °C на ПдЗ да -8,4 °C на ПнУ, у ліпені ад 17 °C на Пн да 19 °C на Пд. Колькасць дзён са снегавым покрывам павялічваецца ад 70 на ПдЗ да 130 на ПнУ. Беларусь размешчана ў зоне дастатковага ўвільгатнення. Гадавая сума ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. У зімовы і познавосеньскі перыяд (а таксама ў начны час ва ўсе сезоны) адносная вільготнасць паветра перавышае 80%, у вясенне-летні перыяд удзень складае 54—63%. У асобныя гады ў пачатку лета адзначаецца засуха. Ветравы рэжым абумоўлены заходнім пераносам паветраных мас. Зімой часцей дзьмуць вятры з ПдЗ, летам — з ПнЗ. Сярэднегадавыя скорасці ветру на адкрытых участках каля 4 м/с, у катлавінах каля 3 м/с. Працягласць вегетацыйнага перыяду павялічваецца ад 184 сутак на ПнУ да 185—195 у цэнтральнай частцы і 200—205 у паўднёва-зах. раёнах. Для клімату Беларусі характэрны некаторыя адмоўныя фактары: няўстойлівы характар надвор’я вясной і восенню, мяккая з частымі адлігамі зіма, часта дажджлівае лета, недахоп вільгаці ў пачатку лета, познія веснавыя і раннія асеннія замаразкі. Паводле характару размеркавання цяпла і вільгаці на тэр. Беларусі вылучаюць 3 кліматычныя вобласці: Паўночная — умерана цёплая і вільготная, Цэнтральная — цёплая, умерана вільготная, Паўднёвая — цёплая, няўстойліва вільготная.
Гідраграфічная сетка Беларусі даволі густая. Яна складаецца са шматлікіх рэк, азёр і вадасховішчаў. Рэкі адносяцца да басейнаў Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Колькасць рэк перавышае 20,8 тыс., сумарная іх даўжыня 90,6 тыс.км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Найбуйнейшыя рэкі: Дняпро (з прытокамі Прыпяць, Сож, Бярэзіна), Зах. Дзвіна, Нёман (з прытокам Вілія). Сярэдняя гадавая велічыня рачнога сцёку на Беларусі 57,1 км³, у т. л. ў межах краіны фарміруецца 36,4 км³. Ледастаў звычайна ўтвараецца ў студзені, рэкі пад лёдам знаходзяцца ад 80 да 140 сутак. Азёр на Беларусі больш за 10 тыс. (з іх каля 9 тыс. — старычныя вадаёмы плошчай менш за 10 га у поймах рэк Дняпро і Прыпяць), сумарная іх плошча каля 1,6 тыс.км². Найбуйнейшыя азёры размешчаны ў Беларускім Паазер’і ў катлавінах падпруднага тыпу: Нарач (79,6 км²), Асвейскае (52,8 км²), Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²), Нешчарда (27,4 км²). На рэках Беларусі створана каля 130 вадасховішчаў (без азёрных) агульнай плошчай 799 км². Найбуйнейшыя вадасховішчы: Вілейскае — 64,6 км², Заслаўскае — 25,6 км², Чырвонаслабодскае — 23,6 км², Салігорскае — 23,1 км², Любанскае — 22 км² і інш. Яны вызначаюцца комплексным выкарыстаннем (водазабеспячэнне, рыбная гаспадарка, рэкрэацыя). Рэкі Беларусі маюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы ў 1 млн.кВт. Працягласць суднаходных шляхоў 3,9 тыс.км.
Глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга паазерскага ледавіка. У залежнасці ад воднага рэжыму глебы падзяляюцца на аўтаморфныя (52.9% тэр.), паўгідраморфныя (27%) і гідраморфныя (20,1%). Найб. распаўсюджаны нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя глебы (займаюць 33.05% сельскагаспадарчых угоддзяў), якія сфарміраваліся на марэнных, лёсападобных і водна-ледавіковых адкладах. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (33,8% сельскагаспадарчых угоддзяў) пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых або блізкім заляганнем грунтавых вод. Дзярновыя забалочаныя (пераўвільготненыя) глебы сустракаюцца ў паніжэннях з неглыбокім заляганнем грунтавых вод (Беларускае Палессе), яны займаюць 11% сельскагаспадарчых угоддзяў (пераважна сенажаці). Тарфяна-балотныя глебы (15%) пасля правядзення меліярацыі па ўзроўні ўрадлівасці займаюць 3-е месца (пасля дзярнова-карбанатных і поймавых). Поймавыя (алювіяльныя) глебы сфарміраваліся на рачных адкладах пад уплывам затаплення ў часы паводак (7,2%). Менш пашыраны бурыя лясныя глебы з высокай прадукцыйнасцю (маюць гумусу да 3—9%), дзярнова-карбанатныя (0.2% сельскагаспадарчых угоддзяў. у Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцях).
