Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеясловалічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марка́ль, морка́ль ’баран-вытворнік’, (зневаж.) ’чалавек, які гаворыць непрыемным хрыпатым голасам’ (Янк. 1, Некр.; хойн., рэч., Мат. Гом.; мазыр., лун., Шатал.; Ян.). Складае бел. паўд.-слав. ізалексу: серб.-харв. мр̏каљ ’казёл’, ’баран’, балг. мъркалец ’баран’; лексемы ўтвораны ад дзеяслова серб.-харв. мр́кати (се), мр̏кати, омркати ’спарвацца (пра козы, авечкі, рыбы)’, ст.-слав. мръкати ’тс’, ’бляяць’. Паводле Скока (2, 467), тут у наяўнасці першабытнае гукаперайманне, якое пазней стала пастухоўскім тэрмінам для выражэння coitus авечак і коз. Казлова (БЛ, 21, 59) адносіць лексему да прасл. mъrkalь ’баран’. Гл. таксама маркач. Сюды ж, відавочна, і прозвішча Мархель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́біржына ’вузкая дошка, што накладваецца на капылы паверх вязаў’ (смарг., Шатал.). Відаць, да бераг ’край’, параўн. іншую назву той жа дэталі — наберажня (гл.); дэфармацыя і дээтымалагізацыя можа быць звязана з уплывам дзеяслова тыпу літ. biržyti, сярод значэнняў якога сустракаецца і ’лупіць, біць, сцябаць’, што адпавядала б унутранай форме іншай назвы гэтай дэталі — на́плестка (ад пляскиць?), або назоўнікаў тыпу biržlis ’бярозавая галінка’ ці beržinė ’бярозавы дубец’, што можна разглядаць як іншую версію паходжання слова, бо першапачаткова названую дэталь у санях маглі рабіць са скручаных бярозавых дубцоў, параўн. намара‑ зень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наготкі ’расліна Calendula officinalis’, адз. л. наготка (міёр., Жыв. сл.; хойн., Пятк.), іншыя назвы: нагодкі, нагаткі́, ногцікі (гом., гродз., Кіс.), адз. л. нагадок (віл., Сл. ПЗБ), укр. нагідкі, рус. ноготки, польск. nogietki, nagietki, чэш. nehtíki. Памянш. да *nogъtь, гл. ногаць, з-за падабенства формы пладоў (Брукнер, 365; Махэк₂, 394), што, аднак, не можа вытлумачыць фармальныя змены, якія хутчэй за ўсё — вынік дээтымалагізацыі на глебе асобных славянскіх моў, параўн. тураў. наводка ’тс’, змененае пад уплывам дзеяслова наводзіць ’нараджаць’: «Часамі цельна худобіна хочэ звергаць, то напараць наводкі, даюць напіцца, то оно судзержыцца» (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пава́л1 ’дзеянне паводле значэння дзеяслова паваліць; тое, што павалена; павалены лес, буралом’ (ТСБМ, Яруш., Касп.), пава́ла (Шат.), пава́лка ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. валіць.

Пава́л2 ’столь’ (Сцяшк. Сл., Шатал.), ’гара на хаце’ (Шатал.), пава́ла ’столь’ (Тарн.), пова́л ’тс’ (Шушк., ДАБМ, 116). Запазычанне з польск. powała ’столь з бярвення’, на што паказвае геаграфія слова. Муж. род, відавочна, пад уплывам павал1. Польск. слова ад прасл. valiti (параўн. Брукнер, 599; Махэк, 676).