Паводле механічнага складу глебы падзяляюцца на пясчаныя. супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Урадлівыя сугліністыя глебы займаюць 23% сельскагаспадарчых угоддзяў і прымеркаваны да марэнных адкладаў стужачных глін, лёсападобных суглінкаў, алювіяльных адкладаў рачных поймаў. Найменш урадлівыя пясчаныя глебы (19,1%) пашыраны на нізінах. Гліністыя высокаўрадлівыя глебы займаюць менш за 0,1% сельскагаспадарчых угоддзяў. Найвышэйшую ацэнку (бал банітэту 63—100) на Беларусі маюць дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Бал банітэту дзярнова-падзолістых глеб складае 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных — 27—75, тарфяна-балотных — 36—75, поймавых — 31—88. Сярэдні бал ворных зямель Беларусі — 36 (найвышэйшы ў Нясвіжскім раёне — 48, найніжэйшы ў Лельчыцкім раёне — 28). Узровень урадлівасці паніжае завалуненасць і камяністасць глеб (больш за 9% усіх ворных зямель). Прыродныя ўмовы Беларусі садзейнічаюць развіццю эрозіі глеб. Агульная плошча эрадзіраваных і эразійна небяспечных с.-г. зямель 556,5 тыс.га, з іх 479,5 тыс.га пад ворывам.
Важным антрапагенным фактарам, які змяніў структуру землекарыстання на Беларусі за апошнія 50 гадоў, з’явілася буйнамаштабная меліярацыя, накіраваная на змену прыроднага воднага рэжыму. Асушальная меліярацыя праведзена на 3,4 млн.га зямель, з якіх 2,9 млн.га складаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пад ворыва выкарыстоўваюць каля 1,3 млн.га, пад сенажаці і пашу — 1,6 млн.га асушаных сельскагаспадарчых угоддзяў.
Велізарную шкоду зямельнаму фонду прычыніла аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой радыеактыўна забруджана 23% тэр. Беларусі, дзе пражывала 2,2 млн. чалавек. У наш час сельскагаспадарчая вытворчасць вядзецца на 1351 тыс.га зямель, якія забруджаны цэзіем-137 са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км².
Расліннае покрыва Беларусі прадстаўлена ляснымі, лугавымі і балотнымі фітацэнозамі (займаюць каля 67% тэр.). У сучаснай флоры Беларусі каля 1650 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх пераважаюць травы (91%); каля 1500 відаў). Пейзажную разнастайнасць ландшафтаў фарміруюць дрэвавыя расліны (108 дзікарослых і каля 1,5 тыс. інтрадукаваных з іншых прыродна-геаграфічных зон), з іх 27 мясц. відаў дрэў, каля 60 відаў кустоў, 15 паўкустоў і 8 кусцікаў. Акрамя вышэйшых раслін флора Беларусі ўключае больш за 1.5 тыс. відаў грыбоў, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, каля 500 відаў лішайнікаў і 450 мохападобных. Унікальнае багацце флоры ствараюць рэліктавыя расліны Беларусі: піхта белая, плюшч звычайны, гарлачык малы, вадзяны арэх, чыставуст каралеўскі, валжанка двухдомная, рададэндран жоўты, воўчая ягада, баравік, луннік ажываючы і інш.
Лясны фонд Беларусі складае 9,2 млн.га (44,5% тэр.), непасрэдна пад лесам занята 7,8 млн.га (38% тэр.). Агульны запас драўніны лясоў Беларусі ацэньваецца ў 1093,2 млн.м³. Сярэдні ўзрост дрэвастою 49 гадоў, спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% тэр.; запасы спелых насаджэнняў складаюць 137 млн.м5. Лугі займаюць 3,2 млн.га (15,4% зямельнага фонду). У натуральным стане знаходзіцца 1,7 млн.га балот (8,2% тэр. краіны).
Жывёльны свет Беларусі налічвае больш за 31 тыс. відаў. Фауна пазваночных прадстаўлена 466 відамі. У яе складзе 76 відаў млекакормячых з 6 атрадаў: насякомаедных — 11 відаў, рукакрылых — 17, драпежных — 15, зайцападобных — 2, грызуноў — 26, парнакапытных — 5 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — 309 відаў, з якіх 227 відаў гняздуюцца на Беларусі. Земнаводныя і паўзуны прадстаўлены 13 відамі амфібій і 7 відамі рэптылій. У складзе іхтыяфауны 58 відаў рыб і 3 віды міног. Беспазваночных жывёл у розных тыпах ландшафтаў зарэгістравана больш за 30 тыс. відаў, з іх найб. шматлікія — насякомыя, прадстаўнікі 26 атрадаў (каля 70% усіх відаў). Сучасны жывёльны свет сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннасці) пасля адступання ледавіковага покрыва каля 12—14 тыс.г. назад.
Прамысловае значэнне маюць 19 відаў млекакормячых (лось, дзік, казуля, алень, воўк, 2 віды зайцоў, андатра, бабёр і шэраг інш. відаў пушных звяроў), 30 відаў птушак (вадаплаўныя, глушэц, цецярук), 29 відаў рыб, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), 2 віды беспазваночных (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны).
Ахова прыроды на Беларусі праводзіцца шляхам стварэння сеткі запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і інш. Сусветную вядомасць мае нац. парк «Белавежская пушча», уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны. Шырока вядомы Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. паркі «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі». На Беларусі 97 заказнікаў рэсп. значэння, 337 помнікаў прыроды рэсп. значэння. У краіне ахоўваецца 104 віды пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Насельніцтва. Першыя сляды пранікнення чалавека на тэр. Беларусі адзначаны перыядам 100—35 тыс.г. назад. Поўнасцю заселена чалавекам тэр. краіны на працягу 12—9 тыс. гадоў назад. Працэс фарміравання бел. народнасці як моўнага тэрытарыяльнага, эканам. і культурнага згуртавання пачаўся ў 13—14 ст. і завяршыўся ў 15 ст. Развіццё этнасацыяльных, эканам. і цывілізацыйных працэсаў у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. прывяло да ператварэння бел. народнасці ў самастойную нацыю, якая актыўна ўдзельнічала ва ўсіх еўрап. падзеях апошняга стагоддзя.
Паводле перапісу 1999 колькасць насельніцтва Беларусі ў параўнанні з першым пасляваенным перапісам 1959 павялічылася на 25% і склала 10045,2 тыс. чалавек. Асновай росту колькасці насельніцтва Беларусі на працягу шматвяковай гісторыі з’яўляецца натуральны прырост. У сярэдзіне 20 ст. ён складаў каля 18 чалавек на 1000 насельніцтва пры сярэднегадавым узроўні нараджальнасці 24—25 чалавек на 1000 насельніцтва. Да сярэдзіны 1980-х г. пачалося зніжэнне ўзроўню натуральнага прыросту да 6—9 чалавек на 1000 насельніцтва пры нараджальнасці 13—16 чалавек на 1000 насельніцтва, што прывяло да паніжэння абсалютных памераў натуральнага прыросту насельніцтва з 146,2 тыс. чалавек у 1960 да 50 тыс. чалавек у 1989. У выніку запавольвання натуральных узнаўляльных працэсаў і крызісных з’яў на мяжы 1990-х г., выкліканых эканам. трансфармацыяй і экалагічнай катастрофай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, узнаўленне насельніцтва рэзка скарацілася, а ў 1994—2002 набыло выразныя рысы дэпапуляцыі. У 2002 колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных у 1,65 раза.
Сучасная дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі характарызуецца далейшым памяншэннем удзельнай вагі дзяцей і моладзі, павелічэннем долі пажылых людзей. У наш час кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Агульная колькасць працоўных рэсурсаў у 2003 складала 6,1 млн.чал. (62% ад усяго насельніцтва). Суадносіны насельніцтва паводле полу: мужчын 46,9%, жанчын 53,1%. У 2003 працягласць жыцця складала 68,5 года (62,7 года для мужчын, 74,7 года для жанчын).
Беларусь — урбанізаваная краіна, 71% насельніцтва жыве ў гар. паселішчах, у т. л. ў буйных гарадах (больш за 100 тыс.ж.) — 2/3 гар. насельніцтва, у Мінску — 1/4 (1,7 млн.ж.).
На 1.1.2004 насельніцтва Беларусі складала 9849,1 тыс. чалавек. Паводле перапісу 1999 81,2% жыхароў краіны склалі беларусы, 11,4% — рускія, 3,9% — палякі, 2,4% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 0,8% — астатнія нацыянальнасці (армяне, татары, цыганы, літоўцы, азербайджанцы, немцы, малдаване і інш.).