Пава́л3 ’эпідэмія, мор’ (Сцяшк.). З рус. пова́л ’эпідэмія, чума, мор’ (ср. повальная болезнь). Далей да вал, валіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пакле́ска ’палка для закручвання вяроўкі пры ўвязванні воза з дрывамі або бярвёнамі’ (Шат.), поклесо ’жэрдка, пры дапамозе якой змацоўваюцца гонкі ў плыце’ (ТС). Рус. смал. паклёскі ’крукі, дугі з бакоў саней’. Відаць, можна параўнаць са ст.-чэш. okleslek, дыял. oklešček ’кавалак дрэва, палка’, славен. pȏklest ’абчасаны бок паваленага дрэва’, чэш. prok- lesti ’прасячы дарогу’, klest, дыял. chlest ’хвораст, сучча’. Махэк (255) у якасці зыходнага дзеяслова ўзнаўляе klestati ’сячы’, роднаснага kresati (гл. крэсіва). У якасці паралелей ён прыводзіць літ. sklempiu, sklefhpti, sklembti ’тс’. Беларускія словы ўказваюць на *клесаць ’рубіць, сячы’, магчыма, гукапераймальнага характару (параўн. клешчы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паслу́га ’слугі’, ’дзеянне, учынак, якія прыносяць карысць, дапамогу каму-н.’, паслу́гі ’аплачваемая работа для задавальнення чыіх-небудзь патрэб’ (ТСБМ, Нік. Очерки; Нас.). Укр. послу́га ’паслуга’, ’слуга’, рус. послу́га ’паслуга, служба на каго-н.’, ’заслуга’, ’выкананне прыгонных работ, шарварак’, польск. posługa ’выкананне работы заказчыка, гаспадара’, posługi ’нясталая, часовая работа’, ’прыслуга’, чэш. posluha ’паслугі’, ’служанка’, ’пасыльны’, славац. posluha ’праца прыслугі’, серб.-харв. по̏слуга ’прыслуга, абслугоўваючы персанал’, ’абслугоўванне’, ’пракат’, макед. послуга ’абслугоўванне’, ’пракат’. Утворана ад дзеяслова poslužiti < služiti < sluga. Магчыма, самастойнае ўтварэнне ў паасобных славянскіх мовах. Сюды ж паслу́жка ’паслуга’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасту́х ’той, хто пасе статак’ (ТСБМ, Яруш., Юрч., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’статак’ (Юрч.). Укр., рус. пасту́х, польск. pastuch, чэш. pastuch(a) > балг. пастух ’пастух’; славен. pastúh ’каварны чалавек’; ’жарабец’, серб.-харв. па̀стух, макед. пастув, н.-луж. устар. pastuch ’тс’, ст.-слав. пастоухъ ’пастух, правадыр’. Прасл. pastuxъ утворана ад дзеяслова pasti ’пільнаваць, даглядаць скаціну на пашы’ і pasti ’coire (cum equa)’ пры дапамозе суфікса ‑uxъ, пашыранага экспрэсіўным якое паходзіць ад дзеясловаў на ‑tati, ‑ъtati, напрыклад, šepъtatiрус. шепту́ха (Слаўскі, SP, 1, 74). Мсцісл. пасту́х, пусту́х ’статак’ звязваецца са значэннем ’жарабец (як самец, правадыр статку)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыні́ць (прыні́ці) ’прымацоўваць паплёт паверх саломы’, пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ТС; лун., столін., ЛА, 4). Падаецца, што можна прапанаваць два шляхі ўтварэння дзеяслова. Найбольш верагодны — вытворны адсубстантыўны: ад назоўнікаў пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы, якія ў сваю чаргу утварыліся як размоўныя другасныя карэляты першасных пры́мі́ца, прамі́ца, параўн. асабліва прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’, гл. пры́міна. Другая магчымасць — семантычны перанос з адначасовым сцяжэннем ткацкага тэрміна прыні́ціць ’прывязаць кабылку ў ніце’ (брагін., Нар. сл.), прэфіксальнае да ні́ціць (гл.), у гэтым выпадку назоўнікі кшталту пры́ні́ца маюць аддзеяслоўнае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпра́віць ’пакласці прыправу; дадаць што-небудзь; прыладзіць, прымацаваць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’прыгатаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), прыпра́ўка ’прыробка; прыладжванне, прымацоўванне’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. прыправити ’падрыхтаваць, зрабіць’. Рус. приправля́ть, припра́вить ’дадаваць (у ежу)’; ’выконваць разнастайныя работы па гаспадарцы’; ’майстраваць, прыладжваць’, укр. припра́вити ’прымацаваць, прыладзіць’; ’прыправіць’, польск. przyprawić ’прыладзіць, прымацаваць; прыправіць ежу’, чэш. připraviti ’падрыхтаваць; уладкаваць’, славац. pripraviť ’тс’, серб.-харв. припра́вити, славен. pripraviti ’тс’, балг. припра́вям ’дадаваць (у ежу)’. Прыставачны дэрыват ад *praviti, гл. пра́віць1, г. зн. ’падрыхтоўваць як належыць’. Усходнеславянскія і польскія значэнні агульнаславянскага дзеяслова семантычна проціпастаўлены паўднёваславянскім і славацкаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)