Прамысловасці належыць вядучая роля ў гаспадарцы Беларусі. У ёй ствараецца каля палавіны ўсяго нац. даходу, сканцэнтравана больш за 40% асноўных вытворчых фондаў, працуе 26% усіх занятых у эканоміцы; яна валодае магутным навук. і вытворчым патэнцыялам. У прамысловасці краіны дзейнічае 2,3 тыс. прадпрыемстваў (2003). Гал. галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка (21,8% аб’ёму ўсёй прамысл. прадукцыі, 2003), харчовая (17,2%), паліўна-энергетычная (24%), хім. і нафтахім. (12,1%), лёгкая (6,3%). Развіты лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая галіны (5,4%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (4,1%), чорная металургія (3,5%). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, металарэзных станкоў, электронных вылічальных машын, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэлевізараў, халадзільнікаў, матацыклаў, веласіпедаў, радыёпрыёмнікаў, гадзіннікаў і інш.; хімічная прамысловасць — на вытворчасці мінеральных угнаенняў, хім. валокнаў і нітак, пластмас, шын і інш.; лёгкая — на выпуску льняных, баваўняных і шарсцяных тканін, дываноў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра, абутку і інш.; прамысловасць будаўнічых матэрыялаў дае цэмент, азбестацэментныя, керамічныя і сан.-тэхн. вырабы, порыстыя запаўняльнікі, зборны жалезабетон і інш., усяго больш за 130 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў. Спецыялізацыю ў прамысловасці дапаўняе вытворчасць металічнага корду, мэблі, фанеры, запалак, шкла, хрусталю. Беларусь вырабляе 8% трактароў і 11% калійных угнаенняў ад іх сусветнай вытворчасці.
Сельская гаспадарка Беларусі дае каля 30% кошту сукупнага грамадскага прадукту. На Беларусі выкарыстоўваецца 8,9 млн.га сельскагаспадарчых зямель (43% тэр. краіны; 2003), у т. л. 5,5 млн.га ворнай зямлі. Большая частка сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўваецца мясц. прадпрыемствамі харчовай і лёгкай прамысловасці. У аграпрамысловым комплексе краіны ў 2003 было 2230 сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, якія валодалі 7,4 млн.га сельскагаспадарчых зямель, 2493 фермерскія гаспадаркі, якія апрацоўвалі 179,7 тыс.га сельскагаспадарчых зямель. У апошнія гады на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў з’явіліся новыя формы гаспадарання: асацыяцыі, акцыянерныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты, унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і інш. Значная доля ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (каля 35%) прыпадае на сялянскія гаспадаркі і садова-агародныя таварыствы, у якіх знаходзіцца 1,1 млн.га сельскагаспадарчых зямель. У 2003 у сельскагаспадарчых арганізацыях мелася 58,8 тыс. трактароў, 22,5 тыс. камбайнаў, 35,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытворчасці лёну, цукровых буракоў, бульбы. У структуры пасяўных плошчаў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у 2003 збожжавыя і зернебабовыя культуры склалі 41,5%, кармавыя — 43,2%, тэхнічныя — 4,0%, бульба і агародніна — 11,3%. Асноўныя збожжавыя культуры — жыта і ячмень (52 % пасеваў збожжавых), а таксама пшаніца, авёс, грэчка, кукуруза, проса. З зернебабовых вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Гал. тэхнічныя культуры — лён, цукровыя буракі, рапс. Вырошчваюць агароднінныя культуры (капуста, морква, сталовыя буракі. агуркі, памідоры, цыбуля, часнок), пладовыя і ягадныя (яблыня, сліва, вішня, груша, чарэшня, парэчкі, агрэст, маліны, суніцы) пераважна ў прыгарадных спецыялізаваных гаспадарках, а таксама ў сялянскіх гаспадарках і садова-агародных таварыствах. У 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак сабрана 5,4 млн.т збожжа, 8,6 млн.т бульбы, 1,9 млн.т цукровых буракоў, 2 млн.т агародніны, 478 тыс.т пладоў і ягад; ураджайнасць збожжавых склала 24,2 ц з га. Гал. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывёлы, а таксама свінагадоўля. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. У 2003 на Беларусі было 4 млн. галоў буйной рагатай жывёлы (у т. л. 1,7 млн. кароў), 3,3 млн. свіней, 25,1 млн. галоў птушкі; у разліку на 100 га сельскагаспадарчых зямель атрымана 98,8 ц мяса (у жывой вазе) і 527 ц малака. Аснова ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі ў краіне — буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі. У спецыялізаваных зверагаспадарках і на зверафермах гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый.
Густая сетка шляхоў зносін садзейнічае гасп. развіццю Беларусі. Вядучая роля ў трансп. сістэме належыць чыг. транспарту, на які прыпадае 80% грузаабароту і больш за палавіну пасажыраабароту краіны (без уліку транспарціроўкі нафты і газу па трубаправодах). Даўжыня чыгуначных ліній 5522 км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Найб. інтэнсіўны па перавозцы грузаў і пасажыраў участак транскантынентальнай еўразіяцкай магістралі граніца Расіі — Орша—Мінск—Брэст. Большасць грузаў і пасажыраў на кароткія і сярэднія адлегласці перавозіцца аўтамабільным транспартам. Працягласць аўтадарог агульнага карыстання 81,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 70,2 тыс.км (2003). Галоўная транзітная магістраль краіны — аўтадарога Брэст—Мінск—Масква — мае еўрап. статус. Па тэр. Беларусі праходзяць таксама аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст. У некаторых месцах краіны значную ролю адыгрывае рачны транспарт. Агульная працягласць эксплуатуемых суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца гал. чынам для міжнар. перавозак. З аэрапортаў Беларусі пракладзены авіялініі больш чым у 100 гарадоў СНД і краін далёкага замежжа. Трубаправодны транспарт служыць для транспарціроўкі нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу.
Асвета, навука, культура. Сістэма адукацыі Беларусі ўключае (2003/2004) дашкольнае выхаванне (4,2 тыс. ўстаноў, у іх 367,5 тыс. дзяцей), агульную сярэднюю і базавую адукацыю (4408 школ, 1,37 млн. дзяцей), прафесійна-тэхнічную (242 установы, 125,4 тыс. вучняў), сярэднюю спецыяльную (191 дзярж. і 13 недзярж. устаноў; адпаведна 145,5 тыс. і 16,8 тыс. студэнтаў) і вышэйшую адукацыю (43 дзярж. і 16 недзярж. ВНУ; адпаведна 279,2 тыс. і 58,6 тыс. студэнтаў), падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў (6 тыс. аспірантаў), павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. У апошнія дзесяцігоддзі пачалі дзейнічаць новыя віды навучальных устаноў — каледжы, гімназіі, ліцэі, вышэйшыя прафес. вучылішчы. На Беларусі рознымі формамі навучання ахоплены кожны чацвёрты жыхар, у сістэме адукацыі занята каля 300 тыс. спецыялістаў. Выкладчыцкую, навукова-даследчую і метадычную работу ў ВНУдзярж. формы ўласнасці вядуць 23,2 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 1144 маюць вучоную ступень доктара і больш за 7353 тыс. — кандыдата навук. У ліку дзярж.ВНУ Беларусі 28 універсітэтаў і 8 акадэмій. Вядучая ВНУ у нац. сістэме адукацыі — Беларускі дзярж. універсітэт.
У 2003 навук. даследаванні і распрацоўкі вяліся ў 168 н.-д., 38 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 32 навукова-даследчых падраздзяленнях, на прамысловых прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. Агульная колькасць навукоўцаў складала 30 тыс., у т. л. 783 дактароў навук і 3,4 тыс. кандыдатаў навук. Вышэйшай дзярж.навук. арганізацыяй Беларусі з’яўляецца Нац. акадэмія навук, дзе функцыянуюць 73 н.-д. ўстановы, 2 навукова-вытворчыя канцэрны і інш. арганізацыі і прадпрыемствы. Значных поспехаў бел. вучоныя дасягнулі ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, тэарэтычнай фізікі, матэматыкі, цеплафізікі і энергетыкі, геалогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі і грамадскіх навук.
Культурна-асветныя ўстановы Беларусі ўключаюць бібліятэкі, клубы, тэатры, музеі, кінатэатры. У 2003 у краіне было: 4,7 тыс. публічных бібліятэк (у іх фондзе 74,2 млн. выданняў); 4,2 тыс. клубных устаноў (пры іх дзейнічала каля 950 нар. самадзейных калектываў); 136 музеяў; 28 дзярж. і больш як 120 нар. тэатраў; 2,3 тыс. кінаўстановак, у т. л. 148 кінатэатраў. Працуе кінастудыя «Беларусьфільм».
Беларусь мае развітую выдавецкую сістэму. У 2003 працавалі 11 дзярж. выдавецтваў, 149 недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці розных форм уласнасці; выдадзена 9148 кніг і брашур агульным тыражом 48,4 млн.экз., у т. л. 857 выданняў на бел. мове агульным тыражом 3,4 млн.экз. Зарэгістравана 1209 перыядычных выданняў (322 на бел. мове), у т. л. 711 газет, 498 часопісаў і інш. выданняў агульным тыражом 597 млн.экз. (144,1 млн.экз. на бел. мове).
На тэр. Беларусі больш за 17,5 тыс. гісторыка-культурных помнікаў (2002), у іх ліку помнікі гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва.
Ахова здароўя. У 2003 на Беларусі функцыянавала 729 бальніц, 1918 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 70 рэсп. спецыялізаваных мед. цэнтраў, у т. л. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, трансплантацыі касцявога мозгу, кардыяхірургіі і інш. Працуюць 4 мед. ун-ты, 1 мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, 17 мед. вучылішчаў і каледжаў, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практычных цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У 2003 колькасць урачоў на 10 тыс. жыхароў склала 45,7, сярэдняга мед. персаналу — 118,8.
Фізкультурна-масавай рабоце і спорту на Беларусі аддаецца значная ўвага. У 2003 дзейнічала 24,1 тыс.спарт. збудаванняў, у т. л. 228 стадыёнаў умяшчальнасцю ад 1,5 тыс. месц і больш, 4,8 тыс.спарт. залаў, 238 плавальных басейнаў, 12 спарт. збудаванняў са штучным ільдом, 1,4 тыс. крытых стралковых ціраў. Існуе шырокая сетка спецыялізаваных навучальна-спарт.устаноў: 276 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (118 тыс. вучняў), 164 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву (51,1 тыс. вучняў), 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву (2,8 тыс. вучняў), 14 школ вышэйшага спарт. майстэрства. Спартсмены Беларусі паспяхова выступаюць на буйнейшых спаборніцтвах, імі заваяваны 71 залатая, 49 сярэбраных і 62 бронзавыя алімпійскія медалі.
У 2003 Беларусь падтрымлівала гандлёвыя адносіны больш як з 145 краінамі свету. Беларусь экспартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні, электронную тэхніку, хім. валокны і ніткі, тэкстыльныя, трыкатажныя і швейныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы. Экспарт такіх тавараў, як трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, шыны, матацыклы, халадзільнікі і інш., дасягае 80—90% ад іх вытворчасці. Тавараабарот Беларусі з краінамі СНД складае 62,7% усіх экспартна-імпартных патокаў, у т. л. з Расіяй — 58%; агульны тавараабарот з Германіяй, Украінай, Польшчай — 12,7% (2003). Каля 70% неабходных прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысловай прадукцыі рэалізуецца на іх рынках збыту.
Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 157 (на пач. 2004) краінамі свету; за мяжой мае 52 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 46 дзяржавах, у т. л. 44 пасольствы, 6 генеральных консульстваў і 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арганізацыях; функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь, маючы ўсю разнастайнасць прыродных умоў і рэсурсаў, багатую нац. гісторыю і культуру, шматгаліновы гаспадарчы комплекс, у складаны перыяд трансфармацыі сацыяльна-паліт. і эканам. сістэмы ў 1991—2001 аднавіла асноўныя параметры сацыяльна-эканам. развіцця да ўзроўню пачатку 1990-х г. У рамках Нац. стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусь рэалізуе імкненне да стабільнасці ў знешняй і ўнутранай палітыцы, устанаўлення сяброўскіх адносін з усімі краінамі, развіцця інтэграцыйных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах.ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс.км². Нас. 533,8 тыс.чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г.Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.
Прырода. Большая ч.тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 мвоз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.
Гісторыя. Найб.стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст.н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст.тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж.абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст. — Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав.сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз.Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр.грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз.абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.Ардзынбу.
Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.
Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец.навуч.устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-тГруз.тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн.экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.
Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.К.Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх.газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.Кагонія, Л.Квіцынія, К.Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.Цвіжбы, А.Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.Хашбы, П.Чкадуа, М.Папаскіры, А.Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.Лабахуа, Агумаа, Д.Дарсалія, С.Кучберыя, П.Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.Тарбы, М.Лакербая, А.Ласурыя, А.Джонуа, К.Ломія, К.Чачхалія, Г.Гублія, У.Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.Тарба, Гогуа, Ш.Чкадуа, Д.Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.Тапагуа, Г.Папаскіры; у крытыцы — у Ш.Інал-Іпы, Х.Бгажбы, М.Дзелбы, Ш.Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).
З найб.стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш.Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.Габелія, Х.Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.Іванба, Ю.Чкадуа і інш.), графіка (Т.Ампар, З.Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.Шэнгелая, В.Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.Ковач, К.Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.Шведаў, А.Чычба, Р.Гумба, М.Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.
Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.Гулія. З 1928 працаваў драм.т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх.драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх.нац.т-р (з 1967 імя С.Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.
Літ.:
Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;
Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;
Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ
Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.
СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.
Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.
Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.
Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.Гусоўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.
Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.Казакевіч і інш.
З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч.устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.Э.Жылібер.
У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.Дабшэвіч, С.Канарскі, І.Капіевіч, О.Крыгер, Я.Накцыяновіч, К.Нарбут, А.Скарульскі, І.Страйноўскі, І.Храптовіч, С.Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.Бадзянскага, З.Даленгі-Хадакоўскага, П.Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.Без-Карніловіч, І.Грыгаровіч, Т.Нарбут, лінгвісты С.Мікуцкі, І.Насовіч, этнограф П.Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.Падбярэскі. У 1860—90-я г.бел. этнас даследавалі М.Дзмітрыеў, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі, Ю.Крачкоўскі, І.Насовіч, М.Нікіфароўскі, А.Семянтоўскі, М.Янчук і інш.
У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г.навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.Бажанаў, Ю.Жабенка, С.Касовіч, А.Людагоўскі, А.Саветаў, І.Сцебут, Е.Фалькоў, І.Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.
У 2-й пал. 19 ст.навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.Баранецкі, І.Весялоўскі, Дз.Дубяга, Б.Дыбоўскі, В.Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.Наркевіч-Ёдка, Я.Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал.ін-т).
Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.Скарыны. Каля 1522.Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).
РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.
Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук.устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел.дзярж.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац.навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук.Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.П.Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас.АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.І.Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.Я.Вальфсон, Ц.М.Годнеў, Я.П.Громер, М.Б.Кроль, М.М.Нікольскі, В.І.Пераход, У.М.Перцаў, М.А.Прыляжаеў, Я.Е.Сіроцін інш.
У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.М.Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.Ф.Карскі, Я.Ю.Лёсік, І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), К.М.Міцкевіч (Я.Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж.н.-д. ўстанову пры СНКБССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.
Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.М.Афанасьеў, М.Ф.Бліадухо, С.Я.Вальфсон, С.М.Вышалескі, Г.І.Гарэцкі, М.О.Грэдзінгер, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), І.І.Замоцін, У.М.Ігнатоўскі, В.У.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), М.К.Малюшыцкі, С.Ю.Матулайціс, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, І.А.Пятровіч, Б.А.Тарашкевіч, А.Н.Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.П.Карпінскі, В.Р.Вільямс, Д.К.Забалотны, М.Я.Мар, С.Ф.Альдэнбург, М.М.Пакроўскі, М.А.Скрыпнік, П.А.Туткоўскі, М.І.Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.М.Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.І.Бялуга, С.М.Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.У.Ластоўскі.
У 1931 пастановай СНКБССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д.устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел.АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.
У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д.устаноў. На базе Бел.с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш.НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел.ін-тнар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел.політэхн.ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д.устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш.навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.А.Барысевіч, М.М.Паўлючэнка. А.Н.Сеўчанка, Ф.І.Фёдараў і інш.).
У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш.навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.
Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АНБССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Ц.Л.Бурстын, Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, В.У.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.Ю.Матулайціс, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, В.А.Сербента, І.З.Сурта, Б.А.Тарашкевіч, В.К.Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел.навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.
У гады Вял.Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНКСССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АНСССР, інш.НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.В.Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.В.Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.М.Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.Ф.Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.С.Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.М.Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.К.Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.Я.Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.
У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АНБССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АНСССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, зараз імя А.В.Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.І.Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМБССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АНБССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-тэксперым. батанікі, зараз імя В.Ф.Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).
У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.В.Горын (1931—36), І.З.Сурта (1936—37), К.В.Гораў (1938—47), А.Р.Жэбрак (1947), М.І.Грашчанкаў (1947—51), В.Ф.Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.М.Міцкевіч, І.С.Лупіновіч, К.К.Атраховіч, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, М.Ф.Ярмоленка, М.М.Нікольскі, А.Н.Сеўчанка, М.В.Турбін, В.П.Севярдэнка, І.А.Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АНБССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.І.Сцяпанаў, М.А.Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.М.Сірата, А.В.Лыкаў, М.П.Яругін, У.І.Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.А.Барысевіч (быў ім да 1987).
У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АНСССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АНБССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).
У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, М.А.Ельяшэвіч, У.А.Піліповіч, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў), матэматыкі (У.І.Крылоў, У.П.Платонаў, Дз.А.Супруненка, М.П.Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.К.Красін, А.В.Лыкаў, А.Р.Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.У.Хатылёва), геалогіі (Р.Г.Гарэцкі, А.С.Махнач), лінгвістыкі (М.В.Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.А.Ахрэм), грамадскіх навук (В.К.Бандарчык, К.П.Буслаў, М.І.Вядута, І.Я.Марчанка, Р.М.Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.
Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АНБССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦККПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).
У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д.устаноўрэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.М.Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі (1956), Бел.НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел.НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал.эксперым.ін-таўтамаб. прамысловасці (1960), Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел.н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел.ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет.н.-д. ін-та (1965) і інш.
Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст.навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал.ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал.ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел.НДІ аховы раслін (1971), Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-тспец.тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел.дзярж. праектна-тэхнал.ін-т (1975), Бел.НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел.НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал.ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д.ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-тмікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л.Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал.ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал.ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.
У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал.ін-т (1973), Наваполацкі політэхн.ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.Н.Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац.АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.
У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д.устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс.навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс.чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АНБССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦККПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.
З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».
У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІс.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.
С.М.Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).
ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ
Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.
Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АНБССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).
Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац.АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.
Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-ттэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.М.Сушчэня, у 1997 — А.П.Вайтовіч.
У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел.ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел.НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.С.Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.
У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац.АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.
Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац.АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.
У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац.АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.
У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац.АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.
Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.
Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.
Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.
Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.
Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.
Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.
На Нац.АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.
Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.
На 1.1.2004 у Нац.АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.
У складзе Нац.АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.У.Мясніковіч.
Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.
Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.
Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар.навук. арганізацыях, як Міжнар.навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.
З 1998 арганізацыі Нац.АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).
Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац.АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.
Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар.навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).
Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.
Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.
Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.А.Ахрэм (1975), М.А.Барысевіч (1977), У.Р.Барышэўскі (1979, 1988), Ф.І.Фёдараў (1980), В.І.Вацякоў (1986), Д.М.Гаркуноў, В.Я.Мацюшэнка, А.А.Палякоў і Г.П.Шпянькоў (1990), В.А.Лапіна (1991), В.В.Еўсцягнееў, У.М.Калешка, В.С.Пячкураў, В.С.Улашчык (1991).
Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.М.Шкурко (1948), П.І.Альсмік (1966), В.Ф.Купрэвіч (1969), М.П.Яругін (1969), А.Н.Сеўчанка (1971), П.У.Броўка (1972), Н.Д.Мухін (1973), Б.І.Сцяпанаў (1973), Т.В.Бірыч (1974), Я.І.Скурко (1974), К.К.Атраховіч (1975), Н.Н.Аляксандраў (1977), З.І.Азгур (1978), М.А.Барысевіч (1979), Т.Н.Кулакоўская (1979), Ф.І.Фёдараў (1979), І.П.Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.К.Красіну (1957), М.Я.Мацапуры (1962), Р.І.Салаухіну (1965), М.А.Ельяшэвічу (1966), Б.Л.Шапашніку (1976), У.П.Платонаву (1978), М.А.Барысевічу, В.В.Грузінскаму і В.А.Таўкачову (1980), Ю.В.Карніловічу і Г.Д.Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук.устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.
Літ.:
Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;
Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;
Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;
Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.
А.І.Лесніковіч, В.А.Гапоненка.
Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр.Брыль.А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая.Колас.
2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі].Самуйлёнак.Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр].Калачынскі.Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны.Алешка.
3.перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні.Дуброўскі.Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу.Гамолка.Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак.Асіпенка.Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат.Брыль.
4.Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі.Даніленка.У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі.Адамчык.
5.Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.
6.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог.Зарэцкі.
7.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка.«Беларусь».За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы.«Звязда».
8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі.Грамовіч.
9.Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.
10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.
11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́вязь, ‑і, ж.
1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі.// Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь.// Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі.Карпаў.
2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам.Шамякін.Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі.Палітыка.
3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам.«Звязда».«Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей.Г. Кісялёў.// Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі.Чорны.//толькімн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце.С. Александровіч.
4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі.Няхай.Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой.Брыль.Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася.Асіпенка.
5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.
6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі.// Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).
•••
Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.
У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.
У сувязізчым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча».Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч.устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм.т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук.устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